Джеймс Олдридж - Паляыничы (на белорусском языке) стр 33.

Шрифт
Фон

У мiнулым годзе, перад самым ледаставам, ён паспрачаўся з Самсонам на пяцьдзесят даляраў, што той не пераплыве возера. Самсон пераплыў, але пасля гэтага ледзьве выжыў. Зараз Рой падбухторваў Самсона на забаву яшчэ больш смяхотную i небяспечную, i Скоцi чакаў бяды.

- Калi вы, сябры, надумалi стаць мiльянерамi, - сказаў ён, - чаму б вам не абрабаваць банк? Гэта не больш рызыкоўна, чым паляваць у заказнiку.

- Ды нiхто цябе там i не ўбачыць, у заказнiку, - сказаў Мэрэй.

- Вельмi нават проста! - заявiў Рой.

- А яшчэ прасцей папасцiся, - папярэдзiў Скоцi.

- Яго прападобнасць, айцец Скоцi Малькольм, - сказаў Рой. - Чаго, уласна, ты баiшся? Iнспектара?

- Нiчога я не баюся, i iнспектара таксама, - сказаў Скоцi. - Вам, сябры, проста не церпiцца парушыць закон. Толькi i чакаеце выпадку. А як жа можна без закону? Чым была б без яго наша краiна?

- Менавiта тым, чым з'яўляецца i зараз, - адказаў за ўсiх Рой.

- Трэба ж ва ўсiм адрознiваць дабро i лiха, - настойваў Скоцi.

- Тады гэта лiха, - сказаў Рой. - Пойдзем, Самсон?

На барадатым твары Самсона было выразна бачна, як яму цяжка ўстрымацца супраць адкрытай каверзы.

- Скоцi? - усклiкнуў ён. - Што ты на гаты конт думаеш?

- Не, вы ўжо без мяне!

Самсон пацiснуў плячыма, i гэта было дастаткова выразным адмаўленнем, але Рой ужо не мог стрымацца i прыставаў да Скоцi аж да той пары, пакуль Мэрэю гэта не надакучыла.

- Ладна, адзiн або ўсе, - сказаў ён. - Але толькi кожны са сваiмi пасткамi.

Скоцi адчуў, што, бадай, перайшоў мяжу са сваiмi павучаннямi, ён пакалупаўся ў брызентавым мяху i дастаў бутэльку гарэлкi.

- Мара звералова, - сказаў ён Рою. - Пачынай!

- За вашу прападобнасць! - усклiкнуў Рой i адразу ж прыклаўся да бутэлькi, быццам чалавек, якi памiраў ад смагi.

Да гэтай пары Рой несур'ёзна адносiўся да прапановы Мэрэя паляваць у заказнiку. Разыгрываў на гэты конт ён i Самсона. Але ў душы ён ведаў, што заводзiць Самсона таму, што сам заведзены Мэрэем, паддражнiвае Самсона рызыкоўнай iдэяй таму, што яна i самога яго зачапiла за жывое. Заўсёдная гiсторыя. Даўнiшнi выклiк Самсону пераплысцi возера ўзнiк з насмешлiвай заўвагi Самсона, нiбыта Рой старэе. Ён перакiнуў насмешку на самога Самсона, i так атрымалася, што замест саракатрохгадовага мужчыны цераз возера паплыў малады дваццацiсямiгадовы чалавек. На гэты раз Роя выратавала тое, што Самсон ледзь вытрымаў гэтае выпрабаванне, i Рой з задавальненнем пераканаўся, што маладыя целы могуць быць менш вынослiвыя, чым тыя, што старэюць. Але зараз Мэрэй прапаноўваў сур'ёзна, i Рою даводзiлася аднаму змагацца са спакусай i самастойна рабiць выбар.

- Даўжыня таго возера каля дзесяцi мiль, - расказваў Мэрэй, пакуль усе чацвёра дапiвалi гарэлку. - З усiх бакоў у яго ўпадаюць рэчкi, i на кожнай бабровыя плацiны, так што ўсё навокал забалочана. На ўсiх запрудах, вiдаць, не менш трохсот бабровых хатак. А гэта значыць, не менш дзевяцiсот дарослых баброў. Так, Рой?

- А чаму ж нiхто iх там не ахоўвае? - спытаў Рой.

- Не ведаю, - сказаў Мэрэй, - але ўжо больш як пяць гадоў туды нiводзiн абходчык i носу не паказваў. Нам трэба толькi перакiнуць туды адзiн з тваiх чаўноў яшчэ да марозаў, тады можна будзе аблоўлiваць адну рэчку за другой. I ўся гэта першагатунковая пушнiна на адным пятачку!

Адзiн з чоўнаў Роя! Мэрэй патрабаваў шмат i ведаў гэта, як ведалi i Рой, i Самсон, i Скоцi. Але Мэрэй умеў прасiць, ён не лiчыўся з тым, пра што просiць, умеў прасiць з мiмаходнай абыякавасцю. Рой ухiлiўся ад прамога адказу.

- А скуль ты ведаеш, што абходчыкi туды не зазiраюць? - спытаў у Мэрэя Скоцi.

- Яны заўсёды пакiдаюць свае сляды, - сказаў Мэрэй. - Забiваюць слупы, пазначаюць дрэвы, дарогу. А вакол гэтага возера нiякiх слядоў альбо адзнак няма; я там усё аблазiў. Ва ўсякiм выпадку, да блiжэйшага кардона там не менш як трыста мiль, i гэта на самай ускраiне заказнiка.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора