Прайшло пятнаццаць гадоў з таго часу, як ён пакінуў Украіну. Вярнуўся вольным чалавекам, знакамітым паэтам і жывапісцам. Канец вясны, усё лета і ўсю восень 1843 года Шаўчэнка правёў ва Украіне.
На Палтаўшчыне Шаўчэнка пабываў у прыяцеля і сябра па Пецярбургу Я. Грэбінкі уладальніка хутара Убежышча, які прывёз маладога мастака і паэта на імянінны баль памешчыцы Т. Валхоўскай, які яна давала штогод у сваім маёнтку ў вёсцы Мойсеўка. Там, на гэтай штопаўгадавой сустрэчы-свяце тагачаснай эліты Украіны, Шаўчэнку сустракалі з захапленнем як нацыянальнага паэта. Там Шаўчэнка пазнаёміўся з такімі дзеячамі ўкраінскай літаратуры, навукі і мастацтва, як А. Афанасьеў-Чужбінскі, А. Капніст, М. Маркевіч, Я. дэ Бальмен, М. Башылаў, В. Закрэўскі, П. Лукашэвіч. У Мосеўцы ён сустрэў Ганну Закрэўскую можа, найбольшае каханне ў яго жыцці.
Ва Украіну Шаўчэнка прывёз альбом, заснаваны ў Акадэміі мастацтваў. У ім і маляваў эскізы афортаў для «Живописної України».
Ва Украіне паэт напіша яшчэ адну паэму рускамоўную «Тризну», якую прысвяціў князёўне Варвары Рапніной.
Тады ж, у годзе 1843-м, 9 кастрычніка, Шаўчэнка ў маёнтку П. Лукашэвіча ў Беразані напісаў верш «Розрита могила» твор вялікага нацыянальна-патрыятычнага болю і спадзявання.
Пабываў Шаўчэнка на знакамітых «кантрактавых кірмашах» у Кіеве, наведаў першага рэктара новага ўніверсітэта М. Максімовіча, пазнаёміўся з П. Куляшом. Далей яго шлях праслаўся да Мяжыгорскага Спаса, на востраў Хорціцу.
Перажыванні ад убачанага і пачутага ва Украіне былі эмацыйна глыбокімі і спарадзілі такія паэтычныя шэдэўры, як «Чигрине, Чигрине», паэмы «Сон» («У кожного своя доля») і «Сова». У разлуцы з Украінай, на чужыне, яна згадвалася яму ў настальгічнарамантычных фарбах. Цяпер жа, убачыўшы сумную рэальнасць, ён больш цвяроза асэнсоўвае яе сацыяльныя і нацыянальныя беды; у яго паэзіі мацнеюць выкрывальныя і сатырычныя матывы; антыпрыгонны, антыманархічны і антыкаланізатарскі пафас яго паэзіі дасягае вышынь вострых інвектыў, сатырычных экспрэсій і балесных перажыванняў.
Другі раз прыехаў Тарас Шаўчэнка ва Украіну ў красавіку 1845 года. Адправіўся ён у родны край як «вольны мастак» ад Акадэміі мастацтваў, падарожнічаў па Украіне з паўнамоцтвамі супрацоўніка Кіеўскай археаграфічнай камісіі, і яго дарогі праляглі ў Берасцечка, Астрог, Луцк, Крэмянец і Пачаеўскі манастыр, на Палтаўшчыну і на Падолле, у Нежын і ў Пераяслаў
Якія гэта былі творча плённыя, натхнёныя месяцы і гады! Пэндзаль і аловак вабяць творчае ўяўленне Шаўчэнкі з не менш неміласэрным запалам, чым вобразнае слова.
Альбомы Шаўчэнкі маюць розны лёс пра адны вядома больш, пра іншыя менш, некаторыя патрапілі да прыватных асоб, іншыя да паліцэйскіх архіваў. Апошнія былі вызваленыя з-пад арышту толькі ў 1906 годзе па хадайніцтве сенатара А. Маркевіча сына гісторыка М. Маркевіча.
Шаўчэнкавы альбомы суцэльныя мастацка-літаратурныя сведчанні творчага жыцця мастака, паэта, якія выяўляюць яго цікавасць да гісторыі, этнаграфіі, археалогіі, фальклору, краязнаўства. Гэта ўнікальная скарбніца, якая захоўвае невычэрпныя магчымасці для пазнання жыццёвага і творчага лёсу Шаўчэнкі, яго мастацкіх задумаў і прывабаў, захапленняў і інтарэсаў, надзей і жаданняў, яго нерэалізаваных імкненняў, якія былі так жорстка абарваныя і не адкрылі цалкам каласальных магчымасцяў духоўнай рэалізацыі нацыянальнага генія.
З асаблівай яркасцю паказалі гэтыя магчымасці кастрычнік снежань 1845 года, калі былі напісаныя пятнаццаць надзвычай эмацыйных, палітычна вострых твораў.
19 снежня 1845 года ва Уюнішчы пад Пераяславам, гасцюючы ў прыяцеля Сцяпана Самойлава і раскашуючы сярод кніг яго багатай бібліятэкі, Шаўчэнка завяршыў паэтычны цыкл «Давидові псалми».
Вялікі сімвалічны сэнс тоіцца ў звароце Шаўчэнкі да гэтых песень, якія, па Бібліі, пастух Давід пачаў складаць і выконваць пад акампанемент псалтыры струннага музычнага інструмента.
Аб чым думаў малады Шаўчэнка, перачытваючы ва Уюнішчы Псалтыр, які ён ведаў з дзяцінства, па якім вучыўся грамаце, які чытаў над памерлымі? Чаму менавіта гэтыя, а не іншыя (а іх у Бібліі 150, з іх 73 належаць Давіду) песні Шаўчэнка абраў для перакладу? Старажытны горад Ерусалім сімвалізуе ў Шаўчэнкі Украіну, якую ён ніколі не забудзе на чужыне. А сваю цярністую Галгофу ён прадчувае, прадугледжвае.
І калі цябе забуду,
О Ерусаліме,
Забыт буду, пакінуты
Ў рабстве на чужыне.
І язык мой анямее,
Высахне, рухавы,
Як забуду памянуць я
Цябе, наша слава.
Нацыянальная слава, веліч і хрысціянская вера хвалююць маладога паэта, і дзеля адраджэння гэтай славы і веры, дзеля адраджэння Украіны звяртае ён надзею да Бога.