Ведаеш, я нядаўна працую ў Жыткавiчах... Да гэтага ў вёсцы выкладала...
- Я з Менска, - удакладнiла тая. - Мы з Мiколам разам вучымся ў iнстытуце культуры. Мне проста яго шкада стала - ён пакутуе, кахае вас!.. А вы нават не здагадваецеся пра яго iснаванне!..
- Iнстытут культуры... - правяла пальцам па бровах Вольга. - Аленачка, калi ласка, растлумач! Як яго прозвiшча?
- Мiкола Гайда! - амаль раззлавалася Аленка.
- Гайда? - мовiла Вольга. - Так, так, я ведаю яго... Мы жылi ў адной вёсцы, у Вiшаньцы... Там яшчэ такi стары маёнтак ёсць i дзiўнае паданне пра Чорную здань... I пра князя Вiтаўта i Дарыну.
Вольга змоўкла i засяроджана круцiла ў руцэ кубак з кавай.
- Я ў гэтай вёсцы жыла з бабуляй, - з сумам прадоўжыла яна. - Бабуля не ўжылася з нявесткай, гэта значыць, з маёй мацi, i бацька купiў бабулi хату ў вёсцы Вiшанька. Ёй было сумна адной, i яна ўзяла мяне да сябе... Якiя шчаслiвыя гэта былi гады! - усмiхнулася яна, адкiнулася на спiнку крэсла. - Мы хадзiлi з бабуляй у царкву, што ля маёнтка, тады яна яшчэ працавала, я слухала, як на хорах спяваюць пеўчыя, i мне здавалася, што ўсё гэта мне толькi снiцца, бо нiдзе так добра мне не было, як там... Бабуля мая памерла, калi я скончыла школу. Хату нехта купiў. А я цяпер езджу ў вёску да мацi з бацькам, тая вёска мне не даспадобы... А вось Вiшанька!..
Вольга пазiрала некуды ўдалячынь задумлiвым позiркам.
- А пра Мiколу раскажыце! - папрасiла Аленка.
- Пра Мiколу? - узняла бровы Вольга. - Гэта быў маленькi свавольны хлопчык, неслух i ганарлiвец. Ён жыў са мною па суседству, вучыўся ў паралельным класе, але ён нiколi мне не падабаўся, дый сам нiколi не заляцаўся да мяне... Я раскажу табе пра другога хлопца, - таемным голасам мовiла Вольга. - Калi мне было чатырнаццаць гадоў i я вучылася ў восьмым класе, у мяне закахаўся вельмi "стары", як мне тады здавалася, хлопец. Ён ужо скончыў iнстытут i працаваў iнжынерам. Яму было дваццаць чатыры гады, i мне здавалася, гэта вельмi многа: аж на дзесяць гадоў старэйшы! I я адмовiла яму. - Вольга ўздыхнула, паправiла пояс на сукенцы. - Аленачка, якая я была дурная! Цяпер ён - паважаны чалавек у раёне, усяго трыццаць пяць гадоў яму, а ўжо вялiкi начальнiк, усё мае: i сям'ю, i дзяцей, i з жонкаю добра жыве. А чаго дабiлася я? Жыву на кватэры, атрымлiваю мiзэр, каханага няма... А iсцi за абы-каго не хачу!
Яна крыху памаўчала, а потым дадала:
- Не верце вы Мiколу наконт кахання да мяне. У яго ўжо такое аднойчы было. Ён - фантазёр! Неяк у школе таксама пiсаў палымяныя пакутныя вершы, а мы ўсе так зайздросцiлi той, каму ён пiша!.. Аказалася - ён стварыў сабе вобраз дзяўчыны, якую хацеў сустрэць, а iмя i твар "узяў напракат" у нашай прадаўшчыцы, што нейкi час працавала ў краме на практыцы! Рэальнага чалавека так кахаць немагчыма!..
Аленка расчаравана ўздыхнула.
- Кветкi я купiла сама, - усмiхнуўшыся, прашаптала яна. - Хацела пабачыць вас...
Вольга абняла яе i з тужлiваю ўсмешкаю прытулiла да сябе.
VI
Маруся Вайтовiч асцярожна прачынiла дзверы i зайшла ў кабiнет iнспектара па кадрах.
- Вы таксама з вышэйшай? - адразу запыталася пажылая, у строгiм дзелавым касцюме жанчына. - На станок, вучанiцай токара пойдзеце?
- Не! - адмовiлася Маруся. - Там шумна, бруд...
- Даражэнькая, - засмяялася iнспектар, - столькi iнжынераў скарацiлi! З рукамi-нагамi адрываюць любую працу, а вы носам круцiце! Вучанiцай маляра пойдзеце?
- Мазаiчнiцай! - папрасiлася Маруся. - Там хоць творчая работа...
- Трэба скончыць курсы...
- Згодна! - узрадавана ўсмiхнулася Маруся i пачала запаўняць картку.
Па-сапраўднаму шчаслiвая выбегла з кабiнета i сутыкнулася ў калiдоры з Дуброўскiм.
- I куды ж гэта так? - засмяяўся ён, прывiтаўшыся.
Калi даведаўся пра Марусiны справы, засмуцiў яе тым, што сказаў: мазаiчнiцаю цяжка куды ўладкавацца. I прапанаваў тэлефон адной фiрмы.