Непастаўленыя ў ваду ружы напаўняюць пакой садовым водарам. Медсястра ўстае з канапы i ўскладае станiк. Як i большасць жанчын, яна ўскладае спачатку станiк, а потым майткi. Як i ў большасцi жанчын, у яе ёсць муж i дзецi, але толькi ў яе адной ёсць Садоўнiк, якi ўжо апрануўся i трымае пад пахаю пакамечаную кашулю. Медсястра гасiць святло. Садоўнiк нiколi не забывае забраць букет. Сцежкаю, што абсаджана вастраiклаю апунцыяй, ён iдзе да Юдавага дрэва, паўз яго на сметнiк, дзе выкiдае букет. Садоўнiк не любiць ноч, бо ягоны любiмы сад запоўнены адпачывальнiкамi, што ў цукерачным водары алеандры п'юць са слоiкаў кiслае вiно i кiдаюць цыгарэтныя недапалкi ў разарый. Яны абрываюць лаўравiшню, абломваюць галiнкi найстаражытнага дрэўца гiнка, набiваюць пакеты эўкалiптавым лiсцем, а ў паштовыя канверты запiхваюць ружова-жоўтыя пэндзлiкi-мяцёлачкi альбiцыi - яны нiшчаць сад. I ўсё робiцца ўначы, калi Садоўнiк iдзе дадому, трымаючы пад пахаю пакамечаную кашулю i дзеравяныя плечыкi.
А на золку ён будзе вяртацца, i кашуля вiсецьме на плечыках i махацьме рукамi. А кабеты з сталовай знойдуць букет i па адной кветцы паставяць у вазы на сталы адпачывальнiкаў. А той, каму не хопiць ружы, яшчэ i пазайздросцiць астатнiм.
XХV. ЦIКАЎНIК
- Займацца ананiзмам шкодна?
- Затое прыемна.
- Дык шкодна цi не?
- Усё прыемнае - шкодна.
- Жанчына лепш за ананiзм?
- Вядома лепш.
- А займацца з жанчынаю шкодна?
- Небяспечна.
- Гэта iншае.
- Не шкодна.
- А з жанчынаю прыемна?
- Прыемна.
- Вы казалi, што ўсё прыемнае - шкодна. Як быць?
- З жанчынаю небяспечна, а значыць i шкодна.
- Тады i ананiзм такi ж шкодны, як i занятак з жанчынаю?
- Напэўна.
- А як лепш, з жанчынаю цi з мужчынам?
- Як каму.
- А вы спрабавалi з мужчынам?
- Спрабаваў. Не спадабалася.
- А мне варта паспрабаваць?
- Калi дзеля цiкаўнасцi, дык не варта.
- А з жывёлаю прыемна?
- Не спрабаваў.
- Але ёсць такiя, што займаюцца з жывёламi. Вы iх не сустракалi?
- Сустракаў жанчыну, што займалася з сабакам.
- I ёй было прыемна?
- Напэўна, калi яна гэтым займалася.
- А з жывёламi шкодна?
- Небяспечна.
- А вы змаглi б паспрабаваць з жывёлаю?
- Напэўна, не змог бы.
- А чаму?
- Мне нават ад такой думкi робiцца непрыемна.
- Вы натурал?
- Так. I, дарэчы, табе не здаецца, што нашая гутарка чымсьцi нагадвае ананiзм?
- Затое цiкава, прыемна i нiякай шкоды.
XXVI. ГОСЦЬ
Госць увалiўся ў кватэру а дванаццатай ночы, дый не адзiн, а з сябрам i сяброўкаю. Гаспадар пашкадаваў, што пусцiў п'яную кампанiю, бо сам быў з каханкаю. Тая засталася ў ложку, а гаспадар правёў начных наведнiкаў на кухню. Госць запатрабаваў вiна, закусак i цыгарэт. Гаспадар сабраў на стол. Госць схапiў бутэльку, разлiў яе па шклянках адразу ўсю, выпiў сваю чвэрць, запалiў цыгарэту i папрасiў гаспадара выйсцi "на два словы".
У вiтальнi Госць зашаптаў на вуха гаспадару:
- Гэта мае сябры. Ён - мент, але класны мужык, i баба яго класная. Хай яны застануцца ў цябе да ранiцы...
- Не магу я iх пакiнуць. У мяне адзiн пакой, ложак ужо заняты, каханка ў мяне.
- А калi мы iх на кухнi пакладзём? Ёсць у цябе якi-небудзь стары матрац? - напiраў п'яны Госць.
- Няма ў мяне матраца, нi старога, нi новага.
- А коўдра ватная ёсць?
- Здаецца, ёсць...
- Чакай тут, зараз у iх спытаюся, - Госць хiтнуўся ў бок кухнi i ледзь устояў на нагах. - А зрэшты, што ў iх пытацца? Коўдра дык коўдра, на кухнi дык й-ййк.. Iкаўка напала. Пайшлi дап'ём.
На кухнi Госць выпiў з гаспадаровай шклянкi, паклаў у кiшэню пачак цыгарэт, развiтаўся i сышоў.
Гаспадар прынёс з кладоўкi коўдру i падушку з прасцiнамi, сябры нечаканага Госця пачалi ўладкоўвацца на ноч, а ён вярнуўся да каханкi. Тая прахапiлася ад сну, села на ложку i запыталася:
- Сышлi?
- Цiшэй ты! Леглi на кухнi.
- Утраiх?
- Удваiх, адзiн сышоў.
- А гэтых няўжо ты не мог выгнаць?
- Ды цiшэй гавары, - асцярог гаспадар.