Андрэй С. Адамовіч - Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris стр 4.

Шрифт
Фон

 А малдаван чаму не наймаеш?  са спачуваннем да Жонкі Барыса запытаў Пшэмак.

 Я іх ад украінцаў не адрозніваю, навошта мне гэтая рызыка?

 Рызыкаваць не варта,  Пшэмак цалкам падтрымліваў такі мудры рэкрутынг.

У гэты час Шыман трымаў бультэрера за заднія лапы за агароджай тэрасы, якая месцілася на восьмым паверсе. Від адсюль адкрываўся, нібыта раман Сянкевіча пра веліч польскага народа,  эпічны, з прысмакам фантастыкі. Відно было Цэнтр Каперніка, музей сучаснага мастацтва і нават кавалачак Віслы. Пад тэрасай гулялі людзі.

 Бачыш вунь таго?  запытаў Шыман у бультэрера. Бультэрер кіўнуў галавой.

 Гэтага ў белай кепцы ці таго рудаватага з дзеўкай?  удакладніў Шыман.

У адказ сабака зрабіў амаль што цыркавы нумар: выгнуўся ўсім целам і ўважліва паглядзеў гаспадару ў вочы, маўляў, гаспадару, я толькі сабака, скуль я ведаю, каго ты меў на ўвазе?

 Твая праўда,  Шыман на хвіліну задумаўся.  Добра, як думаеш, той у кепцы  славак?  бультэрер адмоўна пакруціў пысай.  А той лысаваты  славак?  сабака зноў не прызнаў славака.  Ну, а можа, дзяўчына з ім, у гэтай сукенцы ў гарохі, можа, яна славачка? Прыгледзься, можа, гэта не гарохі, можа, гэта гербочкі Браціславы?

Сабака нейкі час прыглядаўся, але пасля яшчэ раз адмоўна пакруціў галавой. Шыман выцягнуў сабаку з-за агароджы і паставіў на паркет.

 Дзіўлюся я табе: другі тыдзень ніводнага славака.

Сабака вінавата віхляў хвастом і лашчыўся аб калені Шымана, быццам напраўду шкадаваў пра свой сапсаваны нос.

 Добра, праз гадзінку яшчэ славакаў пашукаем. А карміць сёння я цябе ўжо не буду, ты і так разеўся, ледзьве трымаю.

Шыман вярнуўся за стол і задумаўся. У жыцці было ўсяго дзве радасці: прадаць беларускаму калгасу трактар і калі сабака пазнае ў мінаку славака. З трактарамі ішло добра, а вось са славакамі  горш, нібыта чорная паласа пачалася. Шыман нават разважаў, ці не звадзіць сабаку да ветэрынара  праверыць зрок.

 Зноў ты славакаў шукаў?  запытала Таццяна, жонка Шымана.  Сабака кульгае.

Таццяна была асляпляльнай рудой прыгажуняй. Такой бліскучай, што Ліза Лянкевіч, беларуская мастачка, якая, як кожны беларускі мастак, што можа намаляваць каня або яшчэ лепш  упэўнена патлумачыць, што раздрукоўка допіса з фэйсбука  гэта і ёсць конь,  жыла ў Варшаве і ў гэты момант таксама была на тэрасе, балюча ўдарыла Пшэмака мыском чаравіка па назе. Гэта каб Мятлік не прапусціў яе аповед, бо Касі, якая ўтрымала б галаву мужа адвернутай ад грудзей Таццяны, усё яшчэ не было за сталом.

 Таня, каханая,  сказаў Шыман.  Ты ж ведаеш, нешта ўжо два тыдні ніводнага славака.

 Пашкадуй сабаку,  Таццяна села пры стале і агледзелася.

 Нас з вамі не прадставілі, здаецца,  звярнулася яна да маладога чалавека гадоў трыццаці.

 А гэты дзядзька,  сказаў Пшэмак,  гэта капітан Капейкін, вельмі вядомы ў Беларусі агент КДБ. Яго ў гэтым сезоне рэкамэндуюць да кожнага дома, ва ўсіх пабываў. Мы яго называем проста Чорны. Ён мне як брат.

 І што, Чорны, вы напраўду агент КДБ?  зацікаўлена спытала Таццяна.

 Так,  адказаў капітан Капейкін.  Напраўду.

Было бачна, што шпіён крыху сумеўся ад прыгажосці Таццяны і ад гэтых цёплых слоў Пшэмака. Шчыра кажучы, Чорны паўгода сядзеў у Варшаве і далей за тры-чатыры салоны пакуль не трапіў. Але знаёмства з Шыманам і Таццянай мусіла адкрыць яму мноства дзвярэй  ва ўсе знаныя дамы, за глухія дзверы мастацкіх залаў, у падвалы з оргіямі, на гарышчы з падвешваннямі на нацыянальных сцягах, у пісьменніцкія майстэрні з няскончанымі раманамі пра Радзіму і, чым чорт не жартуе, можа быць, яго звядуць і з кімсьці з кансерваторыі, кімсьці, хто піша гімн па замове ўрада БНР у выгнанні.

Таму ад сённяшняга вечара залежала вельмі шмат  ці ўдасца яму зрабіць добрае ўражанне? Ці скажуць гэтыя людзі, што ён насамрэч заяб-сты агент КДБ, ці рэкамэндуюць яго, ці прадставяць патрэбным людзям? Ці хаця б запросяць наступным разам? Чорны нават хацеў адказаць Віталю, што ён і ёсць габрэем у гэтай кампаніі, адно каб паказаць наколькі ён самаіранічны, маўляў, не думайце, што мы, кадэбэшнікі, на пафасе  зусім не, мы ўмеем пасмяяцца. Але ад самага пачатку ён казаў, што беларус, і таму падкрэслена размаўляў толькі па-руску, гэта мінчукі з дзедам-габрэем выдурняюцца або берасцейскія хлопцы могуць пагаманіць па-беларуску, маўляў, беларусы мы, беларусы, а ніякія не хахлы, ці яшчэ там можа гарадзенец штосьці матчынай мовай сказаць, а такому простаму хлопцу з-пад Ліды не трэба нікому даводзіць, што ён беларус, ён можа і па-расейску размаўляць усё жыццё.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора