Михась Лыньков - Миколка-паравоз (на белорусском языке) стр 28.

Шрифт
Фон

Перад тым як пайсцi ў лес, дзед схадзiў да Мiколкавага брата Паўла, якi хаваўся дзесьцi ў горадзе, i вярнуўся адтуль са зброяй. Ужо ў лесе паказваў дзед Мiколку сваю зброю. Гэта быў стары пiсталет, якi мог бы справядлiва канкурыраваць з дзедавай славутай "арудзiяй", якая калiсьцi ўзарвалася ад Мiколкавага стрэлу. Пiсталет быў вялiкi i цяжкi, але дзед любоўна пачысцiў яго, прывязаў рэмень, пералiчыў i перацёр патроны i схаваў зброю за пояс.

Так i пайшлi.

Ужо цямнела, як прыселi яны адпачыць у лесе, недалёчка ад чыгункi. Адзiн за адным iшлi таварныя цягнiкi. Часта з вагонаў чуваць быў роў жывёлы, рохканне свiней, гагатанне гусей.

- Куды гэта такую процьму жывёлы вязуць? - запытаў Мiколка ў дзеда.

- Куды? У Нямеччыну, куды ж iначай...

- А дзе яны бяруць гэтую жывёлу?

- Як дзе? У сялян, па вёсках... Рабуюць немцы ўсё, што трапляе пад рукi, сялян жабракамi пускаюць, адбiраючы ўсё да нiткi.

- Ну, я б iм паказаў, як рабаваць!

- А што б ты зрабiў? - запытаў дзед.

- А пастраляў бы ўсiх! - I Мiколка мнагазначна паглядзеў на дзедаву зброю.

- Вось у тым-то i бяда, што мала ў нас зброi, цяжка з ёй супроць нямецкай вiнтоўкi ды кулямёта выступаць... Вось калi арганiзуемся як след, тады нiякi вораг нам не страшны...

Цiха гутарылi Мiколка з дзедам, адпачываючы на ўскрайку лесу. Але, заўважыўшы нямецкi патруль на чыгунцы, рашылi падацца глыбей у лес, каб выбраць дзе зручную мясцiну для начлегу.

Несцi пiсталет, вiдаць, было ў вялiкi труд дзеду, i ён часта спыняўся, папраўляючы сваё не досыць зручнае "аружжа". Тады Мiколка прасiў дзеда даць яму паднесцi пiсталет, каб крыху ён, дзед, адпачыў. I Мiколка ўрачыста нёс зброю, любоўна пагладжваючы вялiкую чорную рулю, праўда, вельмi заржавелую i аблупленую. Мiколка цэлiўся з пiсталета ў дрэвы, у прыдарожнае каменне i быў вельмi задаволены такiм важнецкiм "аружжам".

"Усё роўна як вiнтоўка i страляе, мусiць, як з гарматы... Цяпер нiякiя немцы нам не страшны... Вось бы паспрабаваць ды пекануць з яго!"

I Мiколка прыстаў, як смала, да дзеда:

- Давай паспрабуем, цi спраўна страляе!

Не было асаблiва ахвоты дзеду займацца стральбой, але дзе ты адчэпiшся ад унука.

- Ну, добра, вось раскладзем агонь, тады i паспрабуем...

Месца для начлегу выбралi надзвычай добрае. Старыя ялiны высока ўзнеслi свае лапы ў чорнае неба, на якiм мiгцелi рэдкiя зоры. Пад ялiнамi быў сухi ўзгорак, на якiм густа разраслiся верасы, папарацi i блiскучы бруснiчнiк. Яловыя лапы так моцна перапляталiся, што праз iх цяжка было прабрацца. Пад iмi было цiха, утульна. Сюды не дасягалi вятры, што глуха гулi ў верхавiнах дрэў, i нiякi дождж не прабiўся б тут праз густыя яловыя нетры.

На ўзгорак нацягалi сухога лiсця, моху i, падаслаўшы на зямлю яловых лапак, змайстравалi такiя мяккiя пасцелi, што дзед аж крактануў ад вялiкага задавальнення.

- Гэта, браце, лепш, чымся твой тапчан у вагоне! Прастор, чыстата, мякка i пах якi духавiты, ну, не раўнуючы, як буржуйская пасцель!

- А ты калi-небудзь спаў, дзеду, на буржуйскай пасцелi? - запытаў Мiколка.

- Спаць не спаў, але думаю, што пасцелi ў буржуяў важныя, мяккiя... Нязручна ж з iх тоўстым пузам ды на падлозе спаць, як нам з табой.

Назбiраўшы яшчэ сушняку, Мiколка з дзедам расклалi невялiкi агонь, i ён весела патрэскваў, асвятляючы блiжэйшыя дрэвы i згушчаючы ценi за iмi. З агнём стала куды весялей. Ён нiбы разганяў i тыя гукi лесавыя, да якiх уважлiва прыслухоўваўся Мiколка i, не разумеючы iх, распытваў дзеда:

- А хто гэта там крычыць?

- А гэта заяц дзе-небудзь каля лесу...

- А хто гэта нiбы рагоча так страшна?

- Гэта сава.

- Дык давай, дзеду, пеканём цяпер з пiсталета. Весялей будзе, i воўк уцячэ, калi пачуе...

- Ваўкi, браце, не страшны! Цяпер страшней двухногiя звяры... А страляць дарэмна не варта, шкада патронаў.

- А ўсё ж паспрабуем, паглядзiм, як страляе.

Дзе ты тут адчэпiшся ад Мiколкi! Згадзiўся дзед. Мiколка ўсё намагаўся, каб самому стрэлiць.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке