Вось мог праз гэтага рака дзеда ў магiлу загнаць.
I смех тут быў, як кажуць, i грэх.
А дзед з таго часу не мог спакойна глядзець на ракаў, i калi толькi даведваўся, што днём лавiлi ракаў, дык перад ноччу абвяшчаў забастоўку, не хацеў класцiся спаць на падлозе. I мусiў тады Мiколка мяняцца з дзедам месцамi, даваў яму прытулак на сваiм тапчане, а сам iшоў на дзедава месца. Iшоў i папракаў дзеда:
- А яшчэ стары ваяка! Яшчэ з гармат страляў!
- Гарматы i ракi - розныя, браце, штукi... - уздыхаў, апраўдваючыся, дзед.
- А яшчэ храбры! Вось я i то за цябе храбрэй, не баюся ракаў!
- Ну што ж, на ракаў ты храбрэц... - згаджаўся дзед з Мiколкам i доўга крактаў, прыладжваючыся на тапчане.
Выйшла з дзедам i другая штука, калi аднаго разу рыбу лавiлi. Праўда, i Мiколка з бацькам набралiся тады здаровага перапуду, але больш за ўсё дасталося дзеду. Неяк у вольны дзень пайшлi рыбу лавiць на раку. Хоць дзед i не меў асаблiвай прыхiльнасцi да гэтага занятку, але паколькi ён быў вольны i хацелася яму крыху прайсцiся, дык i далучыўся да рыбаловаў. Тыя ў вадзе плёскаюцца, а дзед на беразе сядзiць ды парады дае.
- Адтуль, адтуль заходзь - там самая рыба ходзiць! - радзiць дзед ды пiпку смыголiць.
Спачатку Мiколка з бацькам з таптухай цялёпкалiся, а потым узялiся рукамi плотак лавiць памiж карчоў. I намацаў тут бацька няйначай як ментуза. Вядома, мянтуз слiзкi, цяжка яго рукамi ўзяць. Бацька Мiколку на дапамогу клiкнуў. Ловяць рукамi, мiж карчоў шаруюць.
- Ну i вялiкi ж, няйначай хунтаў на шэсць! - кажа Мiколка, стараючыся спрытней падчапiць неўваротную рыбiну.
Але як ты яе нi бяры, выслiзгваецца, ды годзе. Выслiзгваецца ад Мiколкi, падаецца пад карчом да бацькi. Ад таго зноў назад.
- За зябры яго, за зябры, гада! - падае дзед параду.
- Ну, вядома, не за хвост... - адказвае бацька i яшчэ спрытней бярэцца за ментуза. Але нiчога не выходзiць. А дзеда тут ужо i нясцерп бярэ, дужа ж тым ментузом зацiкавiўся. Трэба-такi сказаць, што дзед падабаў рыбу, ды яшчэ такую, як смажаны мянтуз.
- Рыба, яна, браце, заўсёды рыбiна! Гэта табе не ракi, з якiх нi смаку, нi наедку, а адна толькi прыкрасць ды барадзе маёй непакой...
I вось аж усхадзiўся на беразе дзед, забегаў. I пiпка ў яго даўно патухла, знае толькi - рукамi махае ды нашых рыбаловаў ушчувае:
- Яшчэ рыбаловы! Iм рыбу! Вам толькi прусоў ганяць!
- Сам злавi, - усердаваў тут не на жарты бацька.
- I злаўлю!
- А паспрабуй жа.
- I што ты думаеш? I паспрабую. Ён у мяне не выслiзнецца, як у вас, у няўмекаў...
I дзед самым рашучым чынам скiнуў адзежу i, павесiўшы яе на плечы баяўся пакiдаць на беразе, каб не скралi пастушкi, - смела рушыў у ваду.
- Дзе ён тут? Падавайце яго мне, я з iм разам распраўлюся, з супастатам!
Аж Мiколка падзiвiўся з дзеда, з яго незвычайнай спрытнасцi - дзед так захадзiўся каля карча, аж вада кiпела наўкола. I вось урэшце дзед урачыста крыкнуў:
- Ага! Папаўся-такi, не мiнуў маiх рук! А вы - няўмекi!
Мiколку з бацькам засталося толькi пераглянуцца мiж сабой. Ну i дзед, не чакалi такога спрыту! Магчыма, што дзеду з яго кастлявымi пальцамi было зручней упраўляцца з ментузом, таму хутчэй i падчапiў яго. Дзед цягнуў ментуза надзвычай марудна. Мо проста з-за асцярожнасцi, каб не ўпусцiць часам рыбiну, а мо знарок хацеў надалей расцягнуць такую ўрачыстую хвiлiну.
Вось пад вадой паказалася ўжо нешта жывое. Мiколка хацеў ужо крыкнуць, што няйначай гэты мянтуз будзе фунтаў з пятнаццаць, бо такi ж вялiкi. Але тут падзеi прынялi зусiм нечаканы зварот. Толькi гэта дзед, урачыста гледзячы на Мiколку, вывалак свайго ментуза з вады, як глянулi на яго Мiколкаў бацька ды i сам Мiколка i, як бачыш, сiганулi на бераг. Толькi пырскi паляцелi па вадзе. Аж збялеў Мiколка, засопся. Выскачыў на бераг, азiрнуўся. Стаiць дзед i на iх глядзiць, дзiвуецца, не разумеючы, чаго яны драпака далi.