Шукаць доўга новыя малюнкi не прыходзiлася. Даволi прайсцiся раз у дзень па чыгунцы - вярсты дзве туды ды назад - вось i поўныя кiшэнi здабытку. Багата чаго застаецца на пуцях ад пасажырскiх цягнiкоў: тут i паперкi ад цукерак, папяросныя карабкi, часам цэлыя кнiжкi, газетныя лiсты, цiкавыя малюнкi на розных бутэльках.
"Смачна ядуць, чэрцi!" - думаў часам Мiколка, збiраючы сваю калекцыю. Пад чарцямi ён разумеў усiх тых, што ехалi ў пасажырскiх цягнiках, асаблiва ў вагонах першага i другога класа. Гэтыя вагоны ён вызначаў па iх колеру. Звычайны вагон бура-зялёнага прапыленага колеру, а другi i першы клас цёмна-сiняга, блакiтнага, а часам жоўтага.
- Паны... - у дадатак да чарцей называў ён пасажыраў гэтых вагонаў. I сапраўды, ездзiлi ў iх багата апранутыя людзi, прыгожыя ўборы былi на дзецях, якiя паказвалiся ў вокнах.
"Самi цукеркi жаруць, салодкую гарэлку п'юць, а мне толькi пустыя паперкi ды пустыя бутэлькi... Вось бы ўзяў бацька ды звярнуў цягнiк пад адхон, няхай бы тады гэтыя паняняты пехатой прайшлiся..." - так думаў часам Мiколка, не на жарты сярдуючы на гэтых людзей, якiя, вiдаць, не разумелi смаку ў "зайцавым хлебе" i жылi на ўсiм гатовым. I дзецi iх у прыгожых шапках з залатымi лiтарамi. Знайшоў раз Мiколка на пуцях такую шапку, дахаты прынёс, на галаву прымераў. Паглядзеў на шапку бацька ды кажа:
- Дурань ты, Мiколка! Хiба ў гэтай шапцы нам ды пры мазутнай справе... Не да твару, браце, нам такая шапка. У такiх шапках, браце, ходзяць толькi буржуйскiя дзецi.
- А хто такiя буржуi?
- Буржуi? - задумаўся бацька. - Гэта, бачыш, такiя людзi, якiя нiчога не робяць i смачна ядуць... Такiя, браце, пузатыя людзi, на чужым карку жывуць... на маiм вось, на тваiм.
Памацаў Мiколка свой карак, здзiвiўся.
- Няхай жа паспрабуе сесцi каторы, я яго гайкай па лбе.
- Дзiва што, гайкай... - пасмяяўся бацька.
Але думка пра буржуяў не пакiдала Мiколку. Часта ён чуў пра буржуяў у гутарках бацькi з другiмi суседзямi, рабочымi. Буржуямi часам лаяўся i старэйшы Мiколкаў брат - змазчык. I ў хуткiм часе адбылася сустрэча Мiколкi з буржуем. Можа, i не з сапраўдным буржуем, але ж вельмi да яго падобным. Зайшоў аднаго разу да iх нейкi начальнiк дэпо. I такi ж тоўсты-тоўсты, а на пузе блiшчастыя гузiкi, залатыя, няйначай. Зайшоў ён у вагон, абышоў кожны куток, усё поркаў нешта сваiм блiскучым кiёчкам, поркаў, носам вадзiў з боку ў бок ды моршчыўся, як той грыб-смарчок, што расце пад штабелямi старых шпал. На матку накiнуўся:
- Псуеце вы мне тут памяшканне, зусiм не даглядаеце за падлогай... Смецце каля вагона... Выганю ў дваццаць чатыры гадзiны.
I зусiм узлаваўся, аж плямiны белыя заскакалi на тлустым твары, ды кiёчкам сваiм як дзеўбане ў сценку, у самую галерэю карцiнную Мiколкаву.
- Гэта што? Сцены паскудзiць? Казённае памяшканне псаваць? Цi мала смецця ўсюды, дык яны яшчэ на сцены вешаць. Ану, венiк сюды, паздзiраць усё, памыць, паскрэбцi.
А сам палкай поркае, здзiрае Мiколкавы малюнкi. I калi дабраўся да прыгожай крышкi з папяроснага карабка - быў то малюнак дзяўчынкi на срэбнай паперы, - не сцярпеў тут Мiколка, да начальнiка кiнуўся.
- Ты хто? Ты збiраў мае карцiнкi, каб iх здзiраць?
Той зiрнуў скоса на Мiколку, паморшчыўся. А Мiколка наступае:
- Буржуй ты!
Начальнiк аж абамлеў, мацi перапалохалася.
- Пузан ты! Ходзiць, як бочка ў штанах... Бач, раз'еўся на маiм карку... Вон!
Начальнiк, доўга не думаючы, даў ходу. Мацi - за iм.
- Даруйце. Дзiцё зусiм не разумее... Вярзе, не разабраўшы што.
А той не слухае, далей шпарыць. Толькi i кiнуў:
- Хамы вы! Самi хамы i дзяцей робiце хамамi.
Дасталася добрая прачуханка Мiколку ад маткi. Але бацька, прыехаўшы з работы i даведаўшыся аб "буржуi", толькi пасмейваўся.
- Так iх, Мiколка, так. Калi дах вось прагнiў, перакрыць трэба, дык iх нямашака... А да цацак дзiцячых чапiцца надумаўся... Крый iх, Мiколка, i ў хвост, i ў грыву...