Пасля працы заспяшалася па крамах, каб парадаваць чым-небудзь смачным Альберта, калi сустрэла ў чарзе Антося. Худы, з вяснушкамi на носе, ён трымаў вялiкую сумку i разлiчваўся за хлеб. Галя хуценька скiравала за iм i дагнала на вулiцы.
- Эй, поп! Прывiтанне! - засмяялася яна. - Ты што, увесь час ходзiш у касцюме навучэнца семiнарыi? Вам нельга яго здымаць?
- Я - падрызнiк, - адказаў Антось. - Ад слова "рыза", разумееш? Гэта значыць, што на першым курсе даў зарок стаць манахам. Святаром-манахам, не жанiцца. А ты, мусiць, усё замуж у чарговы раз збiраешся? - засмяяўся ён.
- Вядома! - надзьмула вусны Галя. - А Анатоль да гэтага часу сабе дурнiцу не знайшоў, якая б згадзiлася сядзець дома i чакаць яго з паходаў! Я выходжу за Альберта, у нас будзе спартовая сям'я! Будзем хадзiць у паходы, на экскурсii ездзiць. У яго няшчаснае каханне, а са мною яму будзе добра i цiкава.
- Слухай, ты хадзiла ў паход, а так i не зразумела, што азначаюць кветкi Дарыны, аб чым перасцярагае мальва? Паглядзi на iх: яны раскрытыя, чырвоныя, гараць ажно. Гэта жар плоцi - ён падобны да пякельнага агню. Усярэдзiне кветачкi - бархатны салодкi язычок. Што ён азначае? Тое, што любяць людзi: смачненькае, прыемнае - задавальненнi цела: ежу, вопратку, секс. Што такое каханне? Гэта падман, якiм спакусiў д'ябал Адама i Еву ў Раi. Каханне - гэта плод тваiх фантазiй. А на самай справе яго прыдумала прырода для прадаўжэння роду людскога. На самай справе якiя дурнi згадзяцца iсцi жыць са сваёй сям'i ў чужую, да свякрухi, называць яе мамай? Жыць пад адным дахам з чужым табе чалавекам, дзяцей нараджаць?.. Бог у Раi задумаў для чалавека зусiм iншы шлях развiцця, але чалавек паддаўся на спакусу д'ябла. Каханне - гэта тое, што засцiлае вочы. Каханне прыносiць пакуты: бацька кiдае дзяцей, памятаеш, як у Вiшаньцы Зосьчын бацька збег да цёткi Светы? А колькi Аленка намучылася, кахаючы Мiколу? А колькi забойстваў на нiве кахання? Колькi войнаў? I што, гэта ўсё прыдумаў Бог? Не, Бог даў нам любоў боскую, любоў братэрскую... А ўсё астатняе - задума д'ябла. Хутка ты зразумееш, што Альберт твой нiшто, як нiшто i тваё выдуманае каханне. Сямейнае жыццё - гэта сумеснае вядзенне гаспадаркi, вось гэтыя твае торбы i ёсць тваё сямейнае жыццё, i яшчэ мыццё бялiзны i п'яны муж. I тады ты зразумееш, што страцiла важнейшае, на што магла патрацiць свае сiлы, на служэнне другiм людзям. Хрыстос сказаў: "Дзе мая мацi i дзе мае браты?" - Паказаўшы рукою вакол сябе, прадоўжыў: - Вось мацi мая, вось браты мае!" Не трэба замыкацца ў сваiх пачуццях, а трэба жыць для людзей. Вось я, напрыклад, хачу, як стану працаваць святаром, за кошт сваёй царквы пабудаваць дом для прастарэлых. Раней цэрквам належалi вялiкiя зямельныя надзелы, нейкiя пабудовы, а вось маёй царкве будзе належаць гэты дом для адзiнокiх старых. Там могуць працаваць манашкi, прыхаджане... А ты якую карысць будзеш прыносiць людзям? Якая карысць ад твайго замужжа? У свеце адна мiтусня. Каханне - мiраж, якое вымотвае i спустошвае душу. Здрады-спрэчкi сямейнага жыцця. Гэта ўсё прызямляе. А я хачу ўзнёсласцi, духоўнага жыцця...
Галя, выслухаўшы яго, пакруцiла пальцам каля скроняў.
- Фанатык ты! Нiчога ў жыццi не разумееш. I ў сексе, вiдаць, таксама! засмяялася яна. - Куранят па восенi лiчаць. Яшчэ паглядзiм, хто з нас локцi кусаць будзе!
I пайшла да свайго iнтэрната, дзе чакаў яе каханы...
III
Маруся пасадзiла дзяцей вакол сябе i пачала чытаць казку.
- Цёця, а вы мне дайце, калi ласка, дадому тыя нажнiцы, якiмi вы мне пазногцiкi абрэзалi! - папрасiла дзяўчынка ў выцвiлым камбiнезоне.
- У вас што, няма нажнiц? - здзiвiлася Маруся.
- Мы вельмi бедныя, - сказала старэйшая, гадоў дзесяцi. - У нас сям'я мнагадзетная.
- Iнуля, я ж табе ўчора аддала свой халацiк. Ён мне быў непатрэбны, растлумачыла Маруся. - А нажнiцы тваёй сястрычцы аддаць не магу, бо яны мне самой трэба.