Там, дзе Рыо-дэ-Нуэсес (Арэхавая рака) збірае свае воды з сотні рэчак і ручаін, якія ўсеялі карту, нібы галіны вялікага дрэва, ляжаць на дзіва маляўнічыя мясціны. Гэта ўзгорыстая прэрыя з раскіданымі па ёй дубовымі і арэхавымі гаямі, якія то тут, то там уздоўж берагоў зліваюцца ў суцэльныя зялёныя лясныя масівы.
Месцамі лес змяняецца густымі зараснікамі, дзе сярод разнастайных відаў акацыі расце кадайскі бальзам, крэазотавы хмызняк, дзікі альяс; там жа сустракаюцца экзатычная расліна цэрэус, разнастайныя кактусы і дрэвападобная юка.
Гэтыя калючыя расліны не радуюць земляроба, бо яны звычайна растуць на беднай зямлі; затое для батаніка і аматара прыроды тут шмат прывабнага, асабліва калі цэрэус раскрывае свае агромністыя, нібы васковыя, кветкі ці фукіера, высока падняўшыся над хмызняком, выкідвае, нібы разгорнуты флаг, сваё цудоўнае пунсовае суквецце.
Але ёсць там і ўрадлівыя месцы, дзе на чарназёмнай глебе растуць высокія дрэвы з пышным лісцем: індзейскае мыльнае дрэва, арэхавае дрэва, вязы, дубы некалькіх відаў, дзе-нідзе сустракаюцца кіпарысы і таполі; гэты лес пераліваецца ўсімі адценнямі зеляніны, і яго па справядлівасці можна назваць Цудоўным.
Ручаі ў гэтых месцах крыштальна чыстыя яны адбіваюць сапфіравую сінь неба. Воблакі амаль ніколі не засланяюць сонца, месяца і зорак. Тут не ведаюць хвароб ні адна эпідэмія не пранікла ў гэтыя блаславенныя мясціны.
Але цывілізаваны чалавек яшчэ не пасяліўся тут, і па-ранейшаму толькі адны чырванаскурыя каманчы прабіраюцца па заблытаных лясных сцежках, і то толькі калі вярхом на конях яны адпраўляюцца ў набег на пасяленні Ніжняй Нуэсес, або Ляоны. Нядзіўна, што дзікія звяры выбралі гэтыя глухія месцы сваім прыстанкам. Нідзе на ўсім Тэхасе вы не сустрэнеце столькі аленяў і пужлівых антылоп, як тут. Трусы ўвесь час мільгаюць перад вамі; крыху радзей трапляюцца на вочы дзікія свінні, тхары, суслікі.
Прыгожыя стракатыя птушкі ажыўляюць ландшафт. Перапёлкі з шамаценнем крылаў узвіваюцца ў неба; каралеўскі грыф лунае ў паветры; дзікі індзюк вялікіх памераў грэе на сонцы свае бліскучыя грудзі ля ўзлесся арэхавага гаю; а сярод перыстых акацый мільгае доўгі, падобны на нажніцы хвост птушкі-швачкі, якую мясцовыя паляўнічыя называюць «райскай птушкай».
Раскошныя матылькі то пырхаюць у паветры, шырока распасцёршы крылы, то адпачываюць на кветцы і тады здаюцца яе пялёсткамі. Агромністыя аксамітавыя пчолы гудуць сярод квітнеючых хмызнякоў, аспрэчваючы права на салодкі сок у калібры, якім яны амаль не ўступаюць па велічыні.
Аднак не ўсе жыхары гэтых духоўных мясцін бясшкодныя. Нідзе на ўсёй Паўночнай Амерыцы грымучая змяя не дасягае такіх памераў, як тут; яна хаваецца сярод густой травы разам з яшчэ больш небяспечнай макасінавай змяёй. Тут джаляць ядавітыя тарантулы, кусаюць скарпіёны; а мнаганожцы дастаткова прапаўзці па скуры, каб выклікаць ліхаманку, якая можа прывесці да пагібелі.
Па лясістых берагах рэк блукаюць плямісты ацэлот, пума і іх магутны родзіч ягуар; іменна тут праходзіць паўночная мяжа яго распаўсюджання.
Па ўскраінах лясных зараснікаў хаваецца худы тэхаскі воўк, адзінокі і маўклівы, а яго родзіч, баязлівы каёт, шнарыць на адкрытай раўніне з цэлай зграяй сваіх сабратоў.
У гэтай жа прэрыі, дзе блукаюць такія лютыя драпежнікі, на яе сакавітых пашах пасвіцца самая высакародная і прыгожая з усіх жывёл, самы разумны з усіх чатырохногіх сяброў чалавека конь.
Тут жыве ён, дзікі і вольны, не ведаючы капрызаў чалавека, незнаёмы з аброццю і цуглямі, з сядлом і ўюкам.
Але нават у гэтых запаветных месцах яго не пакідаюць у спакоі.
Чалавек палюе на яго і ўтаймоўвае яго. Тут быў злоўлены і прыручаны цудоўны дзікі конь. Ён трапіў у рукі маладому паляўнічаму на коней Морысу-мустангеру.
* * *На беразе Аламо, крыштальна чыстага прытока Рыо-дэ-Нуэсес, стаяла сціплае, але маляўнічае жыллё, адно з тых, якіх шмат у Тэхасе.
Гэта была хаціна, пабудаваная з расшчэпленых папалам ствалоў дрэвападобнай юкі, убітых старчма ў зямлю, з дахам са штыкападобнага лісця гэтай жа гіганцкай лілеі.
Шчыліны паміж жэрдкамі, наперакор звычаям заходняга Тэхаса, былі не замазаны глінай, а завешаны з унутранага боку хаціны конскімі шкурамі, прыбітымі не жалезнымі цвікамі, а калючкамі з мексіканскага альясу.
Абрывы, што акалялі рачную даліну, былі багатыя на расліннасць, якая паслужыла будаўнічым матэрыялам для хаціны, юку, агаву і іншыя непераборлівыя расліны; а ўнізе ўрадлівая даліна на многа міль была пакрыта цудоўным лесам, дзе раслі тутавыя, арэхавыя дрэвы і дубы. Лясная паласа абмяжоўвалася далінай ракі; вершаліны дрэў ледзь дасягалі краю абрыву.