Гэта была вялiкая беланогая палёўка, iншыя ж былi звычайныя шэрыя хатнiя мышы i адзiн пацук, на якога Скоцi доўга паляваў, выганяючы бярозавым паленам з усiх куткоў, i нарэшце забiў, калi той кiнуўся ў адчыненыя дзверы.
- Навошта ты яго забiў? - спытаў Рой.
- Заўсёды забiваю пацукоў, - сказаў Скоцi. - Ненавiджу гэтых гадзiн!
- А чым яны больш гiдкiя за мышэй? Забiваеш адных, забiвай усiх!
- Не, пацукоў я не пераношу, - адказаў Скоцi.
Рой не спрачаўся. Iншым часам ён прымусiў бы яго яшчэ раз выкласцi свае тэорыi пра дабро i зло ў свеце жывёл. Але Рой ужо забыўся пра Скоцi. Аглядваючы хацiну, ён адчуваў, што час i жыццё бягуць надта хутка. Яшчэ параўнальна нядаўна гэтая хацiна ў глыбiнi лесу жыла паўнакроўным жыццём - i здавалася, што гэта будзе доўжыцца бясконца. Зараз яна была занядбана i амаль што разбурана. Яшчэ крыху - i пазы разыдуцца, страха правалiцца, бярвеннi патрэскаюцца, падлога прагнiе i ўся пабудова развалiцца. Пакуль што яна выглядала моцнай, але Рой ведаў, што яна асуджана. Гэта было своеасаблiвым напамiнкам, што лес можа праглынуць усё - чалавека, хацiну, увесь пасёлак Сент-Элен. Рой падумаў, што нават не лес разбурае справы рук чалавечых, а само жыццё апераджае iх. Рой не мог бы вызначыць гэта больш дакладна, але часам у яго ўзнiкала думка, што ў гэтым вiнаваты чалавек, што прырода заўсёды будзе перамагаць людзей, калi людзi не справяцца з прыродай яе ж зброяй. Ён цвёрда верыў у перамогу чалавека над прыродай, але гэтая хацiна была доказам, што ён часткова пераможаны, што звер сышоў ад яго сваiм шляхам, на поўнач, i што хутка яму давядзецца iсцi туды таксама. Гэта было правобразам таго, што чакае i Сент-Элен, калi голы гранiт i бясплодная зямля перамогуць Сэма i фермера Джэка.
- Пайшлi адсюль, - сказаў ён Скоцi. - Лепш перакусiм на паветры.
Яны замкнулi дзверы хацiны i расклалi цяпельца ля самага возера.
Гэтая паласа вады была для Роя сапраўдным домам. Ён любiў плысцi па ёй i назiраць, як яна рассоўваецца перад iм у шырокае палатно возера, як растуць высокiя скалы, а затым становяцца нiжэйшымi i знiкаюць, схаваныя густымi зараснiкамi пiхты, елак i соснаў. Менавiта тут ён зноў пачынаў асаблiва востра адчуваць лес. Для яго гэтае возера было пачаткам бязлюднага краю, якi распасцёрся неабжыты i некрануты да самага залiва Гудзона. Тое, што на карце памiж возерам i Арктыкай былi пазначаны паселiшчы i гарады, не мела значэння. Гэта былi вялiкiя канадскiя лясы, i чым вышэй Рой уздымаўся па возеры Т, тым шчыльней яны абступалi яго. Калi дождж сцiх i неба пасвятлела, перад iм узнiклi знаёмыя скалы, дрэвы i хрыбты. Яны так выразна адбiлiся ў яго галаве, што ён нават не ўсведамляў, што бачыць iх, i ўсё адно кожны раз знаходзiў нешта новае, асаблiва калi вяртаўся з Сент-Элена.
- Ты прыкмецiў, што сасна i елка абганяюць бярозу, - сказаў ён Скоцi.
Яна знаходзiлiся на памежжы асновы i перакладзiны лiтары Т. Насупраць iх, за сама шырокiм плёсам, быў круты схiл хрыбта, якi цягнуўся па самым беразе на тры-чатыры мiлi. Яны добра бачылi лес па ўсiм схiле, лес, спаласаваны раз'юшанасцю лесаруба i агню.
Гэта быў маладняк на высечках, найбольш густыя зараснiкi моцнай бярозкi, ужо аголенай блiзкай зiмой. Бярозы ярка бялелi на фоне чорнай зямлi, скал, што прыпiралi iх да схiла. Але якiм частым нi быў узор бяроз, цёмна-зялёныя верхавiны пiхты i елкi станавiлiся ўсё больш шматлiкiмi. У барацьбе за сонца памiж маладымi бярозкамi i хваёвымi дрэўцамi марудлiвыя ў росце хваёвыя ў рэшце рэшт бралi верх. Рой ведаў, што яны перамогуць бярозу. Хутка ўся акруга зноў стане хваёвым лесам, калi толькi апантаныя лесарубы альбо шалёныя пажары не знiшчаць увесь хваёвы маладняк.
- А што я табе заўсёды кажу, Рой, - прамовiў Скоцi. - У лесе ўсё мяняецца. Тое, што часова знiкае, пазней вяртаецца зноў. Звер таксама вернецца, як i гэтыя пiхты.
Рой задзёр галаву i засмяяўся.
- З цябе атрымаўся б добры святар, Скоцi.