- Не разумею, чаму вы, усе вясковыя, такiя няверуючыя людзi? Мая сяброўка сказала ў вёсцы, што верыць у Бога, дык смяялiся, маўляў, што гэта за настаўнiца веруючая? Здаецца, вясковыя блiжэй да прыроды, павiнны любiць Бога, верыць у яго, а атрымлiваецца, што гарадскiя больш...
- Неадукаваны чалавек не зразумее Бога, не паверыць у яго, - цiха мовiў Антось. - Тупыя людзi гэта людзi, у якiх душа спiць. Яны ведаюць толькi гарэлку, секс i iншыя задавальненнi для свайго цела, а душа ў iх мёртвая. Вось i ў вёсцы думаюць толькi пра тое, каб працаваць, есцi...
- Ты мне вёску не ганьбi! - строга вымавiў Сцяпан. - Я хоць i ў горадзе вучыўся, хоць гэтыя вашыя культурныя звычкi набыў: "добры дзень", "калi ласка", - але калi прыеду дадому, стану такiм, як i быў! Усё гэта нiкчэмнасць - культура ваша! Што яна дае чалавеку? Я хачу быць самiм сабою!
- А я вось хачу паехаць у вёску, каб прывiць людзям культуру! - зазначыла Iрэна. - Без культуры нельга!
- Бяры з сабою Сцяпана! - засмяяўся Мiкола.
- Не, мы будзем з iм сварыцца, - адказала тая. - У нас розныя погляды на жыццё: я дбаю пра духоўнае, а ён пра матэрыяльнае.
Сцяпан засмяяўся, падышоў да Iрэны i пацалаваў яе ў шчаку.
- У вас жа цалавацца нельга! - усмiхнуўся Мiкола.
- Да вяселля можна! - выказаўся Сцяпан i пайшоў адчыняць дзверы. На парозе з'явiлася Галя: вясёлая, радасная, яна выгукнула са шчаслiвай усмешкай:
- Ура! Канец рабства! Я за Анатоля не iду замуж! Iду з вамi ў паход!
I вытрасла з сумкi цэлую кучу папер.
- Маршрутныя карты, меню на ўвесь паход! - выдыхнула, смеючыся. - А таксама - кнiжка-замалёўка для запiсаў прыгод у паходзе!
- Малайчына! - Антось падышоў да дзяўчыны i па-сяброўску абняў яе.
- Калi ласка, жанiх! - усмiхнулася Анатолю работнiца загса, - атрымайце квiтанцыю. Нявеста, запоўнiце, калi ласка, бланк. З правага боку - дадзеныя жанiха, з левага - нявесты!
Маруся ўспыхнула, зачырванелася.
Сеўшы за стол, Анатоль падсунуў пашпарты i бланк да Марусi.
Пакуль Маруся запiсвала дадзеныя Анатолевага пашпарта, той уважлiва разглядваў старонкi пашпарта дзяўчыны. Раптам падскочыў, бы яго пчала ўкусiла, нават войкнуў. Маруся перастала пiсаць. Запытальна паглядзела на яго.
- Э! Так справа не пойдзе! - матнуў Анатоль галавою. - Групы крывi ў нас розныя...
Памаўчаў. Потым узяў бланкi i паклаў сабе ў кiшэню.
- Пайшлi! - строга вымавiў Анатоль. - Дрэнь справа! Сястра мне гаварыла, калi розныя групы крывi - дзецi будуць дурныя. Трэба патэлефанаваць ёй, параiцца!
- Дзе твая сястра працуе? - з насмешкай спытала Маруся. - Дзе яна такiх глупстваў набралася?
- Ты мне Святлану не ганьбi! - раззлаваўся Анатоль. - Яна разумнейшая за любога доктара ў бальнiцы, хоць i санiтаркаю працуе!..
Вусны Марусi скрывiлiся ва ўсмешцы, вялiкiя чорныя вочы глядзелi на хлопца з такiм здзiўленнем, быццам бачылi яго ўпершыню...
Галя з асалодаю ўслухоўвалася ў словы вершаў, якiя чытаў Мiкола. Пяшчота i горыч напаўнялi iх, бясконцая туга па каханай, якая так далёка ад яго...
- Каму ён прысвяцiў гэтыя вершы? - заклапочана шапнула Галi на вуха Аленка.
- Нейкай Вользе, што ў Жыткавiчах жыве. Настаўнiцай працуе...
Тугi камяк падкацiў пад сэрца. Аленка адчула, што вось-вось расплачацца. Успомнiла пяшчотныя словы Мiколы, якiя ён гаварыў ёй уначы, але так нiколi i не сказаў ёй "кахаю"...
- Байкавыя касцюмы не браць - хутка намакаюць i доўга сохнуць! - раздаўся зычны голас Антося, абудзiў Аленку ад горкiх думак. - Калготкi таксама не браць, чуеце, дзяўчаты? - засмяяўся хлопец. - Штаны, шкарпэткi... Адносна заплечнiкаў - абалакаўскi альбо яраўскi. Тэхнiка бяспекi: iдзём праз лясныя завалы - не скачам, дрэвы за ствалы не чапаем - у падгнiлых дрэваў яны не крэпкiя, кара гнiлая... За заплечнiк нiчога не чапляем, з кiшэняў нiчога не тырчыць...
- У паход выступаем пасля выпускнога, у пачатку лiпеня, - прамовiў Мiкола, згортваючы карту. - Работу з вяроўкамi, вязанне вузлоў пройдзем у наступны раз. Цяпер - усiм зранку бегаць, хадзiць на трэнiроўкi, у басейн, каб потым на маршруце не памiраць! Паўторым арыентаванне на мясцовасцi...