Михась Лыньков - Миколка-паравоз (на белорусском языке) стр 19.

Шрифт
Фон

Калi прачнуўся Мiколка, то пачуў у горадзе стралянiну. На станцыi было надзвычай весела. Над будынкам вакзала калыхаўся аграмадны чырвоны сцяг. Усюды было поўна людзей, i ўсе былi радасныя, вясёлыя. Не вiдаць было нi жандара, якi вечна тырчаў са сваёй чырвонай шапкай, пахавалася кудысьцi начальства ды афiцэры, якiх раней багата было ў праходзiўшых праз станцыю эшалонах. I што зусiм здзiвiла Мiколку - ён смела прайшоў у тую залу, куды раней нiколi не мог папасцi нават разам з бацькам. Нiхто не затрымаў яго цяпер. У зале першага класа вiсеў на сцяне аграмадны партрэт цара. Вось цяпер гэты партрэт рабочыя дэпо здзiралi са сцяны. Здзiралi з мясам. Ужо зляцелi на падлогу царскiя ногi i мундзiр, толькi галава пад каронай, учапiўшыся за цвiкi, усё яшчэ вiсела на сцяне. Вось гэтую галаву i сцягвалi багром рабочыя.

У залу ўбег начальнiк станцыi. Ён зiрнуў на сцяну, ахнуў i замахаў рукамi:

- Што вы робiце з партрэтам, вы ўсю сцяну папсавалi!

За начальнiкам нехта пагнаўся жартам, а другiя ўжо зусiм без жартаў параiлi начальнiку вымятацца:

- А не, дык павесiм на царскае месца...

Хутка царская галава з кавалкам рамы i прыстаўшым да яе тынкам з грукатам паляцела ўнiз, узняўшы цэлыя клубы пылу, ад якога ўсе пачалi дружна чыхаць.

- Адзiная хаця карысць з цара - насы прачысцiм... - пасмейвалiся рабочыя, калi стары прыбiральшчык станцыi змятаў у кучу цара, тынк i ўсякую гразь, каб вынесцi яе на сметнiк.

- Вось, браце, як цароў скiдаюць! - кiнуў нехта, смеючыся, Мiколку.

За станцыяй яшчэ чулiся стрэлы. То не здавалiся на некаторых вулiцах жандары i гарадавыя. Але стрэлы былi радзей i радзей. Мiколка кiнуўся ў горад. Па галоўнай вулiцы вялi групу арыштаваных. Тут было некалькi афiцэраў, жандары, кучка гарадавых. Усе яны скоса пазiралi на народ, i злосныя агеньчыкi паблiсквалi ў iх пахмурых вачах.

- А... фараоны, папалiся, гады! Не век жа вам чужую кроў смактаць! чулiся паасобныя выклiкi людзей з тратуараў, з вулiцы.

"Нешта нашага жандара не вiдаць... Яшчэ ўцячэ куды, гад..." - падумаў Мiколка пра жандара са станцыi. Вось бы каго злавiць, вось бы каму даць: за бацьку, за дзеда Астапа, за стары вагон, у якiм радзiўся Мiколка i з якога выкiнуў яго ненавiсны гэты чалавек.

I толькi гэта падумаў Мiколка, як бачыць ён: стаiць гэты жандар на базары ў кучцы людзей, гаворыць нешта. Толькi аблiчча зусiм другое i вусы абстрыг, шынель змянiў на палiто, нiякай пры iм шапкi жандарскай, нi шаблi. Стаiць i з людзьмi гаворыць. Цэлая група сялян тут сабралася. Аб цару гавораць, аб свабодзе.

- Нам гэта куды вальгатней цяпер будзе, зямлi прыбавяць... - кажуць некаторыя сяляне.

- Як жа, чакайце зямлi, калi нiякага парадку цяпер не будзе, нiякага закону... - устаўляе сваё слова жандар.

Слова за слова i ўжо цэлую прамову шпарыць жандар. I выходзiць па-ягонаму, што цяпер настала самая дрэнная часiна, што "змушчаюць" народ розныя свавольцы, фабрычныя ды жыды. Як-нiяк перашкаджаў iм цар апошнiя сокi з мужыка выцiскаць.

А цяпер хочуць гэтыя людзi свой парадак устанавiць.

Уздыхаюць сяляне, згаджаюцца, не згаджаюцца. Некаторыя спрачацца кiнулiся.

- Што нi кажы, чалавеча, а перамена павiнна быць вялiкая... Вось каб ведаў ты, колькi нашага брата розныя ўраднiкi, стражнiкi ды жандары прыцiскалi.

- Пра стражнiкаў ды жандараў я не кажу... Вядома, гэта сабакi... Але пры чым тут цар, хiба ён ведаў, як народ жыве, усё ад яго скрывалi... - так гаворыць жандар i ў вус не дзьме, нiбы ён самы найлепшы, самы працавiты чалавек на свеце.

I ўжо хацелася Мiколку крыкнуць на ўвесь голас: "Лавiце яго, вось ён, жандар!" Але пабаяўся крыху. Яшчэ не павераць яму людзi, дык гэты гад, чаго добрага, i пабiць яго надумаецца. I тут заўважыў Мiколка, як праз проразь палiто вiдаць жандарскiя сiнiя штаны. I тады адразу з'явiўся ў Мiколкi план, як спрытней узяць ворага.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке