Павал Касцюкевіч - План Бабарозы стр 12.

Шрифт
Фон

У Бабарозы і Бабагруні, яе дачкі, дні нараджэння побач: дванаццатага і чатырнаццатага траўня. Але от хоць ты што, а трэба наведаць абодва, цалкам асобныя і незалежныя адно ад аднаго мерапрыемствы ў іх кватэры на Чкалава. Абедзве ўрачыстасці святкуюцца найдасканалейшым чынам, поўным наборам: гарачае і салодкае, селядзец пад буракамі і мяса па-французску.

Бацька, схаваны апанент Бабарозінага рэжыму, яшчэ дома змагаючыся з гальштукам і запінкамі, мітусіўся і казаў, што больш ніколі не прыйдзе на гэты старпёрскі ідзьяцізм, дзе яму і ягонаму сыну адведзена роля бездапаможных ахвяраў, фактычна стравы, наколатай на вострыя шпажкі, якую падаюць на дэсерт. Гэта бацька меў на ўвазе той момант, калі пры канцы вячэры бабулі і дзяды дружна паварочвалі галовы ў наш бок і саладжавымі галасамі пачыналі нібыта прыветна, але насамрэч па-міліцэйску ўчэпіста і каверзна, дапытваць мяне і бацьку наконт спраў у школе і на працы. Аднак, нягледзячы на бурчэнні, бацька як штых зяўляўся на кожным мерапрыемстве са мною пад пахамі і шырокай усмешкай на твары.

Вось яны, бабулі і дзяды. Пакуль усе жывыя. Бабароза, мая прабабка, сваімі чырвонымі, як буракі, пазногцямі лупіць праўнуку мандарынку. Далей яе дочкі, пухка-рамантычная Бабагруня і яе малодшая сястра, мужаненавісніца Бабанадзя, перакананая векавуха. Абедзве адстаронена перацца ў акно кожная па сваіх прычынах. Паміж імі Дзедлёня, другі муж Бабагруні, пасёрбвае моцную гарбату, свой любовегонны чыфір. У галаве стала былы муж Бабагруні, герой-палюбоўнік Дзядзюля горача шэпчацца са сваёй пятай жонкай, сухенькай чарнявай Бабафаняй. Далей Бабаманя, маці майго бацькі Андрэя, не стрымліваецца, робіць глытальныя рухі, гледзячы на полчышчы талерак і місаў. Дзедбарыс, яе муж, з вечнай дурнавата-мройлівай усмешкай на твары моўчкі жуе хлеб. Мама і бацька, Галя і Андрэй, нудзяцца, па-школьніцку склаўшы рукі пад сталом.

На сваіх зборышчах бабулі і дзяды гаварылі пра разважнасць, шаленства і дуроту. Найбольш палка гаварылі пра апошнія дзве якасці чужыя, каб незаўважна, як бы мімохадзь выпнуць, падкрэсліць першую уласную. Гісторыі заўсёды мелі мараль, рознай ступені прыхаванасці, маўляў, чарка давядзе да капца, а балбатліваць да турэмных нараў. Слухаючы ж іншых, бабулі і дзяды па-змоўніцку падтаквалі апавядальніку. Шматмудра ківалі.

Аднак самому апавядальніку ўхвалы прысутных падавалася замала, і тады чарговую гісторыю ён заканцоўваў крышталёвай фразай, маральным імператывам. Здаецца, выпакутаваным падсумаваннем. Гэтая фраза прамаўлялася з паўзамі, прачулым, пранікнёным голасам: Ну, вы самі ўсё разумееце, Ну, ты сам усё разумееш!..

 Перабудова? Галоснасць? Новае мысленне? Гэта ўсё для ідзьётаў, Грунечка Васілеўна! Знарок гэтыя яйцакруты абвесцілі галоснасць, каб гэтым разам ужо на пэўню выявіць усіх непрыяцеляў савецкай улады. Ды пасля цішком-нішком іх, у ляску пад Менскам, як у трыццаць сёмым Ну, вы самі ўсё разумееце

 Беларуская мова, Ігарочак? Размаўляць на ёй і дома, і на вуліцы?! Гэтыя яйцакруты дазволілі гэта, каб усе вашы высілкі ішлі на размаўлянне і супраціўленне варожаму наваколлю. А каб на ўсё астатняе: рабленне рэвалюцый і нашчадкаў Ну, ты ж сам усё разумееш

Бабулі і дзяды мелі гонар належаць да ордэна Тых, Хто Самі Ўсё Разумеюць. Абранай касты, таямнічай ложы. Актыўнасць у сяброў гэтага ордэна вельмі вялікая, але іхняя ўжытковая дзейнасць палягае ў дужа спецыфічнай плоскасці. У дзевяноста адсотках таемныя веды і навыкі дапамагаюць сябрам ордэна адно дакладна адчуць той самы інтымны момант, калі трэба завязаць на вузельчык свой язык. Або злавіць няўлоўнае, як павуцінка, імгненне, калі належыць спрытна даць драпака ці праўдападобна прыкінуцца мёртвым.

Напрыклад, сваёй прыналежнасці да ордэна Дзядзюля і ягоная мама Бабадора абавязаныя выратаваннем падчас вайны. Як высвятляецца, напачатку акупацыі толькі такія, як яны абазнаныя сябры ордэна, па нейкіх сваіх нябачных каналах, праз сваіх адданых агентаў, чыя сетка раскіданая па ўсім свеце, атрымалі інфармацыю, што немцы робяць з габрэямі ў Польшчы. І таму ўжо дваццаць трэцяга чэрвеня 1941 года, калі з горада ўцякалі ў асноўным савецкія работнікі і іх жонкі, Бабадора не стала з абыватальскай цікаўнасцю чакаць, што будзе далей. З драўляным чамаданам, хворым мужам і сямнаццацігадовым Дзядзюлем за руку, Бабадора пешкі прыпусціла па Магілёўскай шашы на ўсход. Пакуль уся астатняя радня разам з любімым кузэнам Дзядзюлі Дзядборухам няўцямна глядзела ім наўздагон: З роднага Менска? Куды? Нашто? Падладзіліся пад бальшавікоў, схаўрусуем і з немцамі. Радня яўна чагосьці не разумела. Дзядборух разам з іншымі застаўся ў горадзе і ўжо ніколі не стаў сапраўдным дзедам.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3