У жанчын, ведаеш, заўсёды ёсць планы, патлумачыла Роні, пакрысе зноў ператвараючыся ва ўзважаную і сухую Роні. Яе мабільнік піскнуў, і яна спешна разгарнула эсэмэску. Прачытаўшы, заспакоеная адклала мабілку ў бок:
І вось, Персей, у мяне ёсць План на цябе. Лагодна ўсміхнулася і палашчыла маю скронь.
І вось што яна апавяла. Нам абаім трэба было прывязацца да графіку еўрапейскіх фестываляў і культурных кангрэсаў, і разам ездзіць. Яна з Офісам Усходніх Пераменаў, а я з нейкім беларускім стэндам трэба яшчэ прыдумаць, якім. Культурніцкі саміт у Вільні, кніжны кірмаш у Празе, фестываль мастацтваў у Рэйкявіку, мультыкультурны фэст у Бялградзе
І мы будзем мець разам, як падлічыла Роні, дзесяць-пятнаццаць сустрэчаў на год, па тры-пяць дзён кожная.
Я падняў вочы ўгору.
Калі зрабіць агульны падрахунак, сказаў я сумным голасам, падлічыць любадні і любаночы ў начных кавярнях чужых гарадоў і гатэльных нумарах, дык не так ужо і шмат
Але, калі падумаць, што ў тваім жыцці раз на месяц-два цябе чакае амаль тыдзень не разведзенай ні чым мілаты і любаты, запярэчыла Роні, дык не так ўжо і мала
Фінансы не праблема, дзелавіта дадала яна, за дэмакратычныя каштоўнасці на сваіх межах Еўропе трэба плаціць. Лепей грашыма, чым крывёю. Кожны школьнік у нас пра гэта ведае.
Еўропа ў няроўнай бойцы з Расіяй, пераконвала мяне Роні, цягне-пацягне пакрысе на свой бок такія памежныя краіны, як, напрыклад, Беларусь. І калі не ўдасца перацягнуць, то яна прынамсі паспрабуе ўтварыць буферную зону з нейтральных краінаў. А як не атрымаецца буфернай зоны, то прынамсі сякой-такой чыннасцю заспакоіць грамадства і сумленне, каб можна было сказаць, што для еўрагаротнікаў хоць нешта рабілася.
Паводле Ронінага Плана, я мусіў наладзіць працу з Беларусі. Арганізаваць беларускі стэнд, набраць каманду. Падумаць, што я буду выстаўляць еўрапейцам. Паказаць тавар тварам.
Канчаткова пераканаць еўраструктуры, што такі стэнд патрэбны за гэта бралася Роні. У яе шырачэзныя сувязі ў еўрапарламенце, а камісар па культуры фрау Заліхвасэр яе добрая знаёмая па брусельскай каве. Урэшце, Ронін мюнхенскі Офіс Усходніх Пераменаў дзеля гэтага і паўстаў адстойваць дэмакратычныя каштоўнасці ў краінах на ўсход ад Нямеччыны.
А каханне, без сумневу, дэмакратычная каштоўнасць, дадала па-змоўніцку Роні і мы стыкнулі келіх і куфаль. Берлінскія кельнеры якраз пачыналі мыць падлогу бара.
Імкненне да злучэння каханкаў гэта гуманізм, падтакнуў я. Мае вусны былі барвовыя ад віна. У той вечар я набраўся, як жаба гразі.
Берлінскія кельнеры ўжо тушылі на сталах свечкі.
І гэтай каштоўнасці ў нас ні ўсходняй Сатрапіі, ні брусельскім еўрабюракратам ні за што не адняць! сказала Роні. Мы адстаім тваю мілую Беларусь.
За вашу і нашу свабоду, дадаў я і паваліўся пад стол. Назаўтра ў вялікай кнігарні на бульвары Курфюрстэндам мы ўрачыста набылі дзве аднолькава вялікія мапы Еўропы.
Я ўжо ведаў, што гэтыя сустрэчы маё шчасце, маё збавенне. А яшчэ мая бяда, мая адяда. Нешта ў гэтым усім наступала мне на душу. Аднак пад канец культурфэсту я быў поўны аптымізму.
На развітанне Роні сказала:
Ніколі не забывай, Персей, усё проста: я тваё каханне, а ты маё. У наступны раз калі мы сустрэнемся ў верасні ў Мілане, адзначым мае народзіны мне споўніцца трыццаць пяць. Мае народзіны, дарэчы, супадаюць з народзінамі маёй свякрухі, маці сапраўднага доктара хірургіі доктара Увэ Мітэльмана. А ў апошні дзень нашай сустрэчы тут жа ў Берліне, роўна праз паўгода, твой юбілей трыццаць гадоў. Я, як бачыш, прагугліла цябе як след, мой унукатэрапеўт.
Раздзел 3
Найбольшая любасць
Найбольш бабулі і дзяды любілі дні народзінаў адно аднаго. Яны сядзелі тады надзьмутыя і расчырванелыя, быццам гілі на дроце. Як ні круці настала іхняе свята: чарговая нарада ўсегалактычнага ЦК, святочны сход сусветнай вярхушкі.
Дзень літасці і замірэння. Забываючыся на крыўды і прыкрасці, бабулі і дзяды сыходзіліся ў адной кватэры, у адной гасцёўні, пры адным стале. Збольшага на Чкалава ў Бабарозы, але часам і на Кнорына ў Бабамані.
Бабароза, якая ў іншыя дні Дзядзюлю і на вочы не дапускала, раз на год тэлефанавала, і як нічога ніякага запрашала былога і зненавіднага зяця на дзень народзінаў. А ён? Як ніяк-нідзе прымаў ласку прыбываў задыханы, расчырванелы, з бутэлькай віна пад пахай.