- Што, Сэм табе што-небудзь вiнен? - спытаў Рой.
- Толькi пару даляраў, якiя ён пазычыў у жнiўнi, - адказаў Пiт. - Мне вельмi не падабаецца ўся гэтая гiсторыя з продажам свiннi, але калi б не я, яе купiў бы нехта iншы, а я даў яму добрую цану.
Рой разумеў гэта.
- Вазьмi тое, што ён павiнен табе, з пушных грошай, але больш не пазычай яму.
- Добра, Рой, - твар Дзюкэна зрабiўся заклапочаным. - Скажы, Рой, ты не збiраешся застацца з iм у горадзе? Ён казаў, што будзе цябе пра гэта прасiць.
- Я яшчэ не ведаю, - сказаў Рой, - але ты ўсё ж адкладзi мне ўсё неабходнае на зiму. Калi правiянт мне не спатрэбiцца, я табе скажу.
- А цi чуў ты, што Эндзi Эндрус блукае недзе тут блiзка? - сказаў Дзюкэн. Па-сутнасцi гэта было не пытанне, а папярэджанне.
Рой нiяк не адгукнуўся на гэта, на адваротным баку рэкламнага праспекта ўнiвермага ў Таронта ён склаў спiс таго, што яму патрэбна на зiму, i аддаў яго Дзюкэну. Затым яны разам прайшлi па краме, адзначаючы тыя ласункi i прысмакi, пра якiя не ўспомнiў Рой. Тут ён дадаў да заказу сушаных фруктаў, кансерваванай вiшнi, паштэту, яшчэ некалькi слоiкаў джэму i два пакеты мятных ледзянцоў як сама выгадных цукерак. Рой памераў кароткiя гумовыя боты. У лесе яны былi не надта выгодныя, але ён купiў iх i паклаў на самае дно мяшка. Мяшок ён пакiнуў прадаўшчыцы, якая выконвала заказ, i нагадаў ёй, што шэсць дзесяткаў яек трэба пакласцi разам з хлебам абавязкова зверху, а масла ў бляшанках - на самы нiз, разам з ботамi. Яны вярнулiся ў ранейшы пакой, дзе Пiт Дзюкэн налiў Рою вялiкую шклянку Блэк-энд-Блю, хлебнай гарэлкi шатландскага рэцэпту, дзевяностаградуснай, як значылася на бутэльцы. Гэтая шклянка, якую падносiў Дзюкэн, заўсёды была першай пасля вяртання Роя з лесу. Затым былi i iншыя, але нiводная не была такой смачнай, нават другая, якая выпiвалася адразу за першай.
- Ого, нiбыта плугам пераварочвае ўсяго, - сказаў Рой. Яго адразу забрала, ён пачырванеў, i вочы ў яго заблiшчалi.
- Хочаш пару бутэлек у твой мяшок?
- Не, - адказаў Рой. Яму было цяжка адмаўляцца. Але пакуль яшчэ ён цвярозы, не хацелася браць з сабой у лес гарэлку, хоць для большасцi трапераў гэта было звыклай з'явай. - Зрэшты, адну бутэльку пакладзi ў дарогу, папрасiў ён.
- Я i сам думаю выйсцi на паляванне, блiжэй да Каляд. У вярхоўях рэчкi Ўiп-о-Ўiл, - сказаў Дзюкэн. - Паеду на сабаках. - Як i кожны жыхар Сент-Элена, Дзюкэн выпраўляўся на паляванне, як толькi з'яўлялася магчымасць, але Рою заўсёды здавалася, што ён крыху выхваляецца сваiмi лайкамi, адкормленымi сабакамi, якiя грызлiся i падвывалi недзе за крамай. Сабакi - гэта добра, Рой i сам на iх ездзiў, але гэта толькi для сур'ёзнага палявання, а не для прагулкi ўдвух на нейкiя там два тыднi. Пiт проста адпачываў у лесе ад свайго клопату спадчыннага крамнiка, крамнiка ў трэцiм пакаленнi.
- Налiць яшчэ? - Дзюкэн узяўся за бутэльку.
Рой пакруцiў галавой i адным рыўком адарваў сваё дужае цела ад стала.
- Пайду паталкую з iнспектарам, - сказаў ён, i не паспеў Дзюкэн запярэчыць, як яго i след прастыў.
Iнспектар жыў у казённым доме, збудаваным у казённым стылi, квадратным двухпавярховым доме без усялякага намёку на архiтэктурныя ўпрыгожаннi. Адзiнай уступкай эстэтыцы быў маленькi ганак, якi разам з дошкай для аб'яў i вызначаў воблiк дома. Рой зiрнуў на плакаты, якiя матлялiся на дошцы. "Аберагайце багаццi прыроды i прыгажосць вашага лесу!" - прачытаў ён гучна, смакуючы паэтычнасць афiцыйнай мовы. "Сто гадоў трэба вырошчваць яго, а знiшчыць можна за хвiлiну. ПАКIДАЮЧЫ ЛЕС, ПАТУШЫЦЕ КАСЦЁР!". I гэта яму спадабалася.
- Хэло, Мак-Нэйр, - прывiтаў яго iнспектар, ледзь толькi той адчынiў дзверы. - Я збiраўся ўжо выходзiць.
- У абход, iнспектар? - спытаў Рой.
- Абход я рабiў учора, - адказаў iнспектар.
- Як жа вы не сустрэлi мяне? - сказаў Рой.
- Прыйдзе час, сустрэну, - суцешыў яго iнспектар.