Вядзі іх да мяне, кітматгар*. Вядзі іх проста да мяне.
Раздзел 4. Гісторыя чалавека з лысінай
Брудным і ўбогім калідорам, слаба асветленым і амаль без мэблі, індус давёў нас да дзвярэй справа і адчыніў іх. У вочы нам ударыла жоўтае святло, у якім стаяў нізенькі чалавечак з выцягнутай галавой і рудой махрай валасоў, над якой, нібы над піхтавым лесам, узвышалася горная вяршыня бліскучай лысіны. Ён стаяў склаўшы рукі, і яго твар увесь час рухаўся то ўсміхаўся, то хмурыўся, але не даўжэй за адно імгненне. Прырода ўзнагародзіла чалавечка адвіслай губой, з-пад якой вытыркаліся жоўтыя няроўныя зубы, і ён увесь час беспаспяхова спрабаваў прыкрыць іх рукой. Нягледзячы на сваю кідкую лысіну, выглядаў ён досыць маладым. Крыху старэйшы за трыццаць, як выявілася пазней.
Да вашых паслугаў, міс Морстэн, паўтарыў ён некалькі разоў тонкім высокім голасам. Да вашых паслугаў, джэнтльмены. Прашу вас, заходзьце ў маю келлю. Яна маленькая, міс, але абстаўленая ў адпаведнасці з маім густам. Аазіс мастацтва ў маркотнай пустэльні паўднёвага Лондана.
Пакой, у які ён нас запрасіў, моцна ўражваў. У гэтым вартым жалю доме ён глядзеўся як дыямент чыстае вады ў масянжовай аправе. Сцены пакоя былі задрапіраваныя самымі раскошнымі і бліскучымі гардзінамі і габеленамі, якія тут і там расхіналіся, дэманструючы карціну ў каштоўнай раме ці ўсходнюю вазу. Дыван бурштынавых і чорных адценняў быў такі мяккі і такі тоўсты, што ў ім, нібыта ў мохавай падушцы, прыемна танула нага. Дзве вялікія тыгрыныя скуры, кінутыя ўпоперак дывана, яшчэ больш нагадвалі пра ўсходнюю пышнасць, як і вялізны кальян на цыноўцы ў куце. У цэнтры пакоя на ледзь бачным залатым дроціку вісела лямпа ў форме срэбнага голуба. Яна гарэла і струменіла тонкі духмяны пах.
Тадэвуш Шолта, прадставіўся нізенькі чалавечак, усміхаючыся і крывячыся. Так мяне завуць. Вы, канечне ж, міс Морстэн. А гэтыя джэнтльмены
Шэрлак Холмс і доктар Ўотсан.
Доктар, праўда? узрушана ўсклікнуў ён. У вас жа ёсць пры сабе стэтаскоп? Ці магу я вас папрасіць будзьце так ласкавыя Мяне сурёзна непакоіць мітральны клапан Зрабіце ласку Аорце я цалкам давяраю, а вось наконт мітральнага хацелася б пачуць вашае меркаванне.
Я праслухаў яго сэрца, але не здолеў знайсці ніякіх праблемаў, хіба што ён быў моцна чымсьці напалоханы, бо дрыжаў з галавы да ног.
Здаецца, мітральны ў норме, сказаў я, прычын для хвалявання няма.
Прабачце мне маю трывогу, міс Морстэн, бесклапотна сказаў Шолта. Я вялікі пакутнік і ўжо даўно маю наконт гэтага клапана пэўныя падазрэнні. Вельмі рады чуць, што яны беспадстаўныя. Міс Морстэн, калі б ваш бацька не напружваў так моцна сваё сэрца, ён быў бы цяпер жывы.
Згадка пра такую далікатную справу прагучала занадта груба і бесцырымонна, і я ледзь стрымаўся, каб не даць яму па твары. Міс Морстэн пабляднела збялелі нават яе вусны і прысела.
У глыбіні душы я ведала, што ён мёртвы, сказала яна.
Я магу пра ўсё вам расказаць, паведаміў ён, больш за тое, магу ўзнавіць справядлівасць, што б там брат Барталамю ні казаў. Я вельмі рады, што гэтыя джэнтльмены будуць не толькі вашымі спадарожнікамі, але і сведкамі таго, што я збіраюся вам сказаць і хутка скажу. Мы трое цудоўна зможам супрацьстаяць Барталамю. Але не варта ўцягваць сюды старонніх людзей паліцыю ці ўлады. Мы з усім парадзім без чужога ўмяшання. Розгалас можа раззлаваць Барталамю больш, чым што іншае.
Ён прысеў на нізкую канапу і запытальна паглядзеў на нас бляклымі вадзяніста-блакітнымі вачыма.
Што да мяне, сказаў Холмс, то магу вас упэўніць: што б вы ні сказалі, далей за мяне яно не пойдзе.
Я кіўнуў на знак згоды.
Ну і цудоўна! Проста цудоўна! сказаў нізенькі чалавек. Ці магу я прапанаваць вам бакал кянці, міс Морстэн? Можа, такайскага? Іншых вінаў не трымаю. Дык я адкаркоўваю? Не? Ну як сабе жадаеце. Спадзяюся, вы не маеце нічога супраць дыму, гэтага лёгкага гаючага водару ўсходняга тытуню? Я трошкі нервуюся, а мой бясцэнны кальян цудоўна мяне супакойвае.
Ён прымацаваў да вялікага сасуда трубку, і ў ружовай вадзе весела забулькатаў дымок. Мы размясціліся паўколам, выцягнуўшы галовы наперад і падпёршы рукамі падбароддзі, тым часам як наш дзіўны знерваваны гаспадар з высокай бліскучай макаўкай сеў у цэнтры і неспакойна запыхкаў дымам.
Калі я вырашыў упершыню адправіць вам пасланне, сказаў ён, то мог бы даць свой адрас, але пабаяўся, што вы не звернеце на маю просьбу ўвагі і прыведзяце якіх непажаданых людзей. А таму палічыў за лепшае арганізаваць нашую сустрэчу так, каб мой слуга Ўільямс мог спачатку на вас зірнуць. Яго абачлівасці я цалкам давяраю, і ён атрымаў інструкцыю нікуды вас не везці, калі штосьці падасца яму падазроным. Прашу прабачыць такія меры перасцярогі, але я вяду самотны і нават, можна сказаць, рафінаваны лад жыцця, а ўявіць сабе штосьці менш эстэтычнае, чым паліцэйскі, немагчыма. У мяне прыроджаная агіда да любых праяваў грубага матэрыялізму. Я рэдка дачыняюся з цёмным натоўпам. Як бачыце, я жыву ў атмасферы вытанчанасці і магу лічыць сябе апекуном мастацтваў. Гэта мая слабасць. Вось пейзаж арыгінальны Каро*, і калі гэтага Сальватора Розу* знаўца яшчэ можа паставіць пад сумнеў, то мой Бугро* не выкліча ў яго аніякіх пытанняў. Я нераўнадушны да сучаснай французскай школы.