Круглы твар Стахевіча паступова набрыньваў чырванню:
Не тым, не тым вы займаецеся, таварыш Хлюдзінскі! Наша краіна стаіць на перадавым рубяжы сусветна значных грамадскіх змен, а вы пазіраеце назад замест таго, каб разам з усімі адсякаць галовы гідры контррэвалюцыі. Чаму вы не запісваеце песні ад перадавой моладзі ў вёсках? Чаму ходзіце да старых бабак, якія ўсё жыццё звекавалі пры царскім рэжыме? Можа, вы яшчэ і царкоўнікаў да сябе паклічаце? Ці пачняце стол круціць і духаў выклікаць?
Паслухайце, таварыш сакратар, паспрабаваў запярэчыць музейшчык, фальклор гэта ж народная творчасць, якая дайшла да нас з глыбіні вякоў. Яна перадавалася з вуснаў у вусны ад дзядоў унукам, ад бабуль унучкам. І яе найлепш ведаюць акурат людзі старэйшыя: яны больш паспелі пачуць за сваё жыццё песень, прымавак, казак
Ай, што вы мне кажаце! Наш час, таварыш дырэктар, патрабуе новага фальклору, павучальна паківаў пальцам Стахевіч. У наш час народ павінен складаць фальклор, у якім услаўляе родную камуністычную партыю і яе правадыроў таварышаў Леніна і Сталіна. У наш час народ павінен складаць песні пра сваё светлае жыццё, а не выцягваць розную гнілую старызну пра часы паншчыны. Мы пакінем у мінулым усе набыткі царскага часу, каб з чыстымі рукамі і лёгкім сэрцам будаваць светлую будучыню. Такую будучыню, дзе першае месца зойме культура працоўнага чалавека, а не нейкіх там царкоўных бабак-цемрашалак і разбэшчаных паноў.
Гаспадар кабінета грэбліва падціснуў вусны, пасля чаго дадаў:
Магчыма, вы думаеце, што вам удасца кантрабандай працягнуць у нашае савецкае жыццё гнілы душок капіталізму гэтак жа, як вы самі кантрабандай перабраліся з Вільні ў нашу савецкую краіну Не забывайцеся, Хлюдзінскі: партыя і яе востры меч у выглядзе карных органаў пільна сочаць не толькі за вамі, але і за ўсімі падазронымі асобамі. Мы не дазволім забраць у народа правы, якія ён заваяваў у цяжкіх і крывавых баях за камунізм!.. Ідзіце і падумайце, як вам рэарганізаваць працу ў сваім музеі, каб ён адлюстроўваў інтарэсы працоўнага народа.
Партыйны сакратар рэзка нахіліўся над паперамі на стале, даючы зразумець, што аўдыенцыя завяршылася і наведнік больш ніколькі яго не цікавіць.
Вуліца Ленінская сустрэла Хлюдзінскага пералівамі жоўтага і чырвонага колераў: іржавая вохра каштанаў і цёмна-рудыя клёны, лімонна-бляклыя бярозы і насычанага канарэечнага колеру лісцё ліп. Усё гэта пералівалася і адблісквала пры найменшым ветрыку.
Аднак музейшчыку было не да таго, каб любавацца прыроднымі скарбамі: пасля візіту ў акругкам ён адчуваў сябе прыгнечаным, быццам выцягнуў з куфра свае найлепшыя багацці, каб пахваліцца перад госцем, а той не толькі плюнуў, а яшчэ і грэбліва раскідаў іх мыском нячышчанага бота.
«А ўсё-ткі я буду збіраць у музей тое, што палічу патрэбным! Скулля вам, таварыш Стахевіч і пільныя таварышы даносчыкі!» з нечаканай злосцю падумаў Хлюдзінскі.
Яго зацятасць падбірала аргументы для прамінулай ужо спрэчкі, але гэта Антона не бянтэжыла: будуць, будуць такія спрэчкі яшчэ і далей.
«Кажаце, царкоўныя абразы прадметы культу? А хто іх рабіў, тыя прадметы культу? Нешта не давялося мне сустрэць аніводнага попіка, які маляваў бы хоць які-небудзь абраз ці майстраваў паціры і крыжы. Майстры гэтым займаюцца мастакі ды ювеліры І цэрквы з касцёламі не папы з ксяндзамі ставілі гэта справа дойлідаў і звычайных муляраў. Дык што, пусціць на глум увесь плён іх рук толькі з тае прычыны, што ім карысталіся святары?» Хлюдзінскі адчуваў, што гэта правільныя словы, што яны могуць пераканаць таго, хто захоча пачуць іх.
З ПРЭСЫ
На Менскім вячэрнім рабфаку не ўсё добра
Менскі вячэрні рабфак пачаў працу з 19 кастрычніка. Першым тормазам у працы выяўляецца адсутнасць падручнікаў, якіх рабфак зусім не дае, а прыходзіцца самім студэнтам купляць іх, а набыць усе падручнікі студэнты безумоўна не могуць. Каб знішчыць гэту перашкоду, адміністрацыі дзённага рабфаку трэба вылучыць частку падручнікаў для вячэрняга рабфаку.
Затым: перашкаджае працы адсутнасць раскладу заняткаў, а таксама і тое, што не зяўляюцца некаторыя настаўнікі.
Калі гэтак справа будзе стаяць і далей, дык вынікаў добрых ад вучобы чакаць не прыходзіцца.
Трэба звярнуць на вячэрні рабфак больш увагі, каб 4 гадзіны, якія прызначаны на дзень на заняткі, выкарыстоўваліся на 100 процантаў.