Пачастунак, трэба сказаць, таксама быў проста паэзіяй. На стале мяшаліся беларускія й аргентынскія стравы: побач зь цялячым кумпяком стаялі дранікі, побач з марскімі пачварамі саламаха Паскевічу рабілася млосна ўжо ад самой гэтай разнастайнасьці, а тут яшчэ й Мялешка шаптаў яму над вухам:
Пакаштуй смаўжоў, братка! 3 воцатам боская рэч! Ад грыбкоў марынаваных не адрозьніш! найбольш Паскевічу карцела ўзяць дранікаў з мачанкай, аднак Мялешка ўсё-ткі пераканаў яго пакаштаваць смаўжоў. Узяўшы іх у рот, Паскевіч адразу ж захацеў іх выплюнуць, але не было куды, таму ён, душачыся, са сьлязьмі ўваччу мусіў іх праглынуць.
Ну, як? цікавіўся Мялешка. Смачныя?
Пасьля двух-трох кілішкаў гарэлкі Паскевіч крыху разьняволіўся й асьмялеў, пачаўшы ачмурэла глынаць усё запар, асабліва не зважаючы на выгляд стравы, праз што на кароткі час стаў аб'ектам агульнай увагі й зьдзіўленьня прысутных. Тым часам Мялешка быў гэтым аб'ектам амаль несупынна, бо, як заўжды, вёў задушэўную гутарку з усімі суседзямі адначасова, мяшаючы, у адрозьненьне ад Паскевіча, ня стравы, a мовы беларускую, гішпанскую, італьянскую
Няма дзіва, што праз паўгадзіны такога ўсеядзеньня Паскевічу зрабілася зусім блага.
Млосна мне, прызнаўся ён Мялешку. Мушу ў прыбіральню.
Перабраў ты, браце! жартаўліва паляпаў яго па плячы прафэсійны спартовец, які пры сваёй вазе й камплекцыі мог піць што-хаця ажно да самае раніцы.
Пераеў, удакладніў Паскевіч, якому было зусім не да жартаў. Дзе тут?
На другім паверсе. Спытайся ў дзяўчат, яны табе пакажуць Ці мне цябе правесьці?
Ды не, ня трэба Я ўжо як-небудзь сам
Неўзабаве вячэра, прынамсі афіцыйна, скончылася гаспадар зноў запрасіў усіх у салён зь лесьвіцай, дзе павінны былі адбыцца танцы. Госьці ў сваёй бальшыні, зразумела ж, не маглі не паслухацца ягонага ветлівага загаду. Руска-ўкраінскі белагвардзейскі аркестар зайграў танга. Як і чакалася, амаль ніхто з новых эмігрантаў ня ўмеў яго танчыць, таму Мялешка ўжо зьбіраўся паказаць ім прыклад і запрасіць якую з пакаёвак, аднак, заўважыўшы адсутнасьць Галавача, згадаў пра ягоную просьбу зайсьці да яго ў кабінэт. «Ат, трасца Ну, не бяды», сказаў ён сабе. «Усяго адзін танец перажыве»
Аднак іншых жадаючых ушанаваць аргентынскую нацыянальную музыку адпаведнай харэаграфіяй не зьявілася, таму адразу ж пасьля першага прыпеву ірваны рытм танга прыпыніўся і загучала полька. Што тут пачалося! Нават старэйшыя з гасьцей, што папярэдне ставіліся да танцаў на ўстаноўчым сходзе скептычна, пусьціліся ў скокі. Паны танцавалі са сваймі панямі, новапрыбылыя эмігранты з пакаёўкамі Прыглушаны шум гулянкі даносіўся і да паўнепрытомнага гурмана Паскевіча: аднаму яму, ды яшчэ Мялешку «на каберцы» ў Галавача, было не да танцаў. Калі полька скончылася, усе пачалі гучна аддыхвацца й адфуквацца зь нязвыкласьці танчыць у гэтым кліматычным поясе ім яшчэ не даводзілася.
Быў абвешчаны перапынак. Пакуль аркестар прымаў замовы, набіраўся натхненьня з высокіх фужэраў і думаў, што зайграць далей, на сярэдзіну салёну выбегла адна з пакаёвак і пракрычала нешта няўцямнае, на першы послых падобнае да:
Галавач! Мялешка застрэліў Галавача!
Госьці прыціхлі й пачалі пераглядвацца, ня ведаючы, ці то лічыць гэта дурным жартам, ці то слыхавой галюцынацыяй. I тут на лесьвіцы зьявіўся Мялешка: ягоны белы гарнітур быў увесь у крыві, акурат паводле строгіх патрабаваньняў нацыянальнай геральдыкі. Убачыўшы яго, пакаёўка голасна заякатала, кінулася ўніз па прыступках, падвярнула нагу, упала й страціла прытомнасьць.
Грайце, грайце! махнуў Мялешка рукою, падаючы знак аркестру. Я выклічу паліцыю!
Ніхто не наважыўся яму пярэчыць.
6
Чулі, што здарылася? запытаўся на наступны дзень Бяляцкі ў Паскевіча, калі той зусім нечакана зайшоў наведаць яго на вуліцу Ляпрыда. Нашага сябра Мялешку абвінавачваюць у забойстве.
Жартуеце? не паверыў Паскевіч.
Дзе там! Бяляцкі разгарнуў артыкул у «Ля Насьён» і паказаў Паскевічу. Той вылупіў вочы, як баран на новыя вароты: Бяляцкі ўзгадаў, што зямляк яшчэ не разумее па-гішпанску. Будзеце матэ?
Не, я лепей гарбаты
Начапіўшы на нос акуляры, Бяляцкі пачаў перакладаць Паскевічу артыкул сваім няўзрушаным і невыразным голасам:
«Правадыр аргентынскіх беларусаў забіты. 16-га кастрычніка 1946-га году, Бўэнас-Айрэс. Учора ўвечары на віле «Эстрэлья» ў квартале Палермо, вуліца Дарэго, 145, падчас урачыстага паседжаньня беларускага Зьвязу патрыётаў, на якім прысутнічаў, сярод іншых, прадстаўнік ураду Аргентынскай рэспублікі сэнёр Дамінго Фэрара, здарылася няшчасьце: быў застрэлены старшыня Зьвязу, сэнёр Басільё Галавач. Галоўным падазроным зьяўляецца знаёмец сэнёра Галавача, баксэр Антоньё Мялешка, вядомы шырокай грамадзкасьці як «Эль Грынго». Галоўны сьведак абвінавачаньня сэнёрыта Шашалевіч, якая цяпер знаходзіцца ў шпіталі Піравано, бачыла акрываўленага Мялешку ў кабінэце сэнёра Галавача неўзабаве пасьля стрэлу. Падазраваны сьцьвярджае, што апынуўся ў кабінэце пасьля таго, як пачуў стрэл, і знайшоў там ужо мёртвае цела, а побач зь ім рэвальвэр. Матывы злачынства высьвятляюцца, разглядаецца таксама вэрсія самагубства. Паводле непацьверджаных зьвестак, Мялешка быў вінаваты ўладальніку казіно «ПалеРаяль» Галавачу каля дзесяці тысячаў пэсо. Таксама ня выключана, што падазраваны баксэр мог прыняць грошы ад камуністычных агентаў, што даўно шукалі магчымасьці пазбавіцца сэнёра Галавача. Аргентынскі ўрад і асабіста прэзыдэнт Хўан Дамінго Пэрон выказваюць свае шчырыя спачуваньні беларускім патрыётам». Што вы на гэта скажаце?