Ведаеш, я прыдумаў - будзеш братам маiм. О'kay! А як убачыш кроў на Месяцы, ведай - мяне больш няма.
А цяпер bye-bye.
XVII. ЭМIГРАНТ
У пятнiцу Эмiгрант вярнуўся з Варшавы ў Менск на светлым "Мерседэсе", якi падаравала яму заможная жонка, палячка.
Знаёмыя наляцелi, як восы на цукар. Абдымкi. Пацалункi. Балбатня. Захапленне машынаю i апранахамi. Жарцiкi. Развiтаннi. Нарэшце - пустата i самота.
Эмiгрант затэлефанаваў даўняму сябруку, якi з радасцю пагадзiўся пабыць за рулём "Мерседэса".
Суботу i нядзелю Эмiгрант прасядзеў у сваёй менскай каханкi разам з сябруком i ягонай чарговай "нявестаю".
У панядзелак усе чацвёра наведалi выставу, дзе каханка i "нявеста" дэманстравалi прывабнасць ажно з семнаццацi фотаплакатаў. Эмiгрант засумаваў, развiтаўся i пайшоў пешкi да бацькоў.
У аўторак ён выклiкаў сябрука ўвечары. Той завёз Эмiгранта ў "Глiнтвейню", што ў дварах Траецкага прадмесця. Народу ў "Глiнтвейнi" было шмат, i Эмiгрант з сябруком падселi за стол да чалавека з пераламаным носам. Той весялiў дзвюх маладзiц.
Эмiгрант выпiў сто грамаў пасольскай гарэлкi, i яму захацелася пазнаёмiцца з суседзямi па стале; тым больш, што твар з пашкоджаным носам быў знаёмы, а маладзiцы былi, пэўна ж, з тых, хто не прымушае доўга ўгаворваць.
- Я вось толькi што прыехаў з Варшавы, - пачаў Эмiгрант, - i магу вам сказаць, што тут лепш, чым там.
Маладзiцы натапырылiся, не раўнуючы вераб'i на марозе.
- Ведаю, - сказаў чалавек з перабiтым носам. - Я нават ведаю, хто ты такi.
- Я таксама цябе недзе бачыў, - Эмiгрант спрабаваў успомнiць, але не здолеў.
- На "Ратушы", у хiповыя часы. Ты на "Ратушы" быў каралём. I нават мянушка твая - Князь.
- Гэта ў мяне ад прозвiшча - Князькоў. Толькi я цябе нiяк не ўспомню.
- Пэўна, з-за носа, - меркаваў чалавек са шнарам на пераноссi.
- А што такое "Ратуша"? - уставiла адна з маладзiц.
- Сквер насупраць Дома ўрада, - адказаў Эмiгрант.
- А чаму тут лепш, чым там? - пацiкавiлася другая.
- Тут мама, тата i... каханне, - цiха адказаў Эмiгрант.
- А мы вось выставу фотаплаката адзначаем, - паведамiла тая, што пыталася пра "Ратушу".
- А ш-ш-што г-г-гэта твае плакаты на выставе? - Эмiгрант пачаў заiкацца, калi звярнуўся да суседа па стале.
- Мае.
- Усе?
- Усе.
Эмiгрант памаўчаў, супакоiўся i спытаўся:
- А ты змог бы зрабiць мой партрэт, толькi каб я на iм быў на дванаццаць гадоў маладзейшы, каб я быў такi, як на "Ратушы" - кароль хiпi. Я далярамi заплачу.
Чалавек з непрыгожым носам паглядзеў на самаўпэўнены твар Эмiгранта, успомнiў, што ў таго былi доўгiя, да плеч, валасы, i сказаў:
- Магу.
- Дамовiлiся. А цяпер, дзяўчаты, я вас запрашаю пакатацца на белым "Мерседэсе". Вядома ж, калi фотамайстра не будзе супраць.
- Буду толькi рады, калi ты, князь, пакатаеш дзяўчат. У мяне яшчэ ёсць справы на вечар.
"Мерседэс" плаўна адкацiўся ад ганка "Глiнтвейнi", на якiм прыпальваў цыгарэту чалавек з крывым носам. Раптам шыкоўная машына дала заднi ход. Эмiгрант высунуўся з акна:
- Т-т-толькi не фатаграфуй больш маю каханку без трусоў.
Ён зноў заiкаўся.
У сераду Эмiгрант прагуляў больш за 500 дзеравяных (рублёў) разам са сваiмi новымi сяброўкамi з "Глiнтвейнi".
У чацвер ранiцай ён развiтаўся з бацькамi. Мама плакала. А ўначы Эмiгрант перасек мяжу.
XVIII. БОЖАЯ МАЦI
Рэстаўратар сядзеў на рыштаваннях у хрысцiянскiм саборы. Касцёл асвятлялi жаўтлявыя лямпачкi. Начны вецер напiнаў тоўсты полiэтылен, якiм былi зацягнуты вокны.
Другi дзень рэстаўратар адпрацаваў адзiн у вялiкай баракальнай пабудове. Ён здымаў копii з фрэсак. Вочы балелi. Маляваць рэстаўратар больш не мог, але iсцi ў брудны i сумны гатэль не хацелася. Ён сядзеў на пыльных дошках, звесiўшы ногi, i глядзеў "у нiкуды".
Раптам з-пад рыштаванняў на сярэдзiну касцёла выйшаў атрамантавы кот.
- Кыцы-кыцы-кыцы, - паклiкаў рэстаўратар.
Кот выгнуў шыю. Колка блiснулi вочы.
- Хадзi сюды. Чуеш? Хадзi..