Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - Дзикае паляванне караля Стаха стр 7.

Шрифт
Фон

Мы прайшлі яшчэ адну клятушку, старая жанчына адчыніла дзверы, і я ціха войкнуў ад здзіўлення і захаплення.

Перад намі была вялікая прыхожая-гасціная, як гэта вадзілася ў старасвецкіх панскіх дамах. Але што за прыхожая!

Яна была вялізная, такая вялізная, што мой змрочны адбітак у люстры недзе на другой сцяне здаваўся не большым за суглоб мезенца. Падлога з дубовых цаглін, зараз даволі пашарпаных, неабсяжна высокія сцены, ашаляваныя чорнымі ад старасці, бліскучымі дошкамі, разьбованымі па краях, вокны амаль пад столлю, маленькія, у глыбокіх стральчатых нішах.

Відаць, мы ў цемры ўзбіліся на бакавы ганак, бо проста направа ад мяне быў парадны ўваход: шырокія, таксама стральчатыя, дзверы, падзеленыя драўлянымі калонкамі на тры часткі. На калонках была трохі пашчапаная часам разьба: кветкі, пялёсткі і плады. За дзвярыма, у глыбіні вестыбюля, — уваходныя дзверы, масіўныя, дубовыя, акутыя пацямнелымі бронзавымі цвікамі з квадратнымі галоўкамі. А над дзвярыма — вялізнае цёмнае акно ў ноч і цемру. На акне — мастацкай работы выгінастыя краты.

Я ішоў па прыхожай і здзіўляўся. Якая прыгажосць і як гэта ўсё запушчана чалавечым нядбальствам. Вось цяжкая мэбля ля сцен — яна рыпіць нават у адказ на крокі. Вось агромністая драўляная статуя святога Юрыя, адно з цудоўных, трохі наіўных стварэнняў беларускага народнага генія — ля ног яе тонкі белы пыл, быццам хтосьці насыпаў мукі: гэту непаўторную рэч сапсаваў шашаль. Вось на столі люстра, таксама выдатная па прыгажосці — вісюлькі яе абабіты больш чым напалову.

Магло б здацца, што тут ніхто не жыве, каб не палалі ў вялізным каміне дровы і не залівалі няпэўным мігатлівым святлом усю гэтую карціну.

Амаль з сярэдзіны прыхожай шырокія беламармуровыя сходы вялі на другі паверх, падзяляліся надвае і прыгожа, закруглена ўзбягалі амаль у такі самы па памерах другі пакой. Тут было ўсё тое самае, што і на першым паверсе, нават палаў такі самы камін гарачым полымем, толькі што на сценах чорнае дрэва (напэўна, гэта быў дуб) чаргавалася з пацёртымі штофнымі шпалерамі кававага колеру. І на гэтых шпалерах красаваліся партрэты ў цяжкіх чорных рамах. Ды яшчэ ля каміна стаялі столік і два крэслы. Бабуля тарганула мяне за рукаў:

— Я зараз адвяду пана ў яго пакой. Гэта недалёка, па калідоры. А пасля… можа, пан хоча вячэраць?

Я не адмовіўся, бо амаль цэлы дзень не еў.

— Ну, то тады няхай пан пасля выйдзе сюды.

Праз якіх хвілін дзесяць я быў у зале і там зноў пабачыў бабулю, якая шырока ўсміхнулася мне і сказала з даверам:

— Ведаеце, вёска рана кладзецца спаць. Але ў нас не любяць спаць, у нас кладуцца як мага пазней. І гаспадыня не любіць людзей. Не ведаю, чаму яна сёння згадзілася прыняць вас у свой дом і нават дазволіць прысутнічаць за вячэрай (няхай пан мне даруе). Відаць, пан самы варты даверу чалавек з тых, што былі тут за тры гады.

— Як, — здзівіўся я, — хіба гаспадыня не вы?

— Я ахмістрыня, — з годнасцю сказала старая. — А ахмістрыня ў лепшым з лепшых дамоў, у добрай сям'і, зразумейце гэта, пан купец. У самай лепшай з найлепшых сем'яў. Так. Гэта лепей, чым быць нават гаспадыняй у не самай лепшай з найлепшых сем'яў.

— Што ж гэта за сям'я? — неасцярожна спытаў я. — І дзе я?

У старой гневам спалыхнулі вочы:

— Вы ў маёнтку Балотныя Яліны. А гаспадароў вам сорамна не ведаць. Гэта Яноўскія. Разумееце вы, Яноўскія! Няўжо вы не чулі?

Я адказаў, што, вядома, чуў, і гэтым супакоіў старую. Жэстам, вартым каралевы, яна паказала мне на крэсла (прыблізна так у тэатрах каралевы паказваюць на плаху няшчаснаму любоўніку: «Вось тваё месца, злашчасны!»), папрасіла прабачэння і пакінула мяне аднаго. Я вельмі здзівіўся змене, якая адбылася са старой.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub