Михась Лыньков - Миколка-паравоз (на белорусском языке) стр 25.

Шрифт
Фон

Храп быў такi моцны, што станцыённыя вераб'i, прыляцеўшыя на дровы, палахлiва круцiлi з боку ў бок сваiмi дзюбамi. Яны скоса пазiралi на зямлю i палахлiва падымалiся цэлаю стайкаю далей ад небяспечнага месца, дзе чуюцца такiя страшэнныя, незразумелыя для iх гукi. Нават часавы ля пакгаўза пазiраў часам на штабелi дроў, але, добра прыслухаўшыся, пачынаў так пазяхаць, што чутно было, як патрэскваюць яго скiвiцы. Вiдаць, зайздрасць брала чалавека да такога важнецкага сну.

На храп i дабраўся Мiколка да дзеда. Той, палажыўшы пад галаву бярозавы цюльпак, спаў як пшанiцу прадаўшы.

"З такiм гучным носам можна лёгка i ў турму патрапiць..." - падумаў Мiколка i пачаў асцярожна будзiць дзеда, торгаючы за руку.

Дзед нечакана раскрыў рот ды як грымне:

- Другая арудзiя па бастыёну карцеччу, агонь!

Аж прысеў тут Мiколка, ды пакгаўзныя галубы зноў узвiлiся спалоханай стайкай, ды крыкнуў часавы па-нямецку:

- Эй! Хто там?

Аднак не iсцi ж Мiколку да часавога i растлумачваць яму, што ў дровах нiчога страшнага няма, што дзед Астап проста снiць свае турэцкiя баталii, ад якiх цяпер нiкому нi холадна нi горача. Мiколка хуценька прыкрыў дзеду рот далоняй i лёгка таргануў яго за бок. Адкрыў дзед вочы, схамянуўшыся, нешта гаварыць захацеў.

Але Мiколка рашуча замахаў яму рукой пад самым носам i цiха шапнуў:

- Нiшкнi, дзед!

Часавы паслухаў, паслухаў - не чуваць нiчога - i паклыпаў на другi канец пакгаўза.

- Ну, цяпер выбiрайся, дзеду, з дроў i блiзка сюды не падыходзь. Аднак i падкачаў ты, дзед, можна сказаць, на баявым пасту... - хацеў Мiколка сказаць "заснуў", але не хацелася крыўдзiць дзеда.

- Што падкачаў, то падкачаў... - вiнавата прамовiў дзед. - Гады бяруць сваё, унучак мой... Сядзеў я тут ноччу, сядзеў, пакуль ты пад пакгаўз лазiў, ды неяк i задрамаў... А тут i сняцца мне ўсякiя туркi ды крэпасцi. Усё наступаю ды наступаю. I вось-вось ужо ў атаку павiнен быў кiнуцца, а ты разбудзiў...

- А дарэмна ты, дзед, у атаку хадзiў!

- Як так дарэмна?

- А для чаго ты турэцкiя дывiзii лажыў, людзей бiў? За цара ваяваў? А ты ж вось уведаў пасля, што гэта за птушка твой цар?

- Дык вось у тым-та i справа, што пасля... А цар? Якi ён мой?

- Ну, вось! - пераможна сказаў Мiколка i, захапiўшыся, яшчэ колькi хвiлiн ушчуваў дзеда за яго турэцкiя прыгоды. Дзед спачатку ўсё аднекваўся, апраўдваўся сваёй мiнулай цемнатой, але потым у спрэчкi ўкiнуўся:

- Добра табе так разважаць, калi ты ўсяго старога жыцця не бачыў, а пражыў бы з мае гады...

Слова за слова, спрэчкi набылi такi гарачы характар, што нашы субяседнiкi i не заўважылi, як апынулiся пасярод нямецкiх салдат, якiя акружылi iх i чакалi далейшай каманды рыжавусага i надзвычай злоснага на вiд нямецкага каменданта.

- Ну, вось i прыехалi... - сказаў з перапуду дзед i змоўк.

Маўчаў i Мiколка, праклiнаючы ў думках дзедавы арудзii i турэцкiя бастыёны, праз якiя так нечакана трапiлi ў нямецкiя лапы. "Гэта ж трэба, надумалiся дзе спрачацца з дзедам!"

Па загаду каменданта iх прывялi да пакгаўза.

А справа ўся адбылася такiм чынам. Нямецкi камендант, якi прыйшоў з атрадам салдат, каб пераправiць арыштаваных з пакгаўза ў арыштанцкi вагон, учуяў гучныя спрэчкi Мiколкi з дзедам. Наяўнасць лiшнiх людзей ля пакгаўза паказалася яму падазронай, ды i хто наогул мае права блiзка хадзiць ля такога месца... Так натрапiў ён на Мiколку з дзедам i, каб высветлiць, што яны за людзi, затрымаў iх да пары да часу. Нельга сказаць, каб Мiколка з дзедам адчувалi сябе зручна пад нямецкiмi штыкамi, але далейшыя падзеi намнога ўзнагародзiлi iх за якiя паўгадзiны нечаканага палону.

Паставiўшы дзеда i Мiколку каля пакгаўза, камендант важна рушыў да дзвярэй, сарваў пячатку на замку, адамкнуў замок i пацягнуў дзверы. Дзверы не паддавалiся.

Мiколка сачыў за камендантам, за яго работай i хiтра падмiргваў дзеду.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке