Выдыхнуў я, а вядоўца і кажа: «Тры-чатыры, жопу шырэ, паехалі!» Я гляджу, Надзька абіраць пачала, і я пакрысе, раблю, як яна робіць, пальцы ўспатнелі, чорныя ад бульбы зрабіліся, трасуцца, рыхтык апазіцыянеры на мітынгу.
Я ўжо думаў, усё, зноў мяне абыдуць, яна ж выдатніца, гонар класа, а я хто? Я Пашка Капейкін, што з мяне ўзяць па-за дурасцю? І тая суседская.
І вось прагучаў трывожны сігнал. Скончыўся ваш час прадяўляйце луску. Вось прыклалі іх адну да адной. І што вы думаеце? Мая была даўжэйшая, хай усяго на паўсантыметра, але даўжэйшая!
Пачырванела ў мяне ўваччу. У той самы момант, пры дошцы, у класе, дзе я атрымліваў толькі двойкі (і тое калі пашчасціць), у той самы момант я зразумеў, што я не такі, як усе, што мне наканаваны незвычайны лёс, што сам бог кажа мне ў гэтае імгненне: «Глядзі, Пашка Капейкін, падаю табе знак. Не памыліся».
Два дні думаў, што цяпер з гэтым рабіць. Зразумеў нарэшце, што трэба заснаваць панк-рок-гурт і даць яму дзіўную назву кшталту «Жопу шырэ». І зафундаваў.
Для пачатку я скраў гітару ў клубе. І так далей гладка пайшло-паехала маё мастацкае жыццё, што нібыта з горкі ледзяной на срацы. Праз чатыры гады мы зайгралі перад дыскатэкаю ў вясковым клубе, а яшчэ праз паўгода распаліся ў выніку фатальнай несумяшчальнасці нашых поглядаў на прыроду панк-року.
Тады я задумаўся: а што цяпер рабіць? Які гэта знак? Што значыць распад нашага гурта? Думаць доўга не выпадала: вырашыў я паступаць на журфак. Напісаў дзве зацемкі ў раённую газету, вывучыў тры правілы і паехаў у сталіцу нашай Радзімы, горад-герой Мінск.
Там мне адразу далі інтэрнат і прыпісалі да трыццаць трэцяй студэнцкай паліклінікі. Вельмі мне спадабалася і ў інтэрнаце, і ў паліклініцы. А неўрапатолаг нават дала мне накіраванне ў Навінкі, там усе былі да мяне добрымі і нават выдалі мне паперку па форме 7Б.
Доўга ці коратка вучыўся я на тым журфаку, цяпер сказаць вам не магу, але ў мяне там былі два любімыя прадметы: «Ідэалогія беларускай дзяржавы» і «Фотасправа». На фотасправе мы замыкаліся ў цёмным пакоі і распушчалі едкія парашкі ў цёплай вадзе, апускалі ў той раствор паперкі, і на тых паперках зяўляліся дзіўныя малюнкі калі дом, калі дрэва, а калі-нікалі і птушка з прыгожым хвастом. На ідэалогіі нам распавядалі, што Беларусь наш агульны дом і ў ім заўсёды для кожнага знойдзецца справа.
Праз пяць гадоў справа для мяне сапраўды знайшлася: мяне адправілі ахоўваць мяжу з Латвіяй. Там мне далі аўтамат, бінокль і восем нарадаў па-за чаргой. Але не магу сказаць нічога дрэннага пра камандзіраў, усе яны былі як адзін вялікія патрыёты і алкаголікі, таму ўначы пераносілі ў Латвію гарэлку і цыгарэты. Мне даручылі самае цяжкае: пераплываць раку, не замачыўшы тытуню. І так у мяне гэта добра выходзіла, што мяне прызначылі сяржантам і далі два тыдні адпачынку.
Калі я вярнуўся, усіх афіцэраў адправілі пад следства за выкрытыя факты кантрабанды. А да мяне падышоў палкоўнік у невядомай форме.
Ці не хочаш ты паслужыць Радзіме, шчыглік?
Служу Беларусі! што моцы закрычаў я.
Праз некалькі тыдняў мяне перавялі ў спецшколу агентаў КДБ. Там мяне навучылі страляць з пісталета Макарава і вызначаць агентаў NATO па форме носа. Як скончыў я тую школу, то мне прысвоілі званне лейтэнанта Камітэта дзяржаўнай бяспекі і персанальнага апазіцыянера.
Хадзіў я за тым апазіцыянерам, хадзіў, слухаў яго тэлефонныя размовы, чытаў яго пошту на mail.ru і ліставанне ў «Аднакласніках». І, скажу я вам, спадарства, вельмі цікавым жыццём жыў гэты апазіцыянер. Ён працаваў прарабам у будаўнічай канторы і прызначаў дзяўчатам сустрэчы па ціндары маўляў, дапаможа ім з рамонтам на кухні. Мне б яго спрыт! Я нават падумваў, ці не кінуць мне КДБ і ці не зрабіцца брыгадзірам муляроў, бо вельмі ж дзяўчаты любяць, калі ім рамонт на кухні робяць. А самы, я вам скажу, цымус гэта падарыць ёй выцяжку. Слухаў я яго сустрэчы з дзяўчатамі праз выключаны тэлефон, слухаў-слухаў, як раптам выклікае мяне сам кіраўнік пятага аддзела генерал-маёр з засакрэчаным прозвішчам.
Ты, пытае ён мяне, лейтэнант Капейкін?
Так! адказваю. Я.
Я прачытаў твае справаздачы, Капейкін, і глядзіць на мяне так цяжка. Давай разам іх прачытаем, Капейкін.
І пачынае чытаць: «О, так, Віталь! Вось тут пацалуй! Так! Так, Віталю! Увайдзі ўжо ў мяне, Віталю! Глыбей! Госпадзе! Давай перавернемся!»
І так тры тысячы старонак, Капейкін!
Мне маёр Папяровы, адказваю, даў строгі загад, занатоўваць усё самае цікавае з жыцця майго персанальнага апазіцыянера, не пісаць жа мне, як ён раствор на будаўніцтве замешвае.