У рэшце рэшт апошняе слова засталося за Роем, бо яму заўсёды ўдавалася атрымлiваць сама высокую цану за пушнiну, хоць гэта на самай справе было вынiкам больш якаснай апрацоўкi скуркi, значна больш якаснай, чым у каго-небудзь у Муск-о-гi. Але i гэта не спыняла спрэчкi, i яны доўга яшчэ пярэчылi адзiн аднаму. Усе, акрамя Мэрэя. Ён не праяўляў нiякай цiкавасцi да розных спосабаў разбiрання пацукоў. Здзiраеш з пацука скурку... Ну, i здзiрай... Вось i ўсё!
- Янот, - сказаў Скоцi, - ведаў, што рабiў. Няма ў лесе лепшага звера, чым янот, - працягваў Скоцi. - I больш ахайнага, чым ён. Якi звер, акрамя яго, перш чым з'есцi мяса, памые яго ў вадзе?
- I як толькi ён яго не падсмажвае? - насмешлiва зазначыў Рой.
- Ну, але гэтае, ва ўсякiм разе, падсмажана, - сказаў Мэрэй пра свае бiфштэксы з аленя. - Давайце талеркi.
Яны елi, седзячы на сасновай лаўцы ля стала, прыбiтага да сцяны. Як i ўсё ў хацiне, стол быў самаробны, але не крывы i моцны. Рой майстраваў яго на гады. Ён збудаваў хацiну так моцна, што Самсон запэўнiваў, што гэта ён сам сабе змайстраваў труну. Але для хацiны яна была занадта вялiкая - дваццаць футаў на васемнаццаць, i без адзiнай шчылiны. Акрамя стала тут было два ложкi, галава да галавы, у адным канцы ля дзвярэй маленькi столiк з умывальным тазам, кладоўка, ля акна скрыня з дабром Роя i невялiкая жалезная печка. Усё было змайстравана грунтоўна: падлога моцная, з бярвення, без перакосаў i прагiбаў, страха з толю, чатыры акны. У адным кутку да самай страхi былi складзены бярозавыя цуркi, i Рой, на хвiлiну адарваўшыся ад яды, падкiнуў некалькi цурак у печку.
Стала горача, Самсон ускочыў i адчынiў дзверы.
- Тут задыхнешся з табой, - закрычаў ён.
- Снегавiк Самсон! - паскардзiўся Рой. - Ты калi-небудзь замерзнеш. Хутчэй за ўсё, у сваёй хацiне.
У супрацьлегласць хацiне Роя, у Самсона была хiлая хiбара, уся на скразняках. Самсон знарок трымаў яе ў запусценнi. Скоцi, якi жыў разам з iм, казаў, што зiмой у ёй зусiм невыносна, але Скоцi нiколi не скардзiўся, бо згодна з яго перакананнямi, ён мусiў улiчваць правы iншага. Яны абое пакутвалi ад гэтага, але Рой ведаў, што абое задаволены тым, як i чаму пакутуюць.
- Як гэта ты не задыхнуўся ў сваiм танку на фронце? - сказаў Рой Самсону. - Ты, вiдаць, свiдраваў дзiрачкi ў бранi, каб дыхаць свежым паветрам.
- Калi станавiлася горача, - сказаў Скоцi, - ён выскокваў i бег побач.
Франтавыя справы былi тым адзiным, чым Скоцi i Самсон дражнiлi адзiн аднаго. Яны разам пайшлi на фронт i служылi на адным танку, гэтаксама як i зараз жылi ў адной хацiне. Яны ваявалi ля Арнгема, вызвалялi Данiю, перапраўлялiся цераз Рэйн, а пасля вярнулiся дамоў, занялiся паляваннем; адзiн яшчэ больш загрубелы, другi з iдэямi. Мiж сабой яны захоўвалi мiр тым, што нiколi не спрачалiся, хоць Рой за апошнiя два гады шмат разоў спрабаваў справакаваць iх. Адзiн да аднаго яны адносiлiся з павагай, нават калi спрачалiся пра ваенныя справы, у iхнiх перапалках не было з'едлiвасцi, зусiм не было.
- Ведаеш, я ўжо амаль дабудаваў хацiну ў заказнiку, - спакойна заявiў Мэрэй, пакiнуўшы сваю валавяную талерку i абапёршыся на стол.
- Табе лепш было б не расказваць пра гэта ў прысутнасцi такiх законапаслухмяных грамадзян, - зазначыў Рой, налiваючы ўсiм па вялiкаму кубку кавы.
- А я думаў усiх вас запрасiць туды з сабой, - сказаў Мэрэй.
- Зел ужо запрашаў мяне, - азваўся Рой.
- А як вы? - спытаўся Мэрэй у астатнiх.
- А там норка водзiцца? - спытаў Самсон.
- Што толькi там не водзiцца, - адказаў Мэрэй. - Усяго на ўсiх хопiць. Там можна налавiць столькi, што хопiць на шмат гадоў наперад, асаблiва бабра. Нiдзе не бачыў гэтулькi бабровых хатак, Рой.
- Дык як, Самсон? - спытаў Рой. - Пойдзеш туды?
- А ты? - спытаў Самсон.
- Мо i пайду, - падахвоцiў яго Рой. - Асаблiва калi пойдзеш ты.
Скоцi ведаў, што Рой можа справакаваць Самсона на любую, нават сама безразважлiвую справу.