Линдгрен Астрид - Лота (на белорусском языке) стр 15.

Шрифт
Фон

Мама вельмi рада, што ў яе ёсць маленькая Лота, таму што iнакш ёй было б вельмi сумна ў хаце.

- Так, табе пашанцавала, што я ў цябе ёсць, - неяк гаварыла Лота. - Калi б мяне не было, табе было б так сумна, i мне было б цябе шкада...

Але ж той ранiцай Лота нiчога добрага не сказала, таму што яна была вельмi раззлаваная. Ужо быў час апранацца, i мама прынесла пушысты свiтэр, якi бабуля звязала для Лоты.

- Толькi не гэты, - сказала Лота, - ён шкрабецца i колецца.

- Ды не, Лота, - адказала мама цярплiва, - паглядзi, якi ён мяккi i гладкi.

- Ён шкрабецца i колецца, - зноў паўтарыла Лота, нават не кранаючы свiтэра. - Я хачу апрануцца ў маю вельветавую сукенку.

У Лоты была светла-блакiтная вельветавая сукенка, самая лепшая нядзельная сукенка. Яна хацела апрануць яе, хаця быў толькi чацвер, звычайны чацвер.

- Ты можаш пакрасавацца ў ёй у нядзелю, - сказала мама. - А сёння ты павiнна згадзiцца на свiтэр.

- Тады я лепш пайду голай, - адказала Лота.

- Рабi як хочаш, - не вытрымала мама i спусцiлася ўнiз у кухню.

Такiм чынам, Лота засталася адна ў дзiцячым пакоi, голая i раззлаваная. Ну, скажам, не зусiм голая - на ёй былi майка, штонiкi i панчохi.

- За выключэннем усiх гэтых непрыемнасцей, я яшчэ i голая, - скардзiлася Лота Бэмсi, бо ён быў адзiнай iстотай, з якой яна магла паразмаўляць.

- Лота, ты можаш спусцiцца ўнiз i выпiць гарачага шакаладу, - паклiкала яе мама.

- Гэта ты так думаеш, - прамармытала Лота, не кранаючыся з месца.

- Адкажы мне, Лота! - зноў паклiкала мама. - Дык хочаш ты гарачага шакаладу цi не?

Гэта было якраз тое, што было патрэбна Лоце. Мама ўсё клiкала i клiкала, а яна не адказвала i не адказвала. Яе такая маўчанка нават забаўляла.

Але Лота сапраўды была вельмi галодная i сапраўды хацела гарачага шакаладу. I пасля некалькiх хвiлiн, калi ёй здалося, што мама чакала даволi доўга, Лота ўзяла Бэмсi i пайшла ўнiз. Яна iшла вельмi павольна, спыняючыся на кожным кроку, каб мама не думала, што яна iдзе пiць шакалад. Можа, яна i вып'е яго, а можа, i не.

- Я пагляджу, як я буду сябе адчуваць, - гаварыла яна Бэмсi.

- Прывiтанне, Лота, - сказала мама.

Лота толькi стаяла каля дзвярэй i цяжка сапла. Мама ж павiнна была адчуць, што яна яшчэ вельмi сярдзiтая.

Звычайна мама з Лотай снедалi разам у кухнi. Было заўсёды весела i ўтульна, ды i зараз быццам бы ўсё запрашала Лоту паснедаць: сонца свяцiла ў акно, на стале стаяў яе кубачак з шакаладам. Побач з шакаладам ляжаў кавалачак белага хлеба з чырвоным малiнавым джэмам. Раней у такi час Лота гаварыла i гаварыла аб нечым, але зараз яна не сказала нiводнага слова. Мама пiла каву i чытала газету, таксама нiчога не гаворачы.

Нарэшце Лота ўздыхнула i сказала:

- Ну што ж, калi ты сапраўды так хочаш, каб я выпiла шакаладу, дык я вып'ю яго.

- Не, я не настойваю наогул, - сказала мама. - I, акрамя таго, табе трэба спачатку апрануцца.

Калi дагэтуль Лота была проста сярдзiтая, то зараз яна была вельмi сярдзiтая. Што ж атрымалася? Ёй нiчога не заставалася рабiць, як апрануць гэты страшэнны, стары свiтэр, якi шкрабаўся i калоўся, ды застацца без шакаладу! Як усе дрэнна абыходзiлiся з Лотай!

- Дрэнная мама! - выкрыкнула Лота i тупнула нагой.

- Усё, Лота, - сказала мама. - Досыць. Вяртайся ў свой пакой i сядзi там да таго часу, пакуль зноў не будзеш добрай дзяўчынкай.

Лота абазвалася такiм крыкам, якi можна было пачуць ля хаты мiсiс Берг. Лота пабегла наверх, у дзiцячы пакой, ускрыкваючы.

Мiсiс Берг у сябе дома пакруцiла галавой i сказала:

- Бедная Лота, у яе, вiдаць, балiць жывоцiк!

Але ў Лоты не балеў жывот. Проста яна была вельмi i вельмi сярдзiтая. Яна нават тупала нагамi. А на крэсле ляжаў свiтэр. Ён выглядаў як нiколi шкрабiстым. Лота кiнула яго на падлогу. Потым яна крыху супакоiлася i задумалася. Побач са свiтэрам яна ўбачыла нажнiцы, якiя Лота звычайна брала, калi выразала папяровых лялек. Яна ўзяла нажнiцы i з задавальненнем, не спяшаючыся, выразала вялiкую дзiрку ў свiтэры.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке