Натуральна, чытачу адразу прымроіцца ўва ўсім вышэйсказаным «прывід алібізму», і ў чымсьці, прызнаюся, так яно і ёсьць «ня вінаватая я», што перад тым, як аддацца пісьму, сучасны аўтар вымушаны бясконца даказваць сабе і іншым, што мае на гэта нейкае права. Задаволіць у пэўнай меры негалоснае «патрабаваньне мастацкасьці» лічыцца (усё яшчэ, нягледзячы на «Нулявую ступень рукапісу» яшчэ аднаго Барта) «правілам добрага тону»: за «сьмерцю вялікіх наратываў» была неяк не заўважаная клінічная сьмерць «вялікіх дэскрыптываў», як і пакрыёмы пераход эстэтыкі ў анэстэтыку Дык вось, ніякага права на вашую ўвагу я насамрэч ня маю і не патрабую: я хацеў толькі папярэдзіць, што менавіта датрыманьня падобных правілаў «добрага тону», як і іншых правілаў, чытачу ад гэтай кнігі чакаць ня варта.
Уявім сабе: два браты-блізьняты, непрымірымыя сябры (назавем іх умоўна Шоўноттэл і Тэлнотшоў), п'яныя нейкай вогненнай сумесьсю, увабдымку крочаць па шашы насустрач непазьбежнаму працьверазеньню альбо сьмерці (хутчэй за ўсё, ад літаратурнага ці проста алькагалізму). Браты любяць пераапранацца адзін у аднаго: любяць апавяданьні, у якіх нічога не адбываецца, і апісаньні, прадметам якіх зьяўляецца само апавяданьне. Іхным бяздумным п'яным сьпевам насамрэч далёка да «высокага мастацтва», але іхнае «балянсаваньне» часам можна зблытаць з прадуманай харэаграфіяй. Акрамя таго, яны сымпатычныя мне тым, што не баяцца «паліцыі густаў» і не прыкідваюцца цьвярозымі, ня робяць выгляду, што ў мінулым стагодзьдзі нічога не адбылося і што іх кагадзе ня выкінулі з бару, не імкнуцца прытрымлівацца намаляванай перад імі «роўнай лініі», не ідуць ані па камэрцыйнай, ані па «элітарнай» узбочыне, ігнаруючы правілы дарожнага руху й небясьпеку сутыкненьня з «законапаслухмяным» кіроўцам якога-небудзь «фэрары» ці там «запарожца», якая з гледзішча вечнасьці розьніца 3 гэтай алегорыяй я хацеў бы пажадаць вам прыемнага знаёмства з гэтымі двума вар'ятамі.
М. Шч.I. Пра жаночае
Твар
У студыі прыватнай камэрцыйнай тэлевізіі прыпякала. На адзінаццатую былі прызначаныя здымкі найбольш папулярнай вячэрняй праграмы для дарослых. Цыцкастая вядучая нэрвавалася:
Дзе ж той спадар А?
Тэмай сёньняшняй перадачы быў порнакастынг. Усе зацікаўленыя (пачынаючы з васямнаццаці гадоў, зразумела) маглі паспрабаваць сябе ў ролі актораў. Зацікаўленых была процьма. Яны стаялі каля ўваходу ў студыю, засланую штучнай леапардавай поўсьцю й застаўленую канапамі самага шырокага прызначэньня. Празь некалькі хвілінаў ім наканавана было стацца гледачамі, а самым шчасным нават удзельнікамі самага высокааплочванага відовішча ў краіне. Заставалася толькі пераадолець самы высокі плот натуральны адбор
Пакуль выпрабоўвалася асьвятленьне, дзьве густа нагрыміраваныя псэўдамадэлі несупынна заклікалі кандыдатаў і кандыдатак на ўдзел у праграме да цішыні. Міма прайшоў доўгачаканы порнаграфіст, тлусты дзядзька ў найлепшых мужчынскіх гадох, пацалаваў руку вядучай і доўга прасіў прабачэньня за спазьненьне. Вышэйшая з тынкаваных касмэтыкай і ладна апечаных у салярыі «апякунак» раздала анкеты, а ніжэйшая патлумачыла, як іх запаўняць.
Што гэта? спыталася Надзя ў незнаёмай дзяўчыны, якая стаяла побач.
Сьляпая, ня бачыш? Анкета на порнафільм.
Паперка была аддрукаваная на ксэраксе, і палову яе займалі імя, прозьвішча, век, і пол. Потым ішла безьліч не зусім зразумелых Надзі пытаньняў.
А вось гэта абавязкова запаўняць?
Кагадзе яна паспрачалася, што ёй не «слабо» патрапіць у тэлевізію. Высьветлілася, што гэта зусім нескладана. Ніхто нават не зьвярнуў увагі на тое, што яна крыху змухлявала зь векам.
Ну што, гатовыя? гукнула вышэйшая дзяўчына тонам наглядчыцы.
He дачакаўшыся ні ад каго адказу, Надзя нашрайбала штосьці ў паперцы й здала анкету разам з усімі. Вочы прысутных маладзёнаў гойсалі па ейным целе зь несхаванай пажаднасьцю: выглядала, што хлапцы былі ўражаныя ейным непадабенствам да астатніх удзельніц кастынгу.
Ты ўжо тут здымалася? запытаўся адзін зь іх, гамкаючы жуйкай.
Першы раз, адказала Надзя.
Р, П, М застаньцеся, астатнія ў студыю! пракрычала наглядчыца. У Надзі падскочыла сэрца: Р была яна. П быў даўгалыгім смуглявым хлопцам, М узорнай і яшчэ сьвежай, нягледзячы на яўную дасьведчанасьць аналягічнага выкарыстаньня, «фотамадэльлю».