План належаў Роні. Яна так і сказала The Plan, Той Самы План. Агучыла яна яго падчас другой сустрэчы, у Берліне.
Тады ў нашай мілоснай гісторыі ўжо адгрымела бура знаёмства ў Кішынёве, дзе мы даволі так безапеляцыйна ўлялюшчыліся. Быў у нашым актыве таксама адзін, як па шчырасці, дык крываваты пацалунак.
У тую пару я ездзіў паўсюль, ад Лісабона да Тбілісі. Самая сярэдзіна 2000-х. Еўрасаюз ладзіў бясконцыя канферэнцыі і майстар-класы для культурных актывістаў памежных краін. У паездкі па Еўропе мяне прыстроіла знаёмая, дырэктарка адной прыватнай менскай галерэі. Яна не была маёй пацыенткай. Аднак, наслухаўшыся гісторыяў пра Бабарозу, тая знаёмая часцяком бажылася, што калі нашыя прыйдуць да ўлады і яна зробіцца міністаркай культуры, дык абавязкова ўнясе Комплекс Персея, мой псіхааналітычны метад лекаваць пацыентаў з дапамогай сямейных гісторый, у спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА. Побач з абрадавай гульнёй Жаніцьба Цярэшкі, клінічным псіхатэстам Шульмана з фігурамі, зашыфраванымі ў выцінанках, і парушніцкім лемезам, таемным слэнгам шклоўскіх шапавалаў.
У еўрапейцаў заўсёдная апантанасць чамусьці навучыць памежных тубыльцаў чаргуецца з не меншай перакананасцю, што нічому ты гэтых цывілізацыйных абібокаў не навучыш. На месцах усе даўно трымаліся думкі: нас, то бок украінцаў, армян, малдаванаў, беларусаў, грузінаў, ні на што ўцямнае не наставіш ні ў палітыцы, ні ў культуры. І мы, сыны сваіх народаў, цалкам апраўдвалі ўсе негатыўныя чаканні. На майстар-класах беспрабудна спалі пасля ўчорашняга, недарэчна балбаталі што на рот лезе. Па-расійску міжсобку дзяліліся ўражаннямі пра постсаўковы вэрхал, пілі мясцовае віно і да ранку бадзяліся па напаўмузейнай брукаванцы.
Кішынёў гэта была дванаццатая ці трынаццатая такая сустрэча. Мы, недаеўрапейскія вучні і нашы еўрапейскія выкладчыкі, па-дэмакратычнаму сядзелі абапал канферэнцыйнага стала. Роні заняла месца побач са мною.
Я хіхікаў, падцінаў Роні. Яна потым сказала, што ўжо тады яна паклала на мяне вока. Роні паклікалі на канферэнцыю ў якасці тютара. Яна мусіла расказаць, як трэба культурна жыць. Яна, гэтаксама, як і вучні, была перакананая, што нічому нас не навучыш, і таму мае зедлівыя кепікі і жарты слухала з ухвальнай усмешкай, у перапынках гуляючы ў тэтрыс на ноўтбуку.
Потым мы з ёй, згаварыўшыся, далі драла з заняткаў: я проста ўцёк, а Роні хуценька выклала сваю лекцыю, нешта кшталту Карысць культурнага менеджменту ва ўмовах татальнага расхэўдусу і выслізнула з аўдыторыі толькі потым. Было дамоўлена, што я чакацьму яе ля ўвахода ў гатэль Космас.
Мы гулялі па вясновым Кішынёве. Пілі неблагое віно проста з рыльца, балбаталі што на рот лезе. Я травіў гісторыі пра пяцёх жонак Дзядзюлі і яго тысячу каханак. Мы спявалі адно аднаму дурным голасам, Роні нямецкую салдацкую пра пяхотніка, які вярнуўся з швабска-дацкай вайны 1775 года. Я ж настолькі асмялеў (ахмялеў?), што гарлаў хіты з песенніка непаліткарэктнага дзікуна: Шпацырэн, шпацырэн, дойчэн афіцырэн! Партызанэн піф-піф-піф, камуністэн паф-паф-паф. Гэтай рачоўцы ў дзяцінстве мяне навучыла Бабароза. Роні брала мяне за рукі, і мы кружлялі па вулках жоўтасценнага горада ў галавакрутным вальсе.
У апошні дзень майстар-класаў мы злавілі таксоўку і за нейкую смешную суму паехалі ў манастыр сярод гор. У манастыры елі хлеб з арэхамі і глядзелі на навакольныя вертыкалі. Быў канец лютага у далінах ляжаў снег, але, на беларускія рэаліі, гэта адчувалася як красавік. Роні гойсала ў адной саколцы.
Па вяртанні ў гатэль, да Роні ў нумар я не пайшоў. Мы развітваліся ў ліфце. Роні горача абняла мяне, моцна прытуліўшыся да шчакі. Прамармытала, што, можа быць, мы сустрэнемся яшчэ, дзесьці ў Еўропе, на якім-небудзь майстар-класе. Ужо на самоце ў ліфце я ўсё думаў, як я хачу яе, але маладушна разважыў яшчэ, што страшнейшай цяпер для мяне будзе яе адмова, таму лепей не спрабаваць увогуле. Я зашыўся ў свой нумар, дзе ад перажывання і любоўных ваганняў паваліўся на ложак ды імгненна заснуў.
Пабудзіў мяне тэлефонны званок хвілін праз дзесяць.
Ўот ар ю дуінг?
Спрабую спаць
Спаць? Ты спіш?! Тады калі я тут уся знемаглася, марачы, як пераспаць з табою!
Я вокамгненна прачнуўся. Роні тэліла са свайго гатэльнага нумара. Калі шчыра, можа, яна крыкнула нешта іншае, я быў прыспаны адно што ў яе крыку я выразна пачуў тройчы запар слова sleep, спаць.
Я іду, Роні! загырчаў я.