Нацыянальная слава, веліч і хрысціянская вера хвалююць маладога паэта, і дзеля адраджэння гэтай славы і веры, дзеля адраджэння Украіны звяртае ён надзею да Бога.
Неяк Бог нам верне волю,
Разабе няволю,
верыць Шаўчэнка, але калі? На каго спадзявацца? На аднаго толькі Бога? Духоўна знясілены, дэмаралізаваны народ чакае прарочага знака ад Бога, яго блаславення на вызваленне. І паэт, як і біблейскі Давід, літаральна патрабуе:
Дзей, Божа,
Годзе Табе спаці,
Нашых горкіх слёз не бачыць,
Боль наш забываці!
Кангеніяльна ўзнаўляючы пафас Давідавых псалмоў, Шаўчэнка запытальна размаўляе з Усявышнім, заклікае яго звярнуць свой погляд на прыгнечаны народ, які не адчувае сіл, каб падняцца з каленяў і атрымаць свабоду.
Скарылася душа наша,
Ліха ў нашых хатах!
Устань, Божа, памажы нам
Зноў паўстаць на ката.
Завяршаецца цыкл псалмом 149-м своеасаблівым гімнам радасці, выкліканай вызваленнем з Вавілонскага палону. Персідскі цар Кір у 538 г. да н. э., заваяваўшы Вавілон, дазволіў габрэям вярнуцца на родную зямлю. Яны вярнуліся, каб аднавіць уласную дзяржаву і адрадзіць сваю веру.
Псалом новы Ўсявышняму
І новую славу
Апяём святым саборам,
Сэрцам свята справім
Пісаў Шаўчэнка «Давідавы псалмы» хворы. Творчае напружанне, эмацыйнае натхненне і страсць былі такімі моцнымі, так псіхалагічна вычарпалі маладога паэта, што ён за наступны, 1846 год напісаў толькі тры творы: «За що ми любимо Богдана?..», «Лілею» і «Русалку».
За чатыры дні да завяршэння «Давідавых псалмоў», а менавіта 14 снежня, Шаўчэнка звернецца да ўсіх украінцаў з горкімі словаміперасцярогамі ў пасланні «І мертвим, і живим, і ненародженим»:
Другой не знойдзеш Украіны,
Няма другога і Дняпра
Дзе пачуццё нацыянальнага гонару і гордасці, пытаецца паэт, дзе павага і любоў да роднай культуры, мовы, звычаяў у тых землякоў, якія «кайданамі мяняюцца, Праўдаю гандлююць. І Госпадам пагарджаюць», «аруць ліха. Ліхам засяваюць», хлусні пакланяюцца?
І хіліцеся, як заўсёды!
І зноўку шкуру дзераце
З братоў-аратых, недарэкаў
Абурэнне і гнеў Шаўчэнкі накіраваны супраць тых, хто здрадзіў Украіне, заразіўся «крывадушнасцю» для ўласнага ўзбагачэння. Паэт заклікае:
Спахапіцеся, варяты,
Юродзівых дзеці!
Паглядзіце на рай змяты,
На сваю краіну,
Палюбіце чыстым сэрцам
Збітую руіну,
Раскуйцеся, братайцеся
21 снежня таго ж 1845 года Шаўчэнка піша верш «Маленькій Маряні» журботна-пяшчотнае любаванне прыгажосцю, на якую глядзяць прагавітыя вочы. 22 снежня зяўляюцца «Три літа» паэзія вялікага болю і вялікага расчаравання ў людзях.
Вакол мяне, дзе ні гляну,
Не людзі змяюкі
І засохлі мае слёзы,
Слёзы маёй мукі.
Зараз я разбітае
Сэрца ядам мыю,
І не плачу, й не спяваю,
А савою выю.
Між тым паэта напаткала цяжкая хвароба, і яго перавозяць у Пераяслаў, пад апеку лекара і выкладчыка медыцыны ў мясцовай семінарыі А. Казачкоўскага. Адчуваючы пагрозу смерці, паэт запісвае на лісце паперы словы свайго «Запавета». Але ў шаснаццатым радку яго рука спыняецца на імгненне напэўна, нялёгка было Шаўчэнку выказаць: «а датуль я Не ведаю Бога».
Пакуль не зявілася сямя вялікая ўкраінская, сямя вольная, новая, датуль паэт не бачыць Божай праўды і не гатовы паўстаць перад Богам, яго душа павінна заставацца на зямлі, быць сярод сваіх людзей, несці цяжкую эпітымю за зло і няволю.
Шаўчэнка то цярпліва, то дзёрзка гаворыць з Богам, то просячы, то патрабуючы адказу. Гэтыя адказы выспяваюць у яго свядомасці, і паэт адважваецца сказаць Госпаду ўсё. Усё, што вымучвае яго сумленне, што выпякае душу сорамам за пагарджаны ўкраінскі народ, што абуджае яго перажыванні, налівае гневам яго пачуцці, кліча яго на барацьбу з тым татальным злом, якое накрыла яго Украіну. Гэта не богазнявага, не, гэта шчырасць і пафас біблейскіх прарокаў.
На шчасце, паэт ачуняў. Шаўчэнка ў пачатку 1846 года канчаткова завяршае альбом сваіх твораў.