Ужо некалькі начэй ён пакутаваў ад бяссонніцы, варочаючыся з боку на бок, так што не толькі яго слуга Фялім, але нават сабака стаў здзіўляцца паводзінам гаспадара.
Слуга мог бы падумаць, што гаспадар гарыць нецярпеннем злавіць крапчастую кабылу, калі б ён не ведаў, што ліхаманкавы неспакой у таго пачаўся раней, чым ён даведаўся пра яе існаванне.
Толькі праз некалькі дзён пасля вяртання мустангера з форта крапчастая кабыла ўпершыню трапіла яму на вочы, так што гэта не магло быць прычынай перамены яго настрою.
Здавалася, удалае паляванне, замест таго каб заспакоіць яго, выклікала адваротнае ўздзеянне. Так, прынамсі, думаў Фялім. Нарэшце ён адважыўся, карыстаючыся правам малочнага брата, спытаць мустангера, што з ім здарылася.
Калі той зноў стаў варочацца з боку на бок, пачуўся голас слугі:
Майстар Морыс, што з вамі? Скажыце мне, напрамілы Бог!
Нічога, Фялім, нічога. Чаму ты ў мяне аб гэтым пытаеш?
Ды як жа не пытаць? Вы ж ні на хвілінку не сплюшчылі вочы з таго самага дня, як у апошні раз вярнуліся з пасёлка. Штосьці адняло там у вас сон. Няўжо вы марыце аб адной з гэтых мексіканскіх дзяўчат «мучачэ», як тут іх называюць? He, я гэтаму не паверу. Нашчадку старажытнага роду Джэральдаў не да твару.
Глупства, дружок! Табе заўсёды што-небудзь мроіцца. Лепш дай мне закусіць. He забывай, што я з ранку нічога не еў. Што ў цябе знойдзецца ў кладоўцы?
Прызнацца, запасы ў нас невялікія. Бо за тыя тры дні, што вы лавілі гэтага мустанга, нічога не прыбавілася. Ёсць крыху халоднай аленіны і кукурузнага хлеба. Калі хочаце, я разагрэю мяса ў гаршку.
Добра, я магу пачакаць.
А ці не лягчэй вам будзе чакаць, калі вы спачатку змочыце горла гэтым напоем?
Што ж, я не супраць.
Чыстага ці з вадой?
Шклянку грогу. Толькі прынясі халоднай вады з ручая.
Фялім узяў сярэбраны кубак і ўжо сабраўся было ісці, як раптам Тара з гучным брэхам кінулася да дзвярэй. Фялім з некаторай асцярогай накіраваўся да выхаду.
Брэх сабакі змяніўся радасным павіскваннем, быццам ён вітаў старога сябра.
Гэта стары Зеб Стумп, сказаў Фялім, выглянуўшы за дзверы, і спакойна выйшаў. У яго былі два намеры: па-першае, павітаць госця і, па-другое, выканаць загад гаспадара.
Чалавек, які зявіўся ля дзвярэй хаціны, быў гэтак жа не падобны ні на аднаго з яе жыхароў, як і яны адзін на аднаго.
Ростам ён быў не менш як шэсць футаў. На ім былі боты з дублёнай скуры алігатара; у шырокія халявы былі засунуты штаны з даматканай шэрсці, якія калісьці былі пафарбаваны ў кізілавым соку, але цяпер ужо страцілі ад бруду свой колер. Прама на цела была надзета кашуля з аленевай скуры, а паверх яе выцвілая зялёная куртка, пашытая з байкавай коўдры з выцертым ворсам. Моцна патрапаны парыжэлы лямцавы капялюш дапаўняў яго сціплы касцюм.
Рыштунак Зеба Стумпа быў звычайным для лясных паляўнічых Паўночнай Амерыкі. Сумка з кулямі і вялікі, сагнуты сярпом рог для пораху былі падвешаны з правага боку на раменьчыку, перакінутым праз плячо; куртка была перахоплена шырокім скураным поясам; на ім віселі скураныя ножны, з якіх высоўвалася рукаятка вялікага паляўнічага нажа, зробленая з аленевага рога.
У адрозненне ад большасці тэхаскіх паляўнічых, ён ніколі не насіў ні макасінаў, ні гетраў, ні доўгай блузы з аленевай скуры, аблямаванай махрамі. На яго сціплым адзенні не было вышыўкі, на паляўнічым рыштунку упрыгажэнняў. Усё простае, амаль несамавітае, як быццам Зеб асуджаў усялякую фарсістасць.
Нават стрэльба яго верная зброя, галоўная прылада яго рамяства выглядала як доўгі брус жалеза, прымацаваны да неадпаліраванай карычневай дзеравякі. Калі гаспадар ставіў стрэльбу на зямлю, то дула даходзіла яму да пляча.
Паляўнічаму, адзенне і зброю якога мы толькі што апісалі, было на выгляд гадоў пяцьдзесят. Скура ў яго была смуглая, а рысы твару на першы погляд здаваліся суровымі.
Аднак, прыглядзеўшыся, вы пачыналі адчуваць, што гэты чалавек не пазбаўлены спакойнага гумару. Хітры агеньчык у яго маленькіх шэрых вочках гаварыў аб тым, што стары паляўнічы цэніць добры жарт і сам не супраць пажартаваць.
Фялім ужо ўпамянуў яго імя: гэта быў Зебулон Стумп, ці «стары Зеб Стумп», як звалі яго ў вузкім коле знаёмых. Калі яго пыталі, адкуль ён родам, ён заўсёды адказваў: «Кентукіец па нараджэнню і выхаванню».
Зеб Стумп нарадзіўся і вырас у штаце Кентукі і правёў сваю маладосць сярод некранутых лясоў ніжняй Місісіпі, займаючыся выключна паляваннем. Цяпер, на схіле гадоў, ён працягваў гэты ж занятак, але ўжо ў нетрах паўднёва-заходняга Тэхаса.