- Што ж, дзякую за танец!
I правёў яе на месца.
У гэты час з'явiўся Мiкола. Ён увайшоў з марозу, расчырванелы, у расшпiленым кажуху. Хлопцы абступiлi яго. Мiкола гучна i весела вiтаўся з iмi, пацiскаючы рукi. Але танцы скончылiся, моладзь пачала выходзiць з клуба, i Аленка настойлiва чакала, калi Мiкола заўважыць яе, падыдзе. Той стаяў на ганку i палiў з хлопцамi.
Да Галi падышоў Анатоль, кiрпаты, сярэдняга росту хлопец, вузкi ў плячах, з акуратнай бародкай, якую заўсёды адрошчваў на зiму, "каб холадна не было", смяяўся на пытаннi дзяўчат, - гадоў на пяць старэйшы за Галю, з прыкметнаю ўжо лысiнкаю на галаве. Усмiхнуўся i выцягнуў з-за пазухi маленькую кветачку.
- Ой, цюльпанчык! - ускрыкнула Аленка. - Жывы! Малайчына, Анатоль!
- Я з-за гэтага цюльпанчыка на электрычку спазнiўся, - усмiхнуўся хлопец. - Але нiчога, пазнаёмлюся з Галiнымi бацькамi цяпер ужо ў Новым годзе! Стары год правёў у электрычцы...
Галя абняла сябра i чмокнула ў шчаку, узяла кветачку, прыцiснулася да яе вуснамi.
- Пайшлi да маiх, - шапнула Анатолю, - а то, мусiць, ужо спаць леглi, як-нiяк, а тры гадзiны ночы... Аленка, пайшлi разам! - звярнулася да сяброўкi.
- Не, - адмоўна махнула галавою Аленка. - Я тут застануся, на ганку... Мiколу пачакаю... Чула, быццам ён сюды вернецца з гiтараю, хлопцам так сказаў. Бач, пабег ужо...
- Ну, глядзi сама, - адказала Галя i, абняўшыся з Анатолем, збегла па прыступках.
... Снег вялiкiмi камякамi заляпiў каўнер зялёнага палiто. Пальцы мерзлi ў рукавiчках. Аленка адсунула рукаў, глянула на гадзiннiк - палова пятай. На дзвярах клуба чарнеў вялiкi халодны замок. У святле лiхтара, як мухi, кружылiся сняжынкi. Ад высокiх старых дрэў аддзялiўся цень. Аленка здрыганулася. Нехта ў доўгiм палiто накiроўваўся да яе.
- А я, як нi пагляджу ў акно - усё вы стаiце, - падаў мужчына голас i запынiўся ля нiжнiх прыступак ганка. - Вiдаць, праз стары маёнтак iсцi баiцеся?
Ён павярнуўся, i святло лiхтара ўпала на ягоны твар. "Божа, гэта ж зноў той самы мужчына! - з непрыяззю падумала Аленка. - Цыган стары!"
- Давайце знаёмiцца, - прапанаваў ён. - Мяне завуць Вайдаш Дуброўскi, iнжынер "Менскбудпраекта". Унук дзеда Ўладыморыка, ведаеце яго?
- Не, - суха адказала Аленка. - Я менчанка. Студэнтка iнстытута культуры. Аленай зваць...
- Мы амаль землякi, - усмiхнуўся Вайдаш. - У мяне ў Менску кватэра... Спускайцеся ўнiз! - працягнуў ёй руку ў чорнай скураной пальчатцы. - Цi чакаеце каго?
Аленка не адказала.
- Ён не варты гэтага! - засмяяўся Дуброўскi. - Хоць i не падыходжу я вам па ўзросту, але гатовы правесцi да хаты, бо Чорная здань, мусiць, i сапраўды iснуе - шмат хто бачыць яе ля маёнтка... Вось i вас, здаецца, закранула яна...
- Што? - у Аленкi пахаладзела спiна. - Якая здань?
Але з прыступак сышла.
- Гэта даўняе паданне, - мовiў Дуброўскi, калi яны скiравалi ў бок маёнтка, - з часоў князя Вiтаўта. На гэтым месцы праклён iснуе. Калi Чорная здань дакранаецца да чалавека - ён робiцца сляпым духоўна... Ён любiць толькi цела... i гiне ў сляпым каханнi... Першай ахвярай Чорнай зданi стала Дарына, нарачоная князя Вiтаўта. Але i да гэтага часу з'яўляецца здань людзям, бо не ведаюць яны, у чым яе смерць...
- Ой, раскажыце, калi ласка! - устрапянулася Аленка, узрадаваная тым, што можа распавесцi Мiколу нешта таемнае, аб чым, магчыма, i ён не ведае... Зацiкавiць яго, спадабацца яму, а там, глядзiш, i ў паход возьме!..
- Недалёка ад панскага маёнтка, недзе ў лесе, - уздыхнуўшы, павольна пачаў аповяд Вайдаш, - знаходзiцца мур на месцы былога маёнтка Дарыны, якi пабудаваў для яе князь Вiтаўт, дараваўшы здраду яе... У лабiрынтах падзямелля iснуе, паводле падання, Блакiтны пакойчык, у якiм ляжыць прыгожы жалезны кубак з накрыўкай. Хто адкрые яго - знiшчыць здань...
...Руiны старога маёнтка чарнелi пад шапкаю снегу. Халодныя сняжынкi сыпалi ў твар.