Джеймс Олдридж - Паляыничы (на белорусском языке) стр 28.

Шрифт
Фон

- Звер прыходзiць i сыходзiць, - дадаў ён.

- Ён сыходзiць, сыходзiць i сышоў ужо! - сказаў Рой. - Ва ўсякiм разе адсюль ён сышоў.

- А ты на сябе проста дурноту напускаеш, - сказаў Скоцi, i ад моцнага ўдару вясла нос чоўна так нырнуў у ваду, што Рою давялося двойчы спрацаваць вяслом, каб яго выраўнаваць. - Ты гэтулькi гадоў даказваеш, што ўчастак пусты, але кожны раз нейкiм чынам спраўляешся. Пушнiны становiцца меней i дзiчыны таксама, але гэтую справу можна паправiць. Так бывала заўсёды.

- А зараз не тое. З кожным годам звер адыходзiць усё далей на поўнач.

Ад дажджу вада стала нiбыта мёртвая, i нос чоўна лёгка рэзаў яе падатлiвую паверхню. Хоць час наблiжаўся да поўдня, бачнасць праз дождж была дрэнная.

- Сыходзiць на поўнач, - паўтарыў Скоцi. - Усе вы зацыклiлiся на гэтым. Усе збiраюцца iсцi на поўнач.

Рой i сам не быў перакананы, цi правiльна ён робiць, калi здымае пасткi. Хто ведае, мо гэтая пакорлiвасць адчаю i зборы на поўнач - усё гэта толькi адлюстраванне яго краху ў Сент-Элене.

- А як жа iначай, Скоцi, - звярнуўся ён да дужай спiны i моцнай патылiцы спераду ад сябе. - Усiм нам давядзецца альбо iсцi на поўнач, альбо асесцi на ферме ў Сент-Элене. Так што выбiрай, Скоцi. Выбiрай любое з двух.

Увесь час паездкi па возеры яны не пераставалi спрачацца.

- Паслухай, але з гэтым ты мусiш згадзiцца, - сказаў нарэшце Скоцi, калi яны пачалi працягваць човен цераз вузкую перамычку да апошняга возера. - Калi ты не перастанеш здымаць адсюль пасткi, то гэтай зiмой пушнiны ў цябе не будзе.

Зараз Скоцi цягнуў човен на галаве, а Рой iшоў спераду, пасмiхаючыся з таго, што Скоцi ў спрэчцы, як i заўсёды, занадта прымае ўсё да сэрца. Але мiжволi хацелася падзялiць аптымiзм Скоцi адносна iх будучынi, i хоць сам Рой занадта цвяроза глядзеў на рэчы, каб з iм пагаджацца, усё ж слухаць яго было прыемна. На iмгненне гэта ажывiла ў iм страчаную веру ў свой паляўнiчы ўчастак.

Перш чым выпраўляцца на апошняе возера - возера Т, галоўную базу паляўнiчай гаспадаркi Роя, яны спынiлiся паснедаць у адной з яго старых, закiнутых хацiн. Калiсьцi паляўнiчым цэнтрам Роя былi Мускусная затока i першая збудаваная на ёй хацiна. Пазней ён перасунуўся на поўнач i збудаваў гэтую хацiну на возеры Т. Яшчэ пазней, дзесяць гадоў таму, ён перайшоў яшчэ далей на поўнач i збудаваў сваю трэцюю хацiну на другiм беразе возера, да яе было дзве гадзiны на лодцы. Як i многiя азёры Канады, гэтае возера было названа з-за сваёй формы, якая нагадвала вялiкую лiтару Т. Зараз яны знаходзiлiся ля асновы лiтары, а каб патрапiць у апошнюю хацiну Роя, трэба было падымацца па сярэдняй палачцы, павярнуць налева i плысцi да канца папярочкi.

- Дзе твой ключ? - спытаў Скоцi, калi яны скiнулi мяхi ля парога хацiны i атрэслiся ад дажджу.

- А чаму ты не хочаш раскласцi вогнiшча тут, на паветры? - спытаў Рой.

- Навошта? Хiба ты зняў печку?

- Не, яна стаiць на месцы, - адгукнуўся Рой i дастаў ключ з цвiка пад страхой.

Скоцi адчынiў дзверы, i яны ўвайшлi.

Рою гэтага не хацелася, ён не любiў заходзiць у свае закiнутыя хацiны. Яна была збудавана моцна, сухая, але ўнутры неверагодна занядбаная. У ёй стаяў цяжкi пах гнiлi, i ўсё было запаскуджана мышамi. Мышы пагрызлi матрац, i ўся хацiна аж да самых крокваў была ў рэштках мачалы i раслiннага пуху. Усюды - на палiцах, на груба змайстраваных сталах, у печы i нават у лямпе былi мышыныя гнёзды. Рой i Скоцi затупалi нагамi, i большасць мышэй схавалася, але некаторыя засталiся i нахабна пазiралi на нечаканых гасцей.

Адна не магла выбрацца са слоiка, пакуль Скоцi не павалiў слоiк, а тады шуснула прэч. Рой сплюнуў у далонь тытунёвую жвачку i папусцiў гэтым камяком ў апошнюю мыш, якая сядзела на печы. Ён не трапiў, але мыш схавалася ў адчыненай канфорцы i болей не паказвалася.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке