— А чаму вы дадалі да прозвішча вашага продка гэты прыдомак «жысь»?
— Даўняя гісторыя, — зноў змрочна сказала яна. — Справа як быццам была на паляванні. Да глухаватага караля са спіны бег зубр, і пабачыў гэта адзін Раман. Ён крыкнуў яму: «Жысь!» — гэта па-нашаму, мясцоваму, значыць «сцеражыся!», і кароль павярнуўся, але, адбягаючы ўбок, упаў. Тады Раман, з рызыкай забіць караля, стрэлам трапіў зубру ў вока, і той паваліўся амаль побач з каралём. Пасля гэтага ў наш герб далі пішчаль, а да прозвішча прыдомак «жысь».
— Такія выпадкі маглі быць у тыя часы, — сцвердзіў я. — Прабачце, я прафан у геральдыцы. Яноўскія, мне здаецца, вядуцца на нашай зямлі з дванаццатага стагоддзя?
— З трынаццатага, — сказала яна. — І лепей бы яны не вяліся. Гэтыя законы роду чыстае глупства, але супраць іх не пойдзеш. Гэтыя каміны, гэта правіла абавязкова жыць у гэтым доме камусьці з нашчадкаў, забарона прадаваць яго. А, між іншым, мы жабракі. І дом гэты — жахлівы дом. І на нас як праклён які ляжыць. Двойчы пазбаўлялі герба, труцілі. Амаль ніхто з продкаў не памёр сваёй смерцю. Вось гэтага ў чырвоным плашчы жыўцом адпелі ў царкве, вось гэтая жанчына з непрыемным тварам, наша дальняя сваячка, Дастаеўская (між іншым, адзін з продкаў славутага пісьменніка), забіла мужа і ледзь не знішчыла пасерба, яе засудзілі да страты. Што зробіш, нашчадкам за ўсё гэта трэба плаціць, і на мне род Яноўскіх згіне. А як мне хочацца часам на цёплае сонца, пад шаты сапраўдных дрэў, якія тут не растуць. Мне часам сняцца яны — маладыя, вялізныя, пышныя, як зялёнае воблака. І воды, такія светлыя, такія поўныя, што дух займае, што спыняецца ад шчасця сэрца. А тут гэтыя агідныя яліны, дрыгва, змрок…
Полымя каміна наружовіла яе твар. За вокнамі ўжо залягла глыбокая чорная ноч, і, відаць, пачалася зліва.
— Ах, пан Беларэцкі, я такая шчаслівая, што вы тут, што ёсць поруч чалавек. Звычайна я ў такія вечары голасна спяваю, але я і песень добрых не ведаю, усе старыя, з рукапісных кніг, сабраных дзедам. І там жахі: чалавек цягне па расянцы чырвоны след, а звон, які даўно патануў у дрыгве, гучыць па начах, гучыць…
Прыходзяць дні, адыходзяць дні… -
заспявала яна глыбокім дрыжачым голасам. -
Прыходзяць дні, адыходзяць дні,
На святло наплывае цень.
Б'ецца Сказко з Кірдзяём Пацуком,
Б'ецца і ноч і дзень.
Кроў ад напругі з пазногцяў бяжыць,
З шабляў полымя мечуць паны,
І ўпаў Сказко, і паклікаў ён:
«Дзе ж вы, другі?» Не чуюць яны.
Любка Юр'еўна ўчула голас яго,
Пазбірала свой моцны род.
І «пабеглі есмо» на конях яны
Да далёкіх рудых балот.
— А далей дрэнна. Не хачу спяваць. Толькі і добра, што апошнія радкі:
І яны пілі адзін аднаго,
І яны у згодзе жылі.
Пакуль сонца ззяла над грэшнай зямлёй,
Пакуль разам у дол не сышлі.
Я быў глыбока, ад усяго сэрца расчулены. Такое пачуццё бывае толькі тады, калі чалавек глыбока верыць у тое, пра што спявае. І якая цудоўная старая песня!
А яна раптам уткнулася тварам у далоні і зарыдала. Дальбог, сэрца маё аблілося крывёю. Што зробіш, я наогул недаравальна жаласлівы.
Не памятаю, якімі словамі я яе суцяшаў.
Паважаны чытач, да гэтага самага месца я быў, так бы мовіць, суровым рэалістам у сваім апавяданні. Вы ведаеце, я не вялікі ахвотнік да раманаў у духу мадам Радкліф і першы не паверыў бы, каб хтосьці расказаў мне такое. Тон майго апавядання рэзка мяняецца.
Паверце мне, каб усё гэта было выдумкай — я б выдумаў гэта зусім іначай. У мяне ўсё ж добры густ, а такога ніводны з паважаючых сябе раманістаў не насмеліўся б прапанаваць сур'ёзным людзям.
Але я распавядаю шчырую праўду. Мне нельга хлусіць, а гэта для мяне занадта сваё, занадта важлівае. Таму буду распавядаць, як яно было.