Павал Касцюкевіч - План Бабарозы стр 5.

Шрифт
Фон

Усё дзяцінства мяне атачалі бабулі і дзяды. Іх было так шмат, ажно кожнага разу належала ўдакладніць, якую канкрэтна бабулю або дзеда ты маеш на ўвазе. Званіла баба Роза, ці прыходзіў дзед Барыс. Нашыя з бацькамі гутаркі заўжды круціліся вакол бабуль і дзядоў, мы жылі іхнімі біяграфіямі і цікавасцямі, таму пакрысе дзеля зручнасці сталі называць іх злітна: Бабароза, Дзядзюля, Бабаманя, Бабагруня, Дзедбарыс. Скланяецца як адно слова: Бабароза, няма Бабарозы, аддаюся Бабарозе, віню Бабарозу, капітулюю перад Бабарозай, памятаю аб Бабарозе.

Мама адзінае дзіця ў сваіх бацькоў, бацька таксама. Дзяды ж багатыя на братоў і доўгі век, а яшчэ на разводы і жаніцьбы. І такім парадкам я выявіўся адзіным унукам, (без)надзейна ўзятым у шчыльнае кола дзядоў, бабуль, стрыечных бабуль і прабабак. Іхнія няўтомныя азіяцкія орды рабілі спусташальныя набегі на нашую пратэстанцкую двухпакаёўку ў мікрараёне Зялёны Луг. А яшчэ час ад часу, а дакладней у пятніцу вечарам мяне, свайго адзінага ўнука, у якасці даніны яны забіралі ў палон. У арыентальныя лабірынты султанскіх палацаў сваіх кватэр, брэжнеўкі на Чкалава і хрушчоўкі на Кнорына.

Дзяды і бабулі любілі пры нагодзе і без яе баяць бясконцыя гісторыі-казкі пра краіны свайго дзяцінства. Пра Дзядзюлевую Галіцыю, зробленую з букаў, пагоркаў, авечае воўны і шэрага хлеба, я, здаецца, ведаў больш за гуцулаў і лэмкаў. Аўстра-Вугорская імперыя, горныя сёлы, дзедавы асабістыя ўражанні ад жыцця ў заможных мястэчках і культурных местах. Чуў процьму падрабязнасцяў пра неафіцыйную сталіцу свету горад Драгобыч, дзе нарадзіліся бацькі Дзядзюлі. Ведаў я нават сякія-такія дэталі пра далячэзную Гішпанію, у якой колькі стагоддзяў да Галіцыі бавіліся далёкія продкі Дзядзюлі, пакрысе імігруючы на ўсход і назапашваючы розныя габрэйскія мовы, ад ладына да ідыша, а таксама прыўлаўшчыўшы звычку размаўляць адразу на некалькіх мовах адначасова. Ад сярэднявечнай Гішпаніі, вядома ж, успамінаў не захавалася, але засталося прабабчына прозвішча Азбель, а таксама крыху маўрытанская знешнасць, праз якую Дзядзюля пачуваўся ва ўсіх паўднёвых краях калі не гаспадаром, дык сваім хлопцам. Від Голысыі до Голыцыі он козакс ун інквізіцыя[1], часта дэкламавала Бабадора, маці Дзядзюлі, саматужны куплет пра збольшага шчаслівае жыццё сваёй радзіны на абшарах Еўропы.

А праз Бабарозу я зрабіўся спяцом па Расіі, а дакладней па Падмаскоўі, бацькаўшчыне яе мужа Дзедвасілія. Краі, дзе пахмельныя мужыкі робяць у падмаскоўнай мясцовасці Гжэль сама харашмяны на свеце посуд (так сказала Бабароза): бела-блакітныя збаны і запарнікі з парцаляны. Пара такіх збаноў стаяла ў нас на лядоўні Сара.

А яшчэ ужо праз іншую бабулю, праз Бабаманю я ўведаў пра бязлюдныя карэльскія абсягі, яе родныя мясціны, бясконцыя лясы і азярыны, што рассцілаюцца адразу за межамі паўночнай перліны, Ленінграда-Пецярбурга.

Вось ён я, Ігарок Качуня. Саплівы заўсёднік опіумнага прытону, халіф на гадзіну. Султан выходнага дня. Пратачыўся сюды, у сераль на вуліцу Чкалава (ці Кнорына), дзе паняцце абавязкі сыходзіць, як дымок ад пахошчаў. Дзе гадзіна як хвіліна. Расхамячыўся на парчовых падушках Бабамані ці Бабагруні сярод манаршага ложка. Лянотным жэстам рукі цераз паўпразрысты балдахін кухонных пароў аддаю бабулям і дзядам дробную манету сваёй прыязнасці. А наўзамен маю эксклюзіўны наркотык гісторыі і гісторыйкі. Майсы, быліны, показкі, палабры, абразкі, сагі і здубавецці. На залачоных хахламскіх падносах бабулі і дзяды цягаюць мне новыя і новыя дозы ўлёту ў далёкія чароўныя краіны

Аднак і бацькі не спалі ў шапку. Праз шчыльную завесу дзядоўскага артабстрэлу, праз паляны сівых дзьмухаўцоў і плюшч кусцістых вусаў ды бародаў, мама і тата пнуліся дакрычацца да мяне. Апусціць сына на цвёрдую менскую глебу. Намагаліся вярнуць законы гравітацыі ды інерцыі ў скрыўленую дзядамі рэальнасць. Бацькі імкнуліся ўсталяваць сярод беспрабуднай азіятчыны хоць мінімальныя еўрапейскія законы. Аднавіць дысцыпліну і справаздачнасць на даручаным ім лапіку быцця.

Усе тыя высілкі збольшага ішлі на глум, бо голасныя ўшчуванні вярнуць мяне да рэчаіснасці і абавязкаў проста не даходзілі да вушэй. Патаналі ў чароўным шматгалоссі бабульчынага вуркату і дзядоўскага сакатання. Ігарочачак, Ігарочак, Ігароша, Ігаль Раставалі разам з шызымі арабескамі, выпушчанымі ў паветра Дзядзюлевай папяросай.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3