Павал Касцюкевіч - План Бабарозы стр 8.

Шрифт
Фон

Нібы пацвярджаючы, што рамантыкі і прыстойных закалотаў у Менску і ваколіцах не водзіцца ад пачатку, Дзедбарыс, адзіны прыроджаны мянчук і сірата сярод дзядоў, на вечарах успамінаў языка не вытыркаў. Адно сядзеў і моўчкі ківаў прысутным, пакуль яго вусны самохаць не разязджаліся ў яго фірмовай, дурнавата-мройнай усмешцы. Ніколі ён не апавядаў пра сваё даваеннае менскае дзяцінства. І сапраўды, нашто таўчы пустое, Ігароша? Што цікавага і годнага ўвагі можа быць у Свінску?!

 Сувораў, Кромвель, Іван Жахлівы, Напалеон, Чынгіз-Хан славутыя імёны выляталі з Дзядзюлі, першага мужа Бабагруні, усё роўна як мячыкі з тэніснай гарматы. У пятніцу вечарам мы ішлі пехам у бок яго кватэры на Прывакзальнай плошчы. Калі артабстрэл канчаўся, Дзядзюля, адданы гісторыкаматар і ўладальнік вялікага кнігазбору, з нейкай такой горыччу прыпячатваў:

 і вось, Ігаль, не паверыш, якую гістарычную постаць ні назаві любая не адсюль!

Я азіраўся па баках. У тварах мінакоў я не змячаў ані следу падабенства да прыгаданых вышэй асобаў. Ужо тады я ведаў, што ўсе гістарычныя персоны, такія, як Майсей ці Жанна дАрк, былі колісь звычайнымі шараговымі людзьмі, якія гібелі ў шэрасці і шараговасці. Але потым, зрабіўшы нейкі такі марш-кідок у сваім развіцці, падштурхнутыя грандыёзнымі падзеямі, адразу скокалі ў найвышэйшую лігу гістарычных суперстараў. Аднак у менскіх мінаках я не бачыў нават намёку на такіх герояў. Нягеглая хада, нязграбныя жэсты. Каструбаватая трасянка, якая, здаецца, толькі для таго і прыдуманая, каб слугаваць ніжэйшым патрэбам свайго носьбіта. Вечна панурыя, занураныя ва ўласныя развагі вочы. І самае галоўнае, які, на халеру, марш-кідок, якія грандыёзныя падзеі: каго вызваляць? Ад чаго? За што біцца ў нашай занадта мірнай рэспубліцы? Мне рабілася няёмка. Не перад Дзядзюлем перад сваёй будучыняй.

Тым часам мы выходзілі з Верхняга горада. Справа марозна бялеў снегавымі вежамі Пішчалаўскі замак, перароблены ў турму. Злева пад пышнай абалонкай Рускага тэатра трапятала хрыбціна Харальнай сінагогі. Наперадзе надзіў агнямі праспект Леніна, ён жа праспект Сталіна, ён жа Гаўптштрасэ, ён жа вуліца Міцкевіча, ён жа вуліца Захареўская.

 Тут жа ж з гістарычнага гледзішча, Ігаль, проста голае поле! працягваў жаліцца Дзядзюля. Дзіч і пустка. Ажно дзіўна робіцца, як такое можа быць пасярод шчыльнага і багатага на падзеі еўрапейскага гушчару Ну, ты сам усё разумееш

Мы міналі Чабурэчную на Валадарскага, 9, на паўдарогі паміж турмамі валадаркаю і амерыканкай. У гэтым будынку на трэцім паверсе ў 1918 абвесцілі Беларускую Народную Рэспубліку, а трошкі пазней, у канцы саракавых, тут, у рэстаране Рэстаран, на першым паверсе мыла падлогу цешча Дзядзюлі Бабароза. Мы міналі ганак Чабурэчнай, па якім Бабарозу ў 1951 годзе выводзілі ў кайданках. Я прасіў Дзядзюлю апавесці яшчэ раз, як за крадзеж, сістэматычныя прыпіскі і падробку накладных дырэктарку рэстарана і Бабарозу, звычайную прыбіральніцу, прыехалі арыштоўваць ажно сем чалавек аператыўнікаў у цывільным. І як, калі яны зайшлі ў залу, дык усе наведнікі, якія абедалі там, падумалі, што прыйшлі арыштоўваць менавіта іх. І як адусюль пачуўся бразгат відэльцаў аб падлогу і пабітага посуду, бо адначасна на ногі пападскокваў цэлы рэстаран, уключна з супрацоўнікамі дзяржбяспекі і міліцыі, якія тут раз-пораз харчаваліся, бо побач былі будынкі МДБ і МУС, а яны сюды хадзілі, бо ім час ад часу надакучвалі іхнія ведамасныя сталоўкі. І як праз некалькі хвілін Бабарозу і дырэктарку правялі па рэстаране ў кайданках, а ўсе наведнікі амаль не хаваючыся заўсміхаліся, бо ўрэшце арыштавалі не іх. Ішла таксама і ўсміхалася Бабароза. Яе ўзялі як раскрадальніцу сацыялістычнай маёмасці, а не як жонку ворага народа, нямецкага калабаранта Дзедвасілія. Цяпер яна была лагодная і амаль шчаслівая. Ёй больш не давядзецца трэсціся ад любога званка ў дзверы, і максімум, што ёй свеціць два гады турмы агульнага (чытай курортнага) рэжыму ў калоніі.

* * *

План належаў Роні. Яна так і сказала The Plan, Той Самы План. Агучыла яна яго падчас другой сустрэчы, у Берліне.

Тады ў нашай мілоснай гісторыі ўжо адгрымела бура знаёмства ў Кішынёве, дзе мы даволі так безапеляцыйна ўлялюшчыліся. Быў у нашым актыве таксама адзін, як па шчырасці, дык крываваты пацалунак.

У тую пару я ездзіў паўсюль, ад Лісабона да Тбілісі. Самая сярэдзіна 2000-х. Еўрасаюз ладзіў бясконцыя канферэнцыі і майстар-класы для культурных актывістаў памежных краін. У паездкі па Еўропе мяне прыстроіла знаёмая, дырэктарка адной прыватнай менскай галерэі. Яна не была маёй пацыенткай. Аднак, наслухаўшыся гісторыяў пра Бабарозу, тая знаёмая часцяком бажылася, што калі нашыя прыйдуць да ўлады і яна зробіцца міністаркай культуры, дык абавязкова ўнясе Комплекс Персея, мой псіхааналітычны метад лекаваць пацыентаў з дапамогай сямейных гісторый, у спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА. Побач з абрадавай гульнёй Жаніцьба Цярэшкі, клінічным псіхатэстам Шульмана з фігурамі, зашыфраванымі ў выцінанках, і парушніцкім лемезам, таемным слэнгам шклоўскіх шапавалаў.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3