Што, Тара, неацэнная мая, усклікнуў чалавек у плісавых штанах, хочаш назад у Балібалах? Напэўна, рада была б пабегаць у двары замка па чыстых плітах! I падкармілі б цябе там як трэба, a то, глянь, скура ды косці усе рэбры пералічыць можна. Дружочак ты мой, мне і самому туды хочацца! Але хто ведае, калі малады гаспадар надумае вярнуцца ў родныя мясціны! Ну нічога, Тара! Ён хутка паедзе ў пасёлак, стары ты мой дружа, абяцаў і нас прыхапіць і то добра. Чорт вазьмі! Вось ужо тры месяцы, як я не быў у форце. Можа, там я і сустрэну якога-небудзь дружка сярод ірландскіх салдат, якіх сюды днямі прыслалі. Ну ўжо і выпем тады! Праўда, Тара?
Пачуўшы сваё імя, сабака падняў галаву і фыркнуў у адказ.
Ды і зараз добра было б прамачыць горла, працягваў ірландзец, кідаючы прагны позірк у бок бутлі. Толькі вось бутля ўжо амаль пустая, і малады гаспадар можа спахапіцца. Ды і нячэсна піць без дазволу. Праўда, Тара?
Сабака зноў падняў морду над попелам і зноў фыркнуў.
Ты ж у мінулы раз сказала «ага»? I цяпер кажаш тое ж самае? А, Тара?
Сабака зноў выдаў той жа гук, які мог быць выкліканы невялікай прастудай або попелам, што трапіў яму ў ноздры.
Зноў «ага»? Так і ёсць! Вось што гэтае нямое стварэнне хоча сказаць! He спакушай мяне, стары злодзей! Не-не, ні кроплі віскі. Я толькі дастану корак з бутлі і панюхаю. Напэўна гаспадар нічога не заўважыць; а калі б нават і заўважыў ён не раззлуецца. Толькі панюхаць гэта ж не бяда.
З гэтымі словамі ірландзец устаў і накіраваўся ў куток, дзе стаяла бутля.
Нягледзячы на ўсе запэўненні, у яго руках было штосьці зладзейскае не то ён не быў упэўнены ў сваёй чэснасці, не то сумняваўся, ці хопіць у яго сілы волі процістаяць спакусе.
Ён пастаяў крыху, прыслухаўся, абярнуўшыся да дзвярэй; потым падняў спакуслівую пасудзіну, выцягнуў корак і паднёс рыльца бутлі да носа.
Некалькі секунд ён заставаўся ў гэтай позе; у цішыні толькі час ад часу чулася фырканне, падобнае да таго, якое выдаваў сабака і якое ірландзец вытлумачыў як сцвярджальны адказ на свае сумненні. Гэты гук выражаў задавальненне ад духмянага моцнага напою.
Аднак гэта заспакоіла яго толькі на кароткі час; паступова дно бутлі падымалася ўсё вышэй, а рыльца яе з той жа хуткасцю апускалася прама да выцягнутых губ.
Чорт вазьмі! усклікнуў ірландзец яшчэ раз, глянуўшы крадком на дзверы. Плоць і кроў не могуць процістаяць паху гэтага цудоўнага віскі як не паспрабаваць яго! Было не было! Я толькі адну кроплю, толькі б змачыць кончык языка. Можа, апяку язык ну ды ладна.
I горла бутлі прыйшло ў сутыкненне з губамі; але, відаць, справа ішла не аб «кроплі, каб змачыць кончык языка», пачулася бульканне вадкасці, якое сведчыла, што ірландзец, відаць, вырашыў прамачыць як след усю гартань і нават больш.
Цмокнуўшы з задавальненнем некалькі разоў, ён заткнуў бутлю коркам, паставіў яе на месца і зноў усеўся на сваю табурэтку.
Ах ты, старая шэльма Тара! Гэта ты ўвяла мяне ў спакусу. Ну нічога, гаспадар не даведаецца. Усё роўна ён хутка паедзе ў форт і зможа зрабіць новы запас.
Некалькі хвілін ірландзец сядзеў моўчкі. Ці думаў ён пра сваю правіннасць, ці проста цешыўся ўздзеяннем алкаголю хто ведае?
Неўзабаве ён зноў загаварыў:
I што гэта майстра Морыса так цягне ў пасёлак? Ён сказаў, што адправіцца туды, як толькі зловіць крапчастага мустанга. I на што яму раптам так спатрэбіўся гэты канёк? Гэта не так сабе. Гаспадар ужо тры разы паляваў на яго і не змог накінуць вяроўку на шыю гэтаму дзікаму стварэнню а сам жа ён быў на гнядым, во як! Ён кажа, што разабецца ў блін, а ўсё ж такі зловіць яго, яй-богу! Хутчэй бы ўжо, a то як бы не давялося нам з табой тарчаць тут да той самай раніцы, калі пачнецца Страшны суд Ш-ш! Хто там?
Гэты вокліч вырваўся ў ірландца таму, што Тара саскочыла са сваёй падсцілкі і з брэхам кінулася да дзвярэй.
Фялім! пачуўся голас знадворку. Фялім!
Вось і гаспадар, прамармытаў Фялім, ускочыўшы з табурэткі і накіраваўшыся ўслед за сабакам да выхаду.
6. Крапчасты мустанг
Фялім не памыліўся: гэта быў голас яго гаспадара, Морыса Джэральда.
Выйшаўшы за дзверы, слуга ўбачыў яго. Як і трэба было чакаць, той вяртаўся дамоў на сваім кані, але цяпер гняды, увесь мокры ад поту, здаваўся амаль чорным, бакі і шыя ў яго былі ўзмыленыя.
Гняды быў не адзін. На туга нацягнутым ласо, прывязаным да сядзельнай лукі, ён вёў за сабой таварыша дакладней, палоннага. Скураны рэмень, які туга абхапіў сківіцы злоўленага мустанга, прытрымліваўся другім, прымацаваным да яго рэменем, што быў перакінуты праз галаву на шыю, непасрэдна за вушамі жывёлы.