- Нясi на кухню!
- Я табе не грузчык!
- Тады сакрэту не скажу! - загадкава ўсмiхнулася яна.
Мiкола паслухаўся. Калi вярнуўся з кухнi ў яе пакойчык, Наташа рыхтавала на стол. Побач, на ложку, сядзелi з цiкаўнымi тварамi яе сяброўкi.
- Агледзiны ўстроiла? - буркнуў Мiкола, але за стол сеў.
Сяброўкi прымасцiлiся ля яго. Ён падмiргнуў iм, калупнуў вiдэльцам сардэльку, адкусiў, пачаў умiнаць рыс з чырвонай падлiвай.
Наташа перамiгнулася з дзяўчатамi i пачала:
- Мiколачка, пайшлi з намi ў Дом мэблi! Трэба нешта купiць, а мы саромеемся. Мужчыне спрытней! На грошы i пайшлi!
- Вы што, прэзерватывы там купляць будзеце? - незадаволена падняўся з-за стала Мiкола. - Што там, у мэблевым, можа быць такое, чаго можна саромецца?
Дзяўчаты захiхiкалi i пацягнулi Мiколу на вулiцу.
...У салоне дзiцячай мэблi Наташа пашапталася з прадаўшчыцай, павiляла з таемнай усмешкай ля Мiколы i загадала яму iсцi ў касу выбiць чэк. Калi ён падышоў з чэкам да прадаўшчыцы, тая ветлiва падкацiла да яго дзiцячую каляску. Мiкола раздражнёна ўздыхнуў, моўчкi выкацiў каляску з салона i на вулiцы развiтаўся з дзяўчатамi, сказаўшы iм, што ў гэтым жарце няма нiчога смешнага.
Ля свайго iнтэрната сутыкнуўся з Аленкай.
- Заявiлася! - буркнуў сабе пад нос.
- Мiколачка, мне трэба табе сказаць нешта сур'ёзнае, - пачырванеўшы, мовiла Аленка.
- Што, табе таксама каляску купiць? - са злосцю кiнуў Мiкола.
- Мiколачка! - заззяла Аленка. - Як ты здагадаўся? Я такая шчаслiвая! Яна кiнулася яму на шыю. - Мне доктар сказаў, што нельга рабiць першы аборт, i вось ты не супраць нашага дзiцяцi... Дзякую! Я так кахаю цябе!
- Якiя кнiжныя словы! - узяўся за ручку дзвярэй Мiкола. - Яны не адгукаюцца ў маёй душы. Ну што мне рабiць, Аленка, каб пакахаць цябе, што?
- Давай пажэнiмся, а тады прывыкнеш, - папрасiла Аленка i дакранулася да ягонай рукi. - Можа, i каханне прыйдзе. Кажуць, калi ў сексе абаiм добра, то i ўсё будзе добра.
- А душа, Аленка? - узмалiўся Мiкола. -Зачараванне сексам пройдзе, а што рабiць душы потым, калi мы духоўна чужыя?..
- Навошта ж тады ты прыняў маё каханне?
- Я прыняў тваё цела, каб не загубiць адмовай у каханнi тваю душу.
- Ты ўжо яе загубiў! - заплакала Аленка.
- Мне трэба было цябе адхiлiць, так? - абняў ён дзяўчыну. - Каб адхiлiў, ты ўсё роўна пакутавала б. А цяпер хоць добры ўспамiн застанецца пра каханне. Не трэба табе цяпер дзiця, Аленка! - папрасiў Мiкола. - Удасканальвайся, рабi кар'еру. З тваiмi знешнiмi дадзенымi ты можаш дасягнуць многага, трэба толькi стаць трошкi камунiкабельнай, дзелавiтаю, смелаю. Ты - меланхолiк, саромеешся ў кампанii. А ведаеш, трэба проста ў кампанii звярнуць на сябе ўвагу, стаць у цэнтры ўвагi, паглядзiш, тады ўсё будзе добра i ўсё ў цябе атрымаецца. Ты наiўная, добрая, у цябе ёсць будучыня - ты станеш зоркаю. Паслухайся мяне, калi ласка!..
Мiкола закусiў вусны i моцна прыцiснуў дзяўчыну да сябе. Яна вырвалася i пабегла да аўтобуснага прыпынку.
- Ну, што ты стаiш самотная? - усмiхнулася чараўнiца Iлона. - Я твайго бацьку не адбiвала, сам прыйшоў да такога рашэння. Я марожанае заказала, зараз прынясуць, i "Фанты", любiш?
Iрэна згодна кiўнула i прысела за столiк.
- Я ведаю, што ён кахаў цябе, але пакiнуў, - з болем выгаварыла Iрэна.
- Пакiдаюць розных, а вяртаюцца да самых каханых, - удумлiва мовiла Iлона.
- Вiдаць, добрая была, што ад цябе пайшоў муж твой? - засмяялася Iрэна. Альбо выгнала?
- Настае дзень, калi быццам прачынаешся ад доўгага сну, - сур'ёзна мовiла Iлона, - i разумееш, што ляжыць ля цябе зусiм чужы чалавек. I робiцца страшна, што вось з гэтым чужым табе прыйдзецца жыць да старасцi...
- Iшла за роднага, а аказаўся чужым? - ухмыльнулася Iрэна.
- За незнаёмца iшла, - уздыхнула Iлона, - зусiм мала ведала яго, амаль дзве ночы.
- А бацьку майго ты за колькi начэй закахала ў сябе?
- Начэй у нас не было, - усмiхнулася Iлона.