I тады яна пачынала пакеплiваць з яго ўбору i цясней завязваць тасьму фартуха, здзьмухваць з яго ўяўныя пылiнкi, наводзячы крытыку на чысцёху Роя. Ён адштурхоўваў яе, але яна не супакойвалася. Ён спрабаваў зняць фартух, але яна не дазваляла, злосна ашчаперваючы яго за плечы. Тады плечы яго абмякалi, тоўстыя кiсцi звiсалi па баках, i ён станавiўся такiм, якiм яна хацела: грубым альбо мяккiм, рэзкiм альбо пяшчотным, такiм, а зрэдзь часу i насмешлiвым, настойлiвым, дужым, нечаканым i ненадзейным. Тады ў iх не было слоў. Была толькi адна доўгая канадская ноч.
Раздзел другi
Ранiцай Рой згатаваў сняданак: напёк аладак, падсмажыў яечню з салам. Джок i сам Рой паснедалi ў задаволеным маўчаннi. Джын Эндрус ела са сваёй звыклай абыякавасцю да ежы. Яна была яшчэ пад уражаннем перажытага i так пiльна пазiрала на Роя, што яму было няёмка перад яе сынам. Калi Джок пайшоў у школу, ёй давялося асаблiва складана змагацца з сабой. Ёю яшчэ валодала невыразная прага стварэння, у той час як Рой адчуваў здаровае пачуццё закончанасцi i не заўважаў нiчога, акрамя цудоўнай ранiцы.
- Дык што, возьмеце грошы? - прымусiла яна сябе спытацца ў Роя, калi ён адыходзiў.
- Не ведаю, Джынi, - сказаў ён.
- I застанецеся на зiму?
- I гэтага не ведаю, - сказаў ён. - Пабачым. Я яшчэ вярнуся.
На iмгненне яна ўявiла, што Рой перадумаў даваць грошы Сэму i мо ўсё ж застанецца на зiму дапамагаць яму. Яна i радавалася i ўнутрана пратэставала супраць такога рашэння i доўга стаяла ля дзвярэй, назiраючы, як ён пераходзiў поле i пералазiў цераз загарадку, кiруючыся да фермы Сэма.
Рой сабраў пушнiну, якая засталася ў спальнi, i, адыходзячы, паспрабаваў пазбегнуць зневажальна адкрытага позiрку нявесткi. Але яна застала яго на лесвiцы.
- Табе не варта вяртацца да нас, калi ты бавiш час там аж да ранiцы, сказала яна. - Гэта нядобра!
Ён не адказаў, ён нават не пазiраў ёй у вочы. Ён пайшоў моўчкi, абураны i зганьбаваны, i толькi радасць ад маючай быць праходкi сярод белага дня па Сент-Элену крыху супакоiла яго.
У адпаведнасцi з тым, як лес i ворыва саступалi месца гораду, прыродная бясплоднасць зямлi станавiлася ўсё больш выразнай. Ад ускраiн горада i да самага возера Гурон невялiкiя роўныя пляцоўкi былi ўздыблены i зацiснуты магутнымi гранiтнымi скаламi, голымi, дзiкiмi; i рэдкiя елкi тырчалi сярод iх кплiва, быццам надмагiльныя помнiкi над вартымi жалю лапiкамi расчышчанай зямлi. Гэтае каменнае царства распасцiралася аж да возера, i ўсюды ўладарылi скалы, велiчныя i непрыступныя, але ўсюды мiж iмi вiлiся вузкiя небрукаваныя дарогi i агароджы, складзеныя з валуноў; прыляпiлiся крамы, бачны тэлеграфныя слупы i нават чыгунка - адрэзак Канадскай Цiхаакiянскай, якая абрывалася ў Сент-Элене, не надзялiўшы пасёлак нi станцыяй, нi таварнай платформай. Заняпалы, але ўчэпiсты гарадок, якi даводзiўся да дрыжыкаў частым пранiзлiвым асеннiм ветрам. Рой зноў усмiхнуўся яму, калi выйшаў на цвёрда ўтаптаную сцежку да крамы Пiта Дзюкэна.
Сустрэчныя цёпла вiталiся з iм. Старэйшых ён ведаў па iменi, але было шмат навiчкоў, якiя прыходзiлi кожны год альбо вырасталi падчас яго адсутнасцi, i гэтых ён не ведаў. На тратуары з дошак перад маленькай крамай з бярвення Рой на iмгненне затрымаўся, разглядваючы новую шыльду.
- "П.Дзюкэн", - чытаў ён голасна. - "Мяса i Бакалея. Мука i Фураж". - Ён перачытаў надпiс i пачаў шукаць на шыльдзе што-небудзь лепшае. - "Няма нiчога больш духмянага, чым гарбата Салада! Палiце цыгарэты "Консульскiя"! Пiце апельсiнавы сок!" "П.Дзюкэн. Мяса i Бакалея".
Апошнi скарочаны варыянт упрыгожваў шкло ўваходных дзвярэй. Ён адчынiў iх i ўвайшоў.
- Прывiтанне найлепшаму жанiху ва ўсiм Муск-о-гi! - гукнуў ён маладомў брунету, якi стаяў за акуратным прылаўкам. - Цi мо ты ўжо не жанiх, Пiт?
- А Божухна, дык гэта ж Рой. Сватай мяне, Рой, сватай! Я чакаў цябе не раней чым праз два-тры днi.