Што за год такi?
- Пляваць я хацела на вашу вёску, - засмяялася Iрэна. - У горадзе з мая месяца памiдоры былi, а цяпер яны - капейкi каштуюць, купляй колькi хочаш! А вы iшачыце i ўсё лета без памiдораў, восень на дварэ, а памiдоры зялёныя! Якi толк з вашай вёскi? Вёска толькi атупляе людзей, развiццё затарможана, дзецi вашы, як дурныя, iм нiчога не цiкава!..
- А што толку з вашых гурткоў, экскурсiй? Вось я нiдзе не была, i не цягне! Вырасла, працую, цяпер замуж трэба. Вось каб такога, як твой Сцяпан, прыгожага!
- Дык ён жа п'е! - не пагадзiлася Iрэна.
- Во якая дурная! - здзiвiлася Гельтруда. - Гэта ж добра! Налiла яму - усю работу табе зробiць!
Гельтруда ўшчыпнула Iрэну за калена i подбежкам скiравала за стол, каб кульнуць чарку-другую.
...На небе роўным светам мiгалi зоркi. Iрэна апусцiлася на каленi i, пазiраючы ў неба, прашаптала:
- Божа! Ты пакараў мяне за грахi мае ў горадзе... Пакараў, скiнуўшы ў гэтае пекла. Ты праверыць хацеў, цi вытрымаю я, цi не зламлюся я, прыгажуня, якая так ганарылася сваiм целам, так пеставала яго, так марыла пра задавальненнi, каханне, прыгоды... Я зразумела ўсё. Ты адняў у мяне ўсё тое, што я мела ў горадзе, i я зразумела, што засталася без свайго цела з такою недасканалаю душою. Мне цяжка духоўна... Дапамажы мне выбрацца адсюль! Я хачу яшчэ раз вярнуцца ў горад, каб зразумець, наколькi цвёрдае маё рашэнне пайсцi тваiм шляхам, Госпадзi! Я не разумела Аленку, называла яе дзiвачкаю. Смяялася: "Як жа ты без мужчыны?" Цяпер трэба смяяцца з мяне... Дапамажы мне, Госпадзi, выстаяць, не зламацца тут, у гэтым пекле!..
Анатоль Хвашчэўскi пасля выхаду з бальнiцы незадаволены вярнуўся ў сваю кватэру. Куча вопраткi пасля чарговага паходу ажно засмярдзелася. Ён кiнуў яе ў ванну, а сам пачаў шнарыць у пошуках ежы. На стале ляжала заплесневелая скарынка хлеба. Адключаны халадзiльнiк быў пусты.
- Зараз! - раззлаваўся Анатоль. - Галя хоць бы баршчу якога зварыла! Дарэмна кiнуў яе, трэба жанiцца! Цяпер вось не жонка, а хвароба ў паход не пускае! Дэфармiруючы артроз, во зараза! Якi я цяпер хадок з такiмi нагамi?
Ён дастаў мазь i пачаў нацiраць суставы. Потым апрануў новы касцюм i падаўся да Галi ў iнтэрнат. Дзяўчына сустрэла яго сцiпла i ветлiва.
- Вось што! - уздыхнуўшы, прамовiў Анатоль. - Што было, тое сплыло! Пайшлi ў загс, Галя!
Дзяўчына замялася.
- Я толькi што развялася, - прамовiла яна. - З-за гэтага казла, Альберта, кар'еру страцiла. Цяпер другая замест мяне ў Польшчы працуе.
- Нiчога, - спачувальна сказаў Анатоль. - Са мною ўсё будзе добра. Будзем жыць у маёй кватэры. Будзеш чакаць мяне з паходаў. Мыць бялiзну, ежу рыхтаваць, усё цiха i спакойна будзе...
- Добра, - згадзiлася Галя. - Але я таксама буду наведваць турклуб i хадзiць у паходы!
Анатоль скрывiўся, але нiчога не адказаў. Яны выйшлi з iнтэрната i пакрочылi да загса. Па дарозе сустрэлiся з Мiколам. Ён iшоў побач з маладзенькаю дзяўчынаю, заклапочаны, пахмуры.
- Мiколка! Прывiтанне! - абняў яго Анатоль. - Як справы, можа, жэнiшся?
- Можа, - адказала за яго дзяўчына.
- Сцiхнi, Людка! - агрызнуўся на яе Мiкола. - Нарабiла спраў, цяпер мне вырашай iх!
- А што здарылася? - пацiкавiўся Анатоль. - Можа, я чым дапамагу?
- О! Точна! - загарэлiся вочы ў Мiколы. - Твая ж сястра ў судмедэкспертызе працуе! Трэба медыцынская дапамога!
- Яна ж санiтарка, - працягнуў Анатоль.
- Нiчога, - махнуў рукою Мiкола. - Папрасi яе, сябра, каб таблеткi ад цяжарнасцi дастала! Людцы трэба!
- Яна такiмi справамi не займаецца! - строга адказаў Анатоль. - Схадзiце лепш да доктара!
- Здрасьце! - пакрыўдзiўся Мiкола. - Я на тым тыднi Ларыску вадзiў, колькi грошай за аборт выклаў, а тут - зноў? Дзе я грошай набяруся?
- Дык жанiся на Людзе! - параiла Галя.