А тут i Сёмка! А тут i Мiколка! Ну, думаю, цяпер падавай мне цэлую дывiзiю i самога генерала! Я iм пакажу, што знача дзед Астап i яго турэцкая шабля!
Сказаўшы пра шаблю, ды яшчэ пра турэцкую, дзед трохi пачырванеў i змоўк. Вiдаць, адчуваў сябе нiякавата. Ён сам убачыў, што трохi перабаршчыў. Пра шаблю ж ён наогул не любiў успамiнаць пасля трагiчных падзей з конскiм вухам. З крыху прыкрага маўчання вывеў Мiколка:
- А ты не зважай, дзед, калi там сёе-тое з шабляй у цябе было раней... Затое ж ты перамог! Усё ж такi здалiся немцы!
- Так, здалiся... - прамовiў дзед.
Але ўсё ж прымушаны ён быў адмовiцца ад кавалерыйскiх атак.
Як-нiяк, адчуваў сябе вельмi нязручна з шабляй. Ды i гарцаваць на канi не дазвалялi ўжо гады i здароўе!
- Арудзiю б мне! Паказаў бы я вам, як ваяваць трэба! - гаварыў часам дзед i марыў аб гарматах, аб сваёй колiшняй зброi.
I трэба сказаць, што гэтыя мары хутка спраўдзiлiся i дзед Астап стаў заўзятым артылерыстам, багата дапамогшы партызанам у iх барацьбе з немцамi.
Аб гэтым пасля.
Партызанскi браняносец
За часы Мiколкавага партызанства на яго роднай станцыi ў родным горадзе станавiлася ўсё горш i горш. Дзесяткi рабочых былi пасаджаны ў турмы. Некаторых саслалi на катаргу, некаторых у канцэнтрацыйныя лагеры. Каля дэпо стаялi часавыя, i рабочым ледзь не пад канвоем прыходзiлася станавiцца на работу. Пад канвоем вадзiлi машынiстаў на паравозы. За малейшае супрацiўленне пагражалi расстрэлам. За работу амаль не плацiлi, i сем'i рабочых жылi ў вялiкiм голадзе. I гэта ў той час, калi праз станцыю праходзiлi дзесяткi i сотнi эшалонаў з хлебам, з мясам, з жывёлай. Немцы рабавалi народ i ўсё, што рабавалi па гарадах i вёсках, адсылалi ў Германiю.
Але як нi горка жылося рабочым, яны не думалi здавацца немцам. Яны рабiлi ўсё, чым толькi можна было нашкодзiць нахабным заваёўцам, якiя марылi задушыць Савецкую краiну. Рабочыя псавалi паравозы, вагоны, чыгуначны шлях, каб перашкодзiць немцам вывозiць нарабаванае дабро. Уцякалi машынiсты з паравозаў, спынялi ў лясах цягнiкi i раздавалi назад сялянам адабраную ў iх жывёлу. Арганiзоўвалi рабочыя дружыны абароны. Даставалi зброю.
Нават дзецi рабочых удзельнiчалi ў гэтай барацьбе. I часта можна было назiраць на станцыях, як Мiколкавы таварышы, катаючыся на падножках вагонаў, сыпалi ў буксы вагонаў пясок, разлiвалi ў кандуктараў i змазчыкаў мазут, каб не было чым змазваць калёсы.
Барацьбой рабочых кiравалi бальшавiкi. Сярод iх быў i Мiколкаў бацька - Андрэй. Ён даўно быў у падполлi, i часам самыя блiзкiя людзi не ведалi, дзе ён знаходзiцца.
Часам, калi асаблiва зверскiмi рабiлiся немцы ў якiм-небудзь горадзе цi на станцыi, рабочыя рабiлi iм добрую ўзбучку, напамiнаючы гэтым, што рабочая сiла не зломлена. Вось i цяпер атрымаў з горада лiст Сёмка-матрос. Прачытаўшы яго, раiўся з дзедам Астапам, з другiмi партызанамi. Быў пры гэтай нарадзе i Мiколка. Чуў ён, што трэба атраду зрабiць налёт на горад i даць добрага пытлю немцам. Думалi i гадалi, як лепш правесцi налёт.
Да поўначы раiўся Мiколка з дзедам, як лепш справу зрабiць. Аж надакучыў дзеду сваiмi парадамi. Той i рукой махнуў:
- Адчапiся ты! Малы ты яшчэ, табе толькi варон бiць з карабiна ды штыком тваiм пячуркi з пяску рабiць...
I дзед паказаў на кiнжал, якiм так ганарыўся Мiколка. Абурыўся тут Мiколка, трохi нават узлаваўся на дзеда i з пагардай сказаў яму:
- Як вiдаць, ты, дзед, добра яшчэ мяне не ведаеш! Можа, я таксама ваяка... Iзноў жа: хто спаў каля пакгаўза, а хто лазiў у пакгаўз людзей вызваляць? Ага! Успомнiў! А хто каню вуха шабляй адсек?
Аж паморшчыўся дзед, узгадаўшы пра гэтую прыгоду, i, каб спынiць непрыемныя для яго Мiколкавы ўспамiны, адразу ж пайшоў на змiрэнне:
- Ну, дык чаго ты ўжо так разышоўся? Хiба я кажу, што ты не храбры? Ну дык гавары, што ты надумаў.
- А вось i надумаў...
I тут расказаў Мiколка аб сваiм плане:
- Бачыш, дзеду, сiл яшчэ ў нас мала i зброi мала...