Мне маёр Папяровы, адказваю, даў строгі загад, занатоўваць усё самае цікавае з жыцця майго персанальнага апазіцыянера, не пісаць жа мне, як ён раствор на будаўніцтве замешвае.
Я разумею, Капейкін, ты трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю. Я паперкі твае прачытаў, асабліва вось цікавая з Рэспубліканскага псіха-неўралагічнага дыспансэра, дзе ты праходзіў стацыянарнае лячэнне.
Кажа ён гэта, кажа, а ў мяне ажно мароз па скуры: няўжо я дзесьці штосьці не тое зрабіў, падвёў кіраўніцтва? Можа, апазіцыянер мой раствор рабіў па даведніку з бэнээфа або дзеўкі гэтыя сувязныя з-за мяжы. Нічога не магу ўцяміць.
Ведаеш што, Капейкін, мы з кіраўніцтвам параіліся і вырашылі даць табе ўнікальную магчымасць паслужыць Радзіме.
Сказаў гэта генэрал і пачаў выкладваць на стол тоўстыя-тоўстыя тэчкі. Я толькі і думаю сабе: «Ого, з кім гэта генерал-маёр з засакрэчаным прозвішчам мог абмяркоўваць мой лёс, лёс простага лейтэнанта Капейкіна?» А генерал усё дастае і дастае гэтыя тэчкі. І вось ужо ўвесь стол імі завалены.
Гэта, кажа тады кіраўнік пятага ўпраўлення, твая новая справа, Капейкін.
У мяне аж вочы засвяціліся: во гэта справа дык справа. На пяцьдзясят тэчак.
Але гэта яшчэ не ўсё, сказаў генерал. За мной.
Мы пайшлі да ліфта і спусціліся ў сутарэнні, прайшлі праз чатыры пасты аховы і двух кулямётчыкаў, апошнія дзверы ахоўваў асабісты шалёны сабака генерала. Гаспадару сабака аблізаў боты, а на мяне паглядзеў строга: як што якое клац і развітаюся я са сваёю мужнасцю.
Генерал адчыніў сталёвыя дзверы і завёў мяне ў падземную анфіладу, само існаванне якой Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь ніяк не каментуе.
Усё было спрэс завалена тэчкамі. Іх былі сотні тысяч.
Але, таварыш генерал-маёр, я гэта ніколі не змагу нават прачытаць.
На шчасце, Капейкін, кажа генерал, а сам мяне з анфілады выводзіць і дзверы зачыняе. КДБ не страціў яшчэ рэшткі прафэсіяналізму, ніхто не дасць табе такі ўзровень допуску да сакрэтных матэрыялаў, каб ты мог з гэтай справай азнаёміцца. Я сам тут не да ўсяго маю допуск. Але для разведчыка найгоршае гэта быць дэзінфармаваным, то цяпер ты ведаеш веліч справы, над якой будзеш працаваць.
Мне забраць тэчкі з вашага кабінета?
Ты што, Капейкін! Да іх ты таксама не маеш допуску, я ўжо і так пайшоў на службовы праступак, калі паказаў іх табе.
З чаго мне тады пачаць?
Правільнае пытанне, Капейкін! Па-першае, ты будзеш весці справу, ён нахіліўся да мяне і сказаў вельмі ціха ў самае вуха. Цімура Хоміча. Па-другое, зайдзі ў аддзел кадраў, мы табе званне капітана прысвоілі, атрымаеш там забеспячэнне і цывільную вопратку. Камандзіруем цябе ў Варшаву. Згодна з апошнімі сакрэтнымі дадзенымі, герой тваёй справы менавіта там.
На гэтым рапарт капітана Капейкіна быў скончаны і ён звярнуўся да гасцей дома Шымана і Таццяны:
Вось і ўся мая гісторыя, спадарства. Што было далей, вам вядома. Дык вось, ці дапаможаце вы мне знайсці Цімура Хоміча? Увесь мой лёс цяпер у вашых руках.
Усе вельмі ажывіліся і пачалі перабіраць розныя варыянты, дзе можна было б знайсці таго Цімура і хто яго бачыў апошнім. Але хутка высветлілася, што ніхто нічога канкрэтнага сказаць не можа. Так, надоечы чуў пра Цімура, нібыта ён аформіў крэдыт, каб набыць духоўку, але дзе аформіў, у якой краме, праз які банк, на якую мадэль і скуль гэта вядома ніхто паведаміць не мог.
У нас жа сабралася сапраўдная беларуская багема, няўжо, спадарства вы не дасце рады і не дапаможаце беднаму капітану Капейкіну адшукаць Цімура Хоміча? запытала Таццяна.
Усе дружна заківалі галовамі, асабліва гарачыя прапанавалі за гэта тут жа выпіць і выпілі, пасля выпілі яшчэ па адной. І Шыман сказаў, што спадары беларусы проста абавязаны дапамагчы агенту КДБ знайсці Цімура Хоміча і што цяпер яны будуць па чарзе хадзіць у госці да кожнага з прысутных, а той будзе прыводзіць сваіх знаёмых і так яны пакрысе апытаюць мільён беларусаў, якія цяпер жывуць у Варшаве.
Першымі вырашылі адведаць Пшэмака і Касю, бо Кася ўсё яшчэ спала, а Пшэмак быў толькі «за». На гэтым пянку вырашана было працягваць, а капітан Капейкін сядзеў рэшту вечара моўчкі і толькі ціха пасміхаўся сабе ў вусы, якіх не насіў.
На гэтым месцы вы можаце запытаць, а скуль столькі беларусаў у Варшаве? У нас жа на мяжы танкі ходзяць хмура, а візы выдаюць у польскім кансулаце, які яшчэ горшы за гэных памежнікаў.