На роднае дзiця з ражном перцi... Ды Бога пабаялася б, ён жа ўсё бача... - i дзед урачыста падымае руку ўгару, нiбы хоча паказаць ёй Бога на небе. Усё гэта ён робiць, каб адцягнуць матчыну ўвагу ад Мiколкавых тапчаноў. Мацi мiмаволi глядзiць угару. Там ляцiць звычайная варона. Пакуль мацi прыглядаецца да яе, Мiколка паспявае вылезцi з-пад тапчаноў i праслiзнуць у дзверы пад самымi матчынымi рукамi. Тая толькi паспявае войкнуць - лавi цяпер бязбожнiка ў чыстым полi. Усё гэта хiтрыкi дзеда, i мацi добра разумее яго палiтыку. Але што ты з гэтым дзедам зробiш, не ганяцца ж за iм з качаргой, за гэтым старым бязбожнiкам.
А дзед ужо iдзе з Мiколкам да дэпо i павучае ўнука:
- Ты, браце, заўсёды, калi туга табе давядзецца з Багародзiцай, дык iмчы ў дэпо. У нас, браце, багi не ў пашане, ураз iм крыллi абскубуць.
I сапраўды, хоць i вiселi ў дэпо сям-там абразы, але не бачыў Мiколка, каб дужа малiлiся перад iмi, шапкi скiдалi. Усё больш завiхалiся ля паравозаў, ля паравозных колаў, кляпалi паравозныя печы, расточвалi цылiндры. I такi грукат стаяў там, што любы Бог, як думаў Мiколка, адразу павiнен быў аглухнуць. А якая пашана iм, глухiм. Вiсяць вось на сценах, копацi набiраюцца. I не дзiва, што дэпоўцы не паважаюць багоў. Вось i Мiколкаў бацька, калi надакучала мацi яму сваiмi жалобамi на сынава бязбожнiцтва, звычайна агрызаўся:
- А кiнь ты са сваiм дурным Богам!
Дзiвiўся тады Мiколка: у мацi Бог разумны, у бацькi ж ён выходзiць дурным. Каму ж верыць? Вiдаць, бацьку, бо той усё ведае, той свет аб'ехаў на паравозе. I ўсё большае непавагi набiраўся Мiколка да багоў, хоць i цярпеў за гэта не раз вялiкiя непрыемнасцi. I не толькi ад маткi, але асаблiва ў школе, куды давялося яму ў хуткiм часе патрапiць. Тут адразу ўткнуўся ён у дыскусiю з папом, не ведаючы спачатку, што такiя дыскусii заўсёды канчаюцца для вучняў вельмi кепска. Поп, заўважыўшы новага вучня, адразу спытаў Мiколку:
- Хто ты такi?
- Мiколка... - крыху нерашуча адказаў ён.
- Дурань! - накiнуўся чамусьцi поп. - Перш за ўсё ты раб Божы...
- Ну, гэта ўжо хлусня, усё роўна, што ў дзеда пра туркаў, - набраўся смеласцi Мiколка. - А мы не рабы божыя, а рабочыя-дэпоўцы...
Чуў Мiколка пра рабочых, а пра нейкiх рабоў яму чуць не даводзiлася. Тут i ўсхадзiўся поп.
- Хто, хто? - перапытаў ён, набiраючыся злосцi, i ўжо запусцiў свае пальцы ў Мiколкаў вiхор.
- Паравознiкi мы, во хто мы... - пераказаў яшчэ раз Мiколка, горка плачучы, бо поп не на жарты ўзяўся за яго чуб.
А другi раз такая дыскусiя закончылася яшчэ горш для Мiколкi. Расказваў поп, як Бог займаўся будаўнiцтвам, як будаваў i стварыў свет, неба, зямлю, раслiны i жывёлу i як урэшце ён чалавека стварыў, Адама, а з яго рабрыны жонку гэтаму чалавеку, Еву. Слухаў, слухаў Мiколка ды - у рогат. Так i пусцiўся ў смехi, аж да скамейкi прысядае. Раз'ярыўся поп, наступае грозна на Мiколку:
- Ты чаго, iрад, з Божага слова смяешся?
А Мiколка не сцiхае, рагоча, залiваецца. I як не смяяцца яму. Узгадаў ён пра Адама i Еву. Не пра тых, з якiмi Бог займаўся, а пра самых звычайных. Пра стрэлачнiка Адама i прыбiральшчыцу Еву, якая дэпо падмятала. Худзюшчыя абодва, толькi рэбры ды косцi. А "буржуй" вунь тоўсты-тоўсты, ледзь у дзверы пралазiць, калi ходзiць па складу. А поп ужо за вуха Мiколкава ўзяўся:
- Кiнь смяяцца, кажу!
- То як жа кiнуць, калi смешна... Калi Адам i Ева ў нас такiя хударлявыя, што Богу i клопату не было з iмi, цi доўга iх стварыць... А вось як гэта Бог "буржуя" стварыў, няйначай тры днi пацеў.
- Якога "буржуя"? - вытарашчыў поп вочы.
- Ды нашага, што складам пры дэпо i нашымi вагонамi, дзе мы жывём, загадвае... Такi ж таўшчэзны. I злосны, гад, як прыйдзе, дык усё лаецца.
Поп учапiўся, як абцугамi, за вуха i пацёг Мiколку ў кут на каленi.
- Станавiся тут i не варушыся! - i як бразне Мiколку аб падлогу, у таго аж iскры пасыпалiся з вачэй.