Джеймс Олдридж - Паляыничы (на белорусском языке) стр 13.

Шрифт
Фон

Яна не хацела, каб Рой страцiў сямейны кут, бо ў гэтым хавалася яшчэ адна небяспека для яе. Джынi лiчыла, што, страцiўшы хату, Рой пойдзе яшчэ далей у лес i зусiм не будзе вяртацца ў горад. Яна ведала, якiя цяжкасцi чакаюць Роя, але ёй варта падумаць i пра сябе, пра свае справы i адчуваннi, а яна, са свайго боку, зусiм не хацела, каб Рой пайшоў на поўнач.

- Калi вы туды пойдзеце, вы ўжо не вернецеся, - сказала яна яму, калi аднойчы яны паспрабавалi цвяроза разабрацца ва ўсiм гэтым.

- Я вярнуся ў Сент-Элен, толькi калi мне будзе куды вярнуцца, - настойваў ён, - i на поўнач я не пайду, калi не буду мець прытулку тут.

- Гэта толькi словы, - сказала яна. - Я ж ведаю, што на поўнач вы пойдзеце менавiта тады, калi тут у вас нiчога не застанецца. Возьмеце i знiкнеце як леташнi снег.

- Не, Джынi. Не! - запэўнiваў ён. - Калi тут у мяне нiчога не будзе, я не пайду на поўнач, бо там я зусiм здзiчэю, стану сапраўдным лясным сычом. Я пайду, толькi калi мне будзе куды вярнуцца, i я абавязкова буду вяртацца. Але ўчастак спустошаны, Джынi, i рана цi позна мне ўсё адно давядзецца пайсцi на поўнач.

- Ну, а я тады вярнуся да сваiх у Таронта, - папярэдзiла яна. Не, яна яго не палохала. Яна спрабавала хоць нейкiм чынам прыстасавацца да яго складаных адносiн з Сент-Эленам i лесам. Яна разумела, як патрэбна яму апiрышча тут, каб прыняць рашэнне пайсцi на поўнач, але чым больш складана ўсё гэта станавiлася, тым больш рашуча яна адмаўлялася думаць пра гэта, i нарэшце яна заявiла яму: Рабiце як хочаце, але, калi вы пойдзеце на поўнач, я з'еду дамоў.

Гэта была iх адзiная сварка, i зараз яны баялiся паўтору яе. З маўклiвай згоды яны пазбягалi гэтай тэмы. Рой ведаў, што калi ён пойдзе на поўнач, яна сапраўды вернецца ў Таронта, але абое яны ўсведамлялi, што рана цi позна яму давядзецца iсцi глыбей у лес, далей на поўнач, iначай трэба кiдаць паляванне i фермерстваваць у Сент-Элене. Але ўсё гэта было для Джынi катастрофай, i яна не магла больш думаць пра гэта.

- Бярыце вашы грошы для Сэма, - сказала яна, - але толькi глупства гэта, Рой. Гэта вашы грошы, i калi-небудзь яны яшчэ спатрэбяцца вам.

- Спатрэбiлiся ўжо, - адказаў ён.

Больш на гэты конт яны не размаўлялi, пакiнуўшы пытанне не вырашаным.

Не вырашаным заставалася i пытанне пра Эндзi, бо нiводзiн з iх не мог уключыць Эндзi ў нясмелыя спробы хоць неяк вырашыць будучыню. У сваiх адносiнах яны моўчкi зыходзiлi з таго, што Эндзi пайшоў i нiколi не вернецца, але ва ўсiх iхнiх спробах цвёрда наладзiць сваё жыццё Эндзi адыгрываў пэўную, таемную ролю. З-за гэтага Джын ненавiдзела прывiд мужа нават больш, чым яна магла б ненавiдзець яго жывога, i яна ведала, што Роя таксама бянтэжыць няўпэўненасць у тым, як жа на самай справе складваецца сiтуацыя з Эндзi. Ён нiбыта блукаў па голай палярнай пустэчы, шукаючы адзiна правiльны шлях i не знаходзiў яго.

На пэўны час яны абое затаiлiся кожны са сваiмi развагамi.

Звычайна да гэтага часу Рой ужо дастаткова дабрэў, i Джын Эндрус магла спакойна церабiць i падражнiваць яго, паступова выклiкаючы на своеасаблiвыя праявы пачуццяў. Нават у лепшыя часiны гэта было нялёгкай справай, Рой належаў да тых мужчын, якiя не ўмеюць падысцi да жанчыны першымi. Ён не дакрануўся б да яе па сваёй уласнай iнiцыятыве. Ён не мог дазволiць сабе гэтую блiзкасць, пакуль дамашняя цеплыня i вабнасць гэтай адной-адзiнай жанчыны не растаплялi, не паглыналi яго цалкам. Джынi ведала, што сёння гэта будзе складана.

Яна не мела звычкi ласкава турзаць яго за вуха, калмацiць яго рэдкiя валасы i абдымаць яго моцную шыю, - у iх усё адбывалася iнакш.

Перш за ўсё яна падлiвала яму кавы. Неўзабаве ён турботна ўставаў. Тады яна здымала свой фартух i ўбiрала ў яго Роя - i ён браўся перамываць талеркi, слоiкi, чысцiць нажы i вiдэльцы, адным словам, усё, што трапляла пад руку.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке