Павал Касцюкевіч - План Бабарозы стр 7.

Шрифт
Фон

 У Мінску ўсё па-свінску, Ігарочачак, ось так ось.

 Разве она Белая? Разве она Рос-сія, Ігорь? рэльефна вымаўляла мая чухонская Бабаманя, бацькава мама, і яе голас пачынаў дрыжаць на падвойным с, нібыта яна, дачка сумскага народа, блукае і ніяк не можа выблытацца з бязладнага змроку крывіцкіх балот на гарманічную бель Ладажскага возера.

Я нутрана пагаджаўся з дзядамі сапраўды, хавайся ў бульбу якое закалдычча гэтая Беларусь! Не, яна зусім не белая, і ні кропелькі не Расія. Не Галіцыя і не Гішпанія

Бацькі, карэнныя менчукі, што маглі выставіць яны супраць гэтай невымоўнай прыгажосці чужых краёў? Краёў, дзе навакольныя фарбы сакавіцейшыя, нібыта адразу пасля дажджу, а паветра саладзейшае, нібыта перад самым заходам ліпеньскага сонца?

Аднак, як па шчырасці, дык рук бацькі ў гэтай справе не згарталі. Спрабавалі свой антызахад, заразу выганялі заразаю вадзілі тыцнуць у Менск носам. Даць мне адчуць тутэйшае жыццё на дотык. Балазе ў гэтага каменнага гультая ўсё пад рукою. Вакзал, праспект, стадыён Дынама.

Мама кажа:

 Вось тут, каля вунь таго выгіну Свіслачы я колісь сустрэлася з першым кавалерам, Авіцісам Бадасянам, і калі б усё атрымалася ну, ты сам усё разумееш ты б сёння, у даважак да ўсіх сваіх нацыянальнасцяў, мог быць яшчэ і курдам, хі-хі А тут побач, сынок, замест гэтага бара Старое рэчышча стаяў паганскі татэмны камень.

Аднак я бачу не вядзьмарскі камень, а зарыганую піўнуху, складзеную з абшарпанай жоўтай цэглы. З піўнухі выпаўзае не таямнічы мамін курд, які мог бы пры пэўных раскладах зрабіцца маім бацькам, а падвясёленыя, абцёрханыя жыццём калдыры з Серабранкі. Ажно ўяўляць нічога далей і не хочацца.

Мы падымаемся вышэй да праспекта. Мяне прадстаўляюць фасадным калюмнам Тэатра Юнага Гледача. Я збянтэжаны. Груба-таўсматыя, закатаныя ў шчодры слой грыму калоны ў параўнанні з вытанчанымі ленінградскімі растральнымі (я бачыў іх на студэнцкіх здымках Бабамані) падаюцца таннай падробкай. Здзекам і марным высілкам мне спадабацца.

Ну, не можа быць рамантыкі на вуліцах з назвамі Лодачная, Экскаватарная, Калектарная і Трэцяя Пасялковая! Як тое Старое рэчышча на беразе рэчкігразяцечкі можа спаборнічаць з харашмянай хацінай на шыкоўным беразе Ладажскага возера, якая належала карэльскім продкам Бабалюсі? Або ці можа менская піўнуха хоць у якім свеце цягацца нават з самай заняпаднай гжэльскай чайняй? Чайняй, збудаванай без адзінага цвіка (бо дошкі дасканала дапасаваныя), у чыіх шыкоўных разьбяных хорамах да ачмуру напампоўваўся зранку гарбатай, а ўвечары гарэлкай, малады Дзедвасілій? А гатычная аптэка ў Кракаве, якой валодаў прапрадзед Дзядзюлі, Дзедтанхум? Яе якой менскай будынінай крыць будзеце, бацькі харошыя?

Устурбаваны, я аглядаў нашую блочную двухпакаёўку ў Зялёным Лузе. Цяснотныя пакоікі, дзе сценка ідзе на сценку. Стандартная пінскдрэўная мэбля. Вокны глядзяць на вечна вільготны курапацкі лес. Хіба гэтая нудоць можа ісці ў параўнанне з доўгімі, поўнымі таямнічых ценяў і зданяў, калідорамі камуналкі на Выбаргскай Старане? З ленінградскімі калідорамі, якія вялі ў іншыя вымярэнні? Або часам рабілі ласку сваім насельнікам і заканцоўваліся грамадскай кухняй велічынёю з Сенацкі пляц?

Я заходзіў на нашу куханьку з плітой Запоріжжя і лядоўняй Сара (канчатак -тов адкалоўся і бясследна з надпісу знік), і каб жа чаго ўявіць гістарычнага ці на благі канец дагістарычнага, што магло б тут адбыцца, рады не даваў. Дзіч і пустка.

У той жа час я даволі лёгка вымройваў, як на далёкай ленінградскай камунальнай кухні, не раўнуючы касмічныя ракеты перад стартам, дундзяць і дымяцца шэрагі напаўміфічных прымусаў. Мне нічога не каштавала ўявіць, як пад гэты зладжаны шум ніколі не бачаны мною прадзед Дзядзмінька, бацька Бабамані і муж Бабалюсі, пралетар з манерамі багемшчыка, чыя поўнае імя было Імануіл, няспешна бярэ чарачку са сваім субутэльнікам: крыху старасвецкім, але зухаватым акторам Паўлам Кадачнікавым. Тым самым Кадачнікавым, які сыграў бязногага лётчыка Мярэсьева (якое хараство!) у кінастужцы Аповесць аб сапраўдным чалавеку.

Нават Беларусь была далёка. Недзе там, за курапацкім лесам, Усходнімі могілкамі, садова-дачнымі таварыствамі, палямі і непралазнымі пушчамі. Недзе там, далёка-далёка, дзе цячэ напаўфантастычны Нёман, на чыіх берагах жывуць сяляне (цёмен сам, белы вус). Яны размаўляюць без трасянкі, ходзяць у ільняных кашулях з арнаментам і шмат стагоддзяў жывуць дзядоўскім манерам. Ось там і адбываецца ўсё сапраўдна-беларускае. Там удзень мужчыны ганяюць па прыбярэжных хмызах польскіх паноў і нямецкіх акупантаў. А жанчыны ў намітках жнуць сярпамі бясконцыя васільковыя палі. Увечары ж тыя сяляне збіраюцца грамадой ля купальскіх вогнішчаў і пад месяцам на паўнеба хорам цягнуць Бедну басоту і Перапёлачку.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3