Калi ён вяртаецца дадому з работы, Джонас, я i Лота сустракаем яго, i тата звычайна гаворыць: "О, божа лiтасцiвы! Колькi ж гэта ў мяне дзяцей!"
Аднойчы мы схавалiся за вешалкай i сядзелi там цiхенька, дык тата сказаў маме:
- Што гэта здарылася, чаму так цiха? Цi мае дзецi захварэлi?
Тут мы i выскачылi з рогатам.
- Вы ж не палохайце мяне так, - сказаў тата. - Калi я вяртаюся дадому, дык павiнен стаяць лямант i гоман, iнакш я буду непакоiцца.
Аднойчы два грузавiкi сутыкнулiся на вулiцы якраз насупраць нашага дома, i лязгат быў такi, што Лота прачнулася.
- Што зрабiў Джонас на гэты раз? - запытала яна спрасонку. Лота была ўпэўнена, што ўвесь шум i лязгат iдзе ад Джонаса.
Лота - такая маленькая, i ў яе такiя тоўсценькiя ножкi, што нам з Джонасам вельмi падабаецца цiскаць яе. Але ёй гэта зусiм не падабаецца.
Лоце не падабаецца шмат чаго. На мiнулым тыднi яна кашляла, i мама прымушала яе прыняць лякарства. Але Лота сцiснула рот i затрэсла галавой.
- Ты такая дурненькая, - сказаў ёй Джонас.
- Я не дурненькая, - адказала Лота.
- Ты дурненькая таму, што не п'еш лякарства ад кашлю, - сказаў Джонас. Калi мне трэба было прымаць лякарства, я вырашыў адразу выпiць яго, i ўсё тут.
- А калi мне трэба прымаць лякарства, я адразу вырашаю не пiць яго, i ўсё тут, - адказала Лота.
Яна моцна-моцна сцiснула рот i пакруцiла галавой. Мама пагладзiла яе па галоўцы.
- Мая ты небарака, мая ты Лотачка, табе прыйдзецца ўвесь час ляжаць тут i кашляць.
- I добра, бо я зусiм не хачу спаць, - радасна адказала Лота.
Ведаеце, Лота ўвечары не хоча класцiся спаць. Я таксама не вельмi ахвотна раблю гэта. Але ў нашай мамы дзiўныя звычкi! Увечары, калi мы не хочам спаць, яна прымушае нас класцiся, а ранiцай, калi мы хочам спаць, яна прымушае нас уставаць.
Лоце, нарэшце, трэба было прыняць гэтае лякарства, бо на наступны дзень у яе пацякло з носа i яна стала кашляць яшчэ больш. Мама не дазволiла ёй выходзiць з дому. Яна папрасiла мяне схадзiць да Вулвэрса i купiць нешта для яе. Я хуценька пабегла. Калi ўжо была ля прылаўка i чакала прадаўца, нечакана ўвайшла Лота. З яе носа цякло яшчэ больш.
- Iдзi дадому, - сказала я.
- Не пайду, - адказала Лота. - Мне таксама падабаецца ў Вулвэрса.
Яна чхала i чхала, i нарэшце жанчына, якая стаяла побач з намi, спытала ў яе:
- У цябе ёсць насоўка?
- Ёсць. Але я не пазычаю яе незнаёмым, - адказала Лота.
Аднойчы мама павяла нас да дантыста - Джонаса, мяне i Лоту. Мама заўважыла маленькую дзiрачку ў адным з зубоў Лоты. Дантыст збiраўся запламбаваць яе.
- Калi ты добра сябе будзеш паводзiць у дантыста, я дам табе дзесяць пенсаў, - паабяцала мама Лоце.
Мама чакала нас у прыёмным пакоi, пакуль мы былi ў дантыста. Спачатку ён паглядзеў мае зубы, але ў мяне не было нiякiх дзiрак, i я пайшла да мамы ў прыёмны пакой. Мы доўга чакалi Джонаса i Лоту.
Нарэшце мама сказала:
- Дзiўна, што Лота не крычыць!
Праз хвiлiну адчынiлiся дзверы i выйшла Лота.
- Ты добра сябе паводзiла? - спытала мама.
- Ён вырваў зуб, - адказала Лота.
- I ты не плакала? Якая ж ты смелая дзяўчынка!
- Не, я не плакала, - адказала Лота.
- Ты сапраўды вельмi паслухмяная дзяўчынка, - сказала мама. - Вось твае дзесяць пенсаў.
Лота ўзяла дзесяць пенсаў i паклала iх у кiшэню. Яна была вельмi задаволена.
- Дай я зiрну, можа, кроў цячэ? - запыталася я.
Лота разявiла рот, i я вельмi здзiвiлася:
- Ён жа не вырваў нiводнага зуба!
- Не, вырваў... у Джонаса, - адказала Лота.
Потым выйшаў Джонас з дантыстам.
- Я нiчога не мог зрабiць з вашай маленькай дзяўчынкай, яна так i не адкрыла рот, - сказаў дантыст.
- Нам усюды i заўжды сорамна за гэтае дзiця, - сказаў Джонас, калi мы iшлi дадому.
- Але ж я яго зусiм не ведаю, - сказала Лота. - Чаму я павiнна адкрываць рот перад тым, каго я не ведаю?!
Тата заўсёды гаворыць, што Лота ўпартая, як стары мул.
МIСIС БЕРГ
Мiсiс Берг - наша суседка. Нам вельмi падабаецца гасцяваць у яе.