На шчасце, паэт ачуняў. Шаўчэнка ў пачатку 1846 года канчаткова завяршае альбом сваіх твораў.
23 паэтычныя творы за тры гады 1843, 1844, 1845 заносіць ён у рукапісны зборнік і дае яму назву «Три літа». Адкрывае любоўна створаны альбом верш «Чигрине, Чигрине», напісаны 19 лютага 1844 года, а завяршае «Заповіт» ад 25 снежня 1845 года.
«Розрита могила» пачынаецца пытальнай інвектывай:
Ціхі свеце, мілы краю,
Мая Украіна,
За што цябе разбурылі,
За што, маці, гінеш?
Ці аб шчасці да світання
Бога не маліла,
Ці ты дзетачак прыстойным
Звычкам не вучыла?
Цяжкая хвароба ў канцы 1845 года і велізарнае псіхаэмацыйнае ўзрушэнне, выкліканае прадчуваннем смерці, схілілі Шаўчэнку да канчатковага выбару свайго лёсу. Ён бачыў сябе нацыянальным паэтам, духоўным правадыром свайго народа. Пра гэта сведчыць і аўтапартрэт шарж на адваротным баку малюнка Ераміі, а на старонцы трэцяй, пасля старонкі другой з загалоўкам, паэт падае эпіграф са Старога Запавету на царкоўнаславянскай мове пад назвай «Молитва Ієремії пророка».
Што сімвалізуе Ерамія і за што моліцца ён у Шаўчэнкі, над чым яго плач?
Пакліканне прарока будзіць закалыханы няволяй дух свайго народа, абуджаць яго свядомасць і весці яго за сабою праз церні выпрабаванняў для набыцця свабоды і нацыянальнай годнасці. Ерамія плача над лёсам габрэяў, якія трапілі за грахі бацькоў у няволю да сваіх былых рабоў. Князёў іхніх пакаралі смерцю, старэйшыны не ў пашане, моладзь знемагае на рабскай працы, а паэты-прарокі нямеюць. Цалкам выразная аналогія з Украінай, відавочная праекцыя вобраза біблейскага Ераміі на сваё як паэта і духоўнага правадыра нацыі пакліканне.
Складаючы «Три літа» гэты своеасаблівы дыялог з Богам пра Украіну, пра ўкраінскага чалавека, Тарас Шаўчэнка бачыў свой лёс як нацыянальнага прарока, адказнага за вывад з «егіпецкага палону» роднага народа нават коштам уласнага фізічнага быцця.
Паэту трыццаць адзін год, а ён хваравіта перажывае няўмольны лёт часу і баіцца «заснуць навекі», не пакінуўшы за сабой следу. Але яго болей палохае сон на волі, чым кайданы і смерць у няволі, таму ён моліць у Бога хоць злога лёсу, калі не заслужыў лёсу добрага:
Як добрага шкада, Божа,
Дай хоць злога! злога!
Яго болі і перажыванні ад крыўды, нанесенай Украіне, ад няшчасцяў свайго народа, нацыянальнай варожасці і заняпаду нацыянальнай душы.
Дазмагалася Ўкраіна
Да самога краю.
Горш за ляхаў свае дзеці
Яе распінаюць.
Малады Шаўчэнка перасцерагае ад братазабойчай варожасці, ад асляплення сумнеўнай славай, здабытай на полі крывавай помсты, бо кроў спараджае кроў, зайздрасць выклікае гвалт, гістарычнае забыццё прыводзіць да паўтарэння горкіх здрад і нацыянальных паражэнняў.
Перасцярога важная для Шаўчэнкі місія. Місія яго слова, яго «агню святога». Паэт бязлітасна аспрэчвае размежаванне нацыянальных сіл пад спакуслівы бляск лёгкай нажывы, асуджае грэшнае забыццё мінулых і цяперашніх чалавечых пакут, выклікае Божую кару на галовы тых, хто далей гатовы хадзіць у ярме, хто і далей распінае малодшага брата, імкнецца аддаць свой народ «на здзек суседзям».
Хваравітае рэагаванне Шаўчэнкі на трагічныя гістарычныя падзеі мела жыватворную мэту: праз суперажыванне мінулага, праз драматычныя раны да абуджэння нацыянальнай свядомасці, да маральнага ачышчэння, аздараўлення духу. Таму, лічыць ён, віну за рабства і спусташэнне варта бачыць перш за ўсё ва ўласных палітычных памылках, у перараджэнні ўкраінскай душы, у спрэчках, янычарстве, у здрадзе роднай нацыі, свайму народу.
Шаўчэнкавае слова вярталася ва Украіну для таго, каб абудзіць прыспаны нявольніцтвам дух, усяліць у свядомасць народа веру ў лепшы дзень, падняць нацыю на самаздзяйсненне, запаліць энергіяй тварэнне новага лёсу.
Ніколі і ні ў чым Шаўчэнка не ўзвышаў свой народ над іншымі, наогул не шукаў у ім рыс, уласцівых толькі яму і больш нікому. Ён быў не проста чалавекам, быў праўдзівым Чалавекам у прамым сэнсе гэтага слова, пры тым, што быў сынам свайго часу і свайго народа, падзяляў іх недахопы ў дробным, але ў вялікім ішоў на шмат гадоў наперадзе, пра некаторыя рэчы мог сказаць так, як мы сёння не выказаліся б, але гэта таму, што быў ён чалавекам праўды і не прыстасоўваўся да ідэальных уяўленняў, нават уласных. Не меў патрэбы ні цягнуцца да народа, ні нагінацца да яго, ні «дыялектычна» спалучаць адно з адным, як гэта даводзілася рабіць многім і многім людзям, выдатным, сумленным, але пастаўленым лёсам на вялікай і часта непераходнай адлегласці ад народа. Для яго народ не быў тэарэтычнай праблемай, ні нават шуканай кропкай апоры. Ён сам быў народ, таму што жыў яго жыццём і паняццямі.