Павал Касцюкевіч - План Бабарозы стр 6.

Шрифт
Фон

Урэшце бабулі і дзяды, нібыта задаволеныя крывасмокі, разязджаліся па сваіх менскіх кутах і закуточках. З адвіслымі ад гаварнечы сківіцамі, пакідалі нас адных з бацькамі ў двухпакаёўцы на мікрараёне Зялёны Луг. Або вярталі мяне нядзельным вечарам пасля пянкіх і галюцынагенных выходных з хрушчоўкі на Кнорына (ці брэжнеўкі на Чкалава) вярталі на дзявяты паверх у зялёналужскую панэльку.

Як толькі нас пакідаюць сам-насам, дык бацька, яшчэ не паспеўшы сцерці з твару развітальную ўсмешку, насамперш адчыняе ў маім пакоі фортку, ледзьве не вырываючы клямар з мясам. Каб скавыш здзьмуў, сарваў з маёй вопраткі прыблудны ачмур крамольнага летуценніцтва. Каб бескарысныя і, можа, нават шкодныя гісторыі, што прасякалі мяне ў дзядоўскіх сералях, павыходзілі праз фортку прэч.

Прахоплены сцюдзёным скавышом, я азіраюся. Казачныя краіны з дзіўнымі назовамі, кліматам і ландшафтам, што стракатым кілімам яшчэ зранку высцілаліся перад маім унутраным позіркам, цяпер пакрысе знікаюць, злушчваюцца. Праступае шэра-нудны слой менскай рэальнасці.

І толькі тады бацька пачынае гутарку, патрабуючы падрабязнай справаздачы. Дакладных лічбаў і фактаў. Шпіёнскіх звестак з далёкіх калоніяў. Ці пе яшчэ Дзедлёня свой любовегонны чыфір? Колькі меладрамаў запар паглядзела Бабагруня суботнім вечарам? І ці ўсміхаецца Дзедбарыс сваёй заўсёднай дурнавата-мройнай усмешкай таксама ўва сне?

Я пэкаю і мэкаю. Нібыта Лоўрэнс Аравійскі, пасланы колісь лонданскім начальствам у пустэльню на выведку, я вярнуўся зачараваны бляскам Усходу. Атрымаўшы ад тубыльцаў дабротаў і ўзнагародаў, цяпер я адмаўляюся выдаваць сувораму шэфу, вусатаму генералу Эдмунду Аленбі новых сяброў.

Тым часам еўрапейская іерархія аднаўлялася ў бацькоўскім доме агнём і мячом. Я наноў прывыкаў да выхаваўчага чаргавання караў і заахвочванняў. Мама бязлітасна пасылала мяне ў краму па батон або загадвала вынесці вядро са смеццем. Сына навярталі ў рэальнасць, упіхваючы ў руку доўгі спіс абавязкаў. Справядлівае размеркаванне рэсурсаў, гэтак любае бацькам і гэтак пагарджанае дзядамі, зноў убіралася ў моц.

 Кожнаму з нас па два кубікі шакаладкі, Ігар, а большасць пліткі пакінем на заўтра, кажа бацька, і да майго горла падкатваецца камяк крыўды:

Чаму два, а не тры, чаму не чатыры? Чаму не ўся плітка?

Улучыўшы хвіліну між экзекуцыямі, я зашываўся ў прыбіральню. Там, седзячы на ўнітазным вечку з няспушчанымі порткамі, у прыпадку няшчаснасці я мерна разгойдваўся. Размазваў слёзы па шчацэ. Заўтра ў нудотную школу, а я тут, сярод чалавечай лютасці, такі гаротны і пакінуты! Выдраны з мясам з райскіх садоў дзядоўскай мінуўшчыны. Вышпурнуты на мулкую пустку бацькоўскай цяпершчыны, голы ды смяротны!

Але ж бяда-гора трывалі нядоўга. Бо ўжо ў аўторак вечарам першая ластаўка, Бабаманя, як той сулейманавы джын, віхурай спускалася са сляпучых вяршыняў. Яна несла кавалічак маннічку для ўнучачка, салодкую камлыгу-мамалыгу вагою пад пяць кэгэ. Седзячы ў кухні і расчулена паўтараючы за мною глытальныя рухі, Бабаманя, жонка былога марскога афіцэра Дзедбарыса, імітавала абрывістыя каманды на гонары Балтыйскага флоту авіяносцы Мінск, які рэйдуе недзе ў Ціхім акіяне. Скручанымі колам рукамі Бабаманя дэманстравала абхоп карабельнай гарматы. Разгорнутай далонню рабіла ў паветры падрабязны накід траекторыі ўзлёту якаў-38 з карабельнае палубы.

Пры дапамозе гэтага пажыўнага манніку і адмысловай серыі гучных і красамоўных паказаў на пальцах, я зноў злятаў з мулкай палубы горада Менск у бурлівае мора дзядоўскіх мрояў. Выпраўляўся ў тэрытарыяльныя воды іхніх далёкіх радзімаў. Я зноў, прынаджаны пажыўнымі гісторыямі і казачнымі слодычамі, увальваўся ў наркатычны транс. Трапляў у змененую свядомасць. І бацькоўскае выхаванне стрыманасці ды цвярозасці ішло сабаку пад хвост. Трапіўшы ў пазачарговы запой, я хадзіў летуценны, абыякавы да поклічу цяпершчыны. Рэальнасць выяўлялася крохкай на дотык. Рассыпалася, як згарэлая газета ад першага ўзвею лёгкай марынады, імітаванай губамі Бабамані.

 Сынок, хопіць спаць! галёкае мама, калі я ўжо сотым разам забываю яечню на пліце, ды чарговая спаленая патэльня ляціць у сметнік. Бацька настолькі звыкся, што сын не адгукаецца і не слухае, ажно седзячы са мною ў адным пакоі, зварочвае голаў у матчын бок і кажа:

 Скажы Ігару, што

Усе дзядоўскія байкі пра мінулае заканцоўваліся паўторкам, які тычыўся іхняй цяпершчыны. Усё вянчаў велічны рэфрэн, падобны да ўрачыстай прысягі: Ісціну кажу табе, Ігаль, Беларусь поўнае закалдычча!

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3