Набегаўшыся ўволю, яго скакун з'явiўся назад, з'явiўся аднавухi, з абкарнаным хвастом. Усе, усмiхаючыся, зiрнулi на кавалерыста, сёй-той запытаўся:
- Што-та сталася з тваiм стаеннiкам?
Не мiргнуўшы вокам, дзед адказаў:
- Ды, няйначай, дзе за сук засiлiлася жывотнае, ну... i адарвала слыхавы орган.
Дзед любiў пры зручным выпадку ўжыць навуковае слова.
Змаўчалi ўсе. Каму было ахвота крыўдзiць такога слаўнага рубаку. Толькi Сёмка-матрос, хiтра падмiргнуўшы, запытаў яго:
- Цi цэлы хаця сук той?
Гэта завельмi ахаладзiла дзеда да кавалерыйскай справы. А тут яшчэ падвярнулiся такiя падзеi, што дзед хоць i атрымаў перамогу над немцамi, але канчаткова рашыў перайсцi да пяхотнай справы. I не тое каб пешака хадзiць, скажам, але каб не кiдацца болей з дзедавым слабым здароўем у кавалерыйскiя атакi.
Неяк давялося дзеду паехаць раз у разведку. Паехалi ўтрох: Сёмка-матрос, Мiколка i дзед. Чуткi былi, што ў блiжэйшых вёсках грабяць нямецкiя коннiкi. Паехалi праверыць, цi праўда то, каб у выпадку патрэбы наляцець з атрадам. I толькi выехалi на ўскраек лесу, бачаць - едуць чалавек з восем нямецкiх кавалерыстаў. I проста насустрач едуць. Мiргнуў Сёмка Мiколку i дзеду, каб зараз жа хавалiся ў лесе. Не iсцi ж утрох супроць васьмi.
Але тут пачалi рабiцца несусветныя штукi з дзедам. Праўда, ва ўсiм ён i душой не быў вiнаваты, усё пачалося з каня. Цi той пачуў iржанне сваiх былых нямецкiх сяброў, цi якое другое лiха ўзбрыло яму ў галаву, але конь выказаў яўныя намеры кiнуцца ўперад, насустрач немцам. Дзед i так i сяк браўся за каня, усё намагаўся яго павярнуць убок да лесу. Але нiчога не дапамагала. I праз якую хвiлiну дзед горда iмчаў на немцаў, не трацячы, аднак, у глыбiнi душы надзеi, што, можа, як i ўдасца павярнуць шалёнага каня назад. Толькi i паспеў крыкнуць дзед: "Ратуй, Сёмка, старога артылерыста!" Ды, бачачы немiнучую сустрэчу з немцамi, прышпорыў з адчаем каня наскамi ботаў, выхапiў шаблю ды як закрычыць "ура", аж Мiколка не на жарты спужаўся.
Зiрнуў Сёмка на Мiколку - вось ашалеў дзед! - ды, выхапiўшы гранату з кiшэнi, памчаў на ўвесь дух услед за дзедам. Не кiдаць жа старога рубаку ў небяспецы такой. Бачаць немцы, ляцяць на iх дзiўныя коннiкi, "ура" крычаць, шаблямi махаюць. А тут i трэцi памчаўся ад лесу. То Мiколка пусцiўся наўскач за дзедам, за Сёмкам. Павiнен жа i ён дапамагчы дзеду з бяды выбавiцца. Iмчыць Мiколка ды раз-пораз з карабiна страляе. Замiтусiлiся немцы, спынiлiся. А ўгледзеўшы Мiколку, зусiм спалохалiся. Iм паказалася, што прытаiлiся ў лесе несусветныя сiлы - выскакваюць адтуль адзiн за адным партызаны. I, не разважаючы доўга, пусцiлiся немцы назад, коней прышпорылi.
Але не такi дзед, каб адстаць. I хоць гатовы ён i каня нямецкага праклясцi, якi кiнуў яго ў такую страшэнную атаку, хоць гатовы ён i другое вуха яму адсеч за вялiкае непаслушэнства, але дзе ты ўжо дзенешся, калi шаблю выхапiў. Ляцiць вiхурай дзед, насцiгаючы немцаў, крычыць:
- Здавайцеся, пакуль не ўцяклi!
Бачаць немцы - не паласа, кiнулi карабiны, рукi ўгору. Тут i Сёмка падскочыў, падскакаў Мiколка, палонных пад канвой забралi.
Так неспадзявана рушыў дзед у кавалерыйскую атаку i, як бачым, атрымаў перамогу. Дзедаў аўтарытэт вырас яшчэ болей, i нiхто ўжо не пасмеў бы напомнiць дзеду аб яго джыгiтоўцы, аб няшчасным конскiм вуху i абсечаным хвасту яго скакуна. Але ўсе гэтыя падзеi вельмi дорага каштавалi дзеду, днi са тры прахварэў ад тых здарэнняў i расказваў пасля:
- Думаў я, што не прыйдзецца мне болей Мiколку пабачыць праз гэтага нямецкага скакуна, якi папёр мяне на нямецкi атрад. Але калi ўбачыў, што няма мне ўжо анiякага выхаду болей i што насоўваецца мая смертухна, рашыў я тады на хiтрыкi пайсцi i так грымнуў на iх, што аж сам быў спужаўся...