Михась Лыньков - Миколка-паравоз (на белорусском языке) стр 30.

Шрифт
Фон

Вось i выйшлi на самы ўскраек лесу да невялiчкай палянкi, акружанай непралазным хвойнiкам, хмызнякамi. Трохi не дайшлi да самай палянкi, як спынiлiся, схаваўшыся ў хваёвым гушчарнiку. Стаялi i моўчкi глядзелi на палянку. I праз якую хвiлiну да Мiколкi нахiлiўся дзед, праказаў гарачым шэптам:

- Iдзi, Мiколка, назад адсюль... Не трэба глядзець на брудныя людскiя справы.

Але, сцяўшы зубы, стаяў Мiколка i, нiчога не адказваючы дзеду, глядзеў на палянку. Пад высокай разгалiстай хвояй стаяў чалавек. Быў ён сярэдняга росту, шырокi ў плячах, прысадзiсты. Быў ён без шапкi, буйныя пасмы валасоў у беспарадку звiслi на бледны лоб. На чалавеку была звычайная сялянская свiтка, такiя ж зрэбныя штаны. Ён быў босы i зябка перамiнаўся з нагi на нагу. З-пад разарванага каўняра палатнянай сарочкi вiдаць быў матроскi цельнiк у сiнюю з белым палосамi.

"Марак, вiдаць", - падумаў Мiколка, успомнiўшы матросаў, якiя цэлымi эшалонамi праходзiлi праз станцыю ў часе рэвалюцыi.

Але што асаблiва кiдалася ў вочы, гэта быў позiрк гэтага чалавека. Ён быў поўны вялiкай нянавiсцi да людзей, што стаялi вакол яго з вiнтоўкамi са штыкамi. То былi немцы. Трое вартавалi чалавека, двое таропка, хапаючыся, рылi лапатамi зямлю, капалi яму - магiлу. Свежы пясок жаўцеў на палянцы, бразгалi каменьчыкi аб лапаты. Завiхалiся людзi. I вiдаць было, нiбы чаго саромеюцца гэтыя людзi, унiкаюць глядзець у вочы адзiн другому i нiбы чакаюць нецярплiва, як хутчэй скончыць гэтую нудную справу. Толькi адзiн з iх, што быў без вiнтоўкi i трымаў у руцэ рэвальвер, хадзiў абыякава па палянцы, грозна падганяў тых, што капалi зямлю, крычаў, лаяўся.

- Афiцэр... - цiха шапнуў Мiколку дзед i замоўк.

З ямы вылезлi салдаты, кiнулi ўбок лапаты, узялi вiнтоўкi, што стаялi прыхiленыя да дрэва. Афiцэр падышоў да чалавека пад хвояй, выняў з кiшэнi нейкую паперу. Страшэнны плач раздаўся на паляне, i Мiколка тут заўважыў, што з боку паляны пад зламанай бярозай стаяла жанчына з дзiцем на руках. Другое, большае, стаяла побач, трымаючыся адной рукой за матчын падол, другой расцiрала слёзы на перапалоханым i запэцканым тварыку. Жанчына кiнулася была да чалавека, што стаяў без шапкi, але грозна закрычаў афiцэр i, наставiўшы на яе рэвальвер, адагнаў назад.

Афiцэр, спяшаючыся, чытаў прысуд:

- "За пасягненне на маёмасць i жыццё мясцовага пана... за парушэнне закону аб уласнасцi... за супрацiўленне iмператарскiм нямецкiм войскам... за падбухторванне сялян супроць падаткаў... батрак Сямён, былы матрос i член былога бальшавiцкага савета, па загаду яго iмператарскага вялiчаства iмператара ўсяе Германii Вiльгельма II прысуджаны ваенным судом да расстрэлу..."

Двое салдат кiнулiся да чалавека пад хвояй i сталi надзяваць яму мяшок на галаву. Але чалавек рашуча скiнуў яго i, кiнуўшы мяшок у твар афiцэру, крыкнуў:

- Прэч, нягоднiкi!.. Не мне баяцца смерцi, як вам, сабакам... Але памятайце, нават з магiлы я падыму свой кулак, як грозную перасцярогу вам... I многа яшчэ жывых...

Далейшыя словы былi не чутны. Нешта грозна крычаў афiцэр. Бразнулi затворы вiнтовак. Мiколка сцяўся ў халодны камяк, нiбы ўлiп у зямлю. Яго слых абвастрыўся да таго, што ён чуў, як шархацiць пясок на магiле, як скочваюцца каменьчыкi на дно ямы. Ён чуў, здаецца, сваё ўласнае дыханне. Ён бачыў, як непакойна стаў варушыцца дзед, дастаючы нешта з-пад пояса. I гарачыя слязiнкi павiслi на раснiцах. Вось-вось расплачацца Мiколка, выдасць сябе i дзеда ў гэтай лесавой схованцы.

Грымнуў стрэл. Празрысты дым пасцiлаўся над палянай. У iм гублялiся фiгуры салдатаў. Бачыў Мiколка: чалавек як стаяў, так i стаiць. Вось яшчэ цэляць салдаты, але бачыць Мiколка, як няўпэўнена ходзяць iх рукi, як дрыжаць вiнтоўкi, паднiмаючыся то задужа высока, то нiзка. Яшчэ грымнуў залп, а чалавек усё стаiць пад хвояй, i вочы яго гатовы, здаецца, спапялiць усё перад сабой, да таго гараць яны палаючым бляскам.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке