Калi жывапiсцы з Натуршчыцай стаялi на тралейбусным прыпынку, дык тая сказала:
- З вас 50 рублёў, па 25 з кожнага, на аборт.
Калматы склаў дулю i паднёс да сур'ёзнага твару Натуршчыцы. Тая размахнулася, каб ударыць нахабнiка па шчацэ, але рудабароды перахапiў агрэсiўную руку.
- Супакойся, заўтра прыйдзеш, i я дам грошы. Ты ж нас ведаеш i любiш. А ён перабраў.
Калматы жывапiсец адышоў на колькi крокаў i гучна сказаў:
- А ў Саскii не было складак тлушчу на спiне.
XXII. РАБАЎНIК
У Рабаўнiка было хобi - джаз. Ён збiраў фiрмовыя кружэлкi, наведваў канцэрты i нават меў свой уласны iнструмент. Калi да яго прыходзiла жаданне, дык Рабаўнiк браў саксафон, уяўляў сябе на белым цеплаходзе, што асветлены рознакаляровымi лямпачкамi плыве па начной Мiсiсiпi, i доўга натхнёна iмправiзаваў. Гадзiнамi Рабаўнiк мог заставацца сам-насам з каштоўным iнструментам i ўсяго толькi дзеля ўласнага задавальнення.
На сольны канцэрт амерыканскага джазмена трубача Рабаўнiк ездзiў у Маскву.
"Раз у жыццi можна пачуць i ўбачыць Бога", - падумалася Рабаўнiку, калi ён браў квiток на самалёт.
Пасля канцэрта Рабаўнiк палiў на ганку фiлармонii. Побач з iм палiлi дзве маладыя пiянiсткi.
- Ён - Бог! - цiха гаварыла адна. - Я ж не разумела джаз... А тут раптоўна для мяне адкрыўся новы свет. Трынаццаць гадоў я займалася музыкай, i кожны настаўнiк лiчыў за свой абавязак нагаварыць рознай дрэнi пра джаз. Але калi слухаеш Бога, усе настаўнiкi робяцца лiлiпутамi...
"Сапраўды, а чаму Бог не можа быць неграм? Чаму абавязкова добры стары дзед з доўгай барадою, а не тоўсты трубач?" - падумалася Рабаўнiку, i ён сказаў уголас:
- Цалкам з вамi згодны. Ён - Бог! I я не жартую.
Пiянiсткi пераглянулiся, i тая, што казала пра Бога, знiзаўшы вострымi плячыма, спыталася:
- А, зрэшты, хто вы такi?
- Я? - Рабаўнiк зразумеў, што цалкам не падрыхтаваны да размовы, i ледзь не назваў сваё сапраўднае iмя, - Раман, я - рэстарацыйны саксафанiст з Гомеля. Правiнцыял, якi мае толькi адну загану, люблю джаз...
Пiянiсткi, было вiдаць па тварах, страцiлi цiкаўнасць да асобы правiнцыяла, але на развiтанне адна з iх, што была ў зялёнай сукнi, вырашыла ўсё ж паставiць чорны крыж на выпадковым знаёмстве.
- Скажыце, а ў Гомелi ўсiм супрацоўнiкам рэстарацый выдаюць ангельскiя гарнiтуры цi толькi тым, што крадуць мяса?
Рабаўнiк зазлаваў, але выгляду не падаў:
- Прабачце за нясцiпласць, але на мне фiнскi гарнiтур, а не ангельскi. Мяса я, на жаль, не магу красцi, бо яно размяркоўваецца памiж кухарамi. Я краду, даруй мне Божа, толькi каньяк, i калi вы не супраць, дык у гатэлi "Расея" ў мяне засталася апошняя крадзеная бутэлька, якую можна выпiць за джазмена.
- А яшчэ аднаго аматара джаза з Гомеля ў вас няма? - спыталася пiянiстка ў чырвонай сукнi.
- З сабой няма, ён застаўся распрацоўваць тэму "Радыеактыўны блюз".
- Тады паехалi ў "Расею". Удзвюх мы як-небудзь з вамi справiмся.
"Паглядзiм", - падумаў помслiвы Рабаўнiк.
Досыць доўгае стаянне на таксовым прыпынку дазволiла яму перайграць сiтуацыю, i ў вынiку трыо аматараў джаза апынулася ў рэстарацыi "Прага". Пасля выпiтага каньяку пiянiсткi ледзь не ўгаварылi Рабаўнiка выйсцi на эстраду, пазычыць саксафон i сыграць "Радыеактыўны блюз".
- Калi будзеце так даставаць, дык я прадам свой фiнскi пiнжак, але ўгавару лабухаў iграць тры разы запар "Сабачы вальс", i ад канцэрта чорнага Бога не застанецца нi знаку, нi следу.
"Сабачы вальс" пiянiсткi слухаць не захацелi, затое пагадзiлiся ўзяць на вынас каньяк i шампанскае ды пагуляць па начной Маскве. Прагулянка, як i разлiчваў Рабаўнiк, скончылася танцамi на кватэры ў адной з пiянiстак. Танцавалi дзяўчаты выдатна.
"Трынаццаць гадоў адзаймайся музыкай, i пачуццё рытму выпрацуецца, хочаш ты таго цi не хочаш", - зазначыў для сябе Рабаўнiк.
Незаўважна для дзяўчат ён растоўк на кухнi дзве пiгулькi сонных лекаў i высыпаў у келiх пiянiсткi, што была ў чырвонай сукнi.