Слова, якое толькі плача, у смутку і тузе калыша ўспаміны, а не акрыляе дух, не напаўняе чалавека і нацыю энергіяй самаздзяйснення, для паэта мёртвае.
Шаўчэнкавае слова ўваскрашае гістарычныя падзеі, факты такімі эстэтычнымі сродкамі, каб спачатку разбурыць стэрэатыпы іх успрымання, а затым гэтую падзею або факт падаць у новай інтэрпрэтацыі. Для гэтага паэт пашырае карціну першапрычын і развіцця зявы. Вымярэнні гісторыі, іх свядомае сутыкненне ў Шаўчэнкі накіраваныя на тварэнне цэласнага ўяўлення аб той ці іншай падзеі, зяве, фігуры (Хмяльніцкі, разбурэнне Сечы, Калііўшчына). Асэнсоўваныя Шаўчэнкам падзеі нібы ахутваюцца духоўнай энергіяй унутранага ўгадвання-спазнання ім сапраўдных глыбінь і зместу гістарычных зяў і працэсаў. Так, у паэме «Гайдамакі» паэт «паварочвае» падзеі мінулага трагічным бокам і пераасэнсоўвае ўражанні і «сведчанні» ўдзельнікаў Калііўшчыны. Ён перарывае плынь гістарычнага аповеду, каб, уплятаючы ў яе тканіну глыбокія аналогіі, асацыяцыі і ўласны ацэначны погляд, стварыць рухомую сістэму мастацкіх сувязяў, якая нараджае новыя ўспрыманні і ацэнкі.
Гайдамацкі «чырвоны баль» па ўсёй Украіне для Шаўчэнкі не толькі справядлівая помста за прыгнёт і здзекі, але і глыбокая рана ў душы і свядомасці ўкраінскага народа. Яго трагедыя заключалася таксама ў супрацьстаянні праваслаўнай і ўніяцкай веры, у рэлігійнай разяднанасці этнічных украінцаў, якую ўсяляк узмацняла і культывавала польская шляхта. З глыбокім болем піша паэт пра жорсткае ліхалецце:
Не спыніла завіруха
Пякельнае кары
. . . .
Пекла мала!.. Людзі, людзі!
Калі ж досыць будзе
Таго дабра, што маеце?
Дзіўныя ж вы, людзі!
Не спыніла вясна крыві,
Ні злосці людское
Шаўчэнка славіць правадыроў свайго народа за іх ахвярнасць, мужнасць і сілу духу, за веру ў незалежную Украіну і адначасова папракае за разлад і неапраўданыя кампрамісы, за паражэнні, якія прывялі да нацыянальнага бяссілля, палітычнай пасіўнасці:
Гетманы, гетманы, калі ж бы вы ўсталі,
Калі б паглядзелі на той Чыгірын,
Што вы будавалі і дзе панавалі!
Заплакалі б цяжка, бо вы б не пазналі
Казацкае славы нікчэмных руін.
Паэт рыдае, успамінаючы «справы незабытыя дзядоў нашых». Гэта «цяжкія справы», бо пралівалі яны кроў сваю, свайго народа «за Маскву і Варшаву» і перадалі сынам «свае кайданы, сваю славу!».
Вялікія творчыя намеры маладога Шаўчэнкі і Шаўчэнкі-старэйшага, бязлітасна прыгнечанага шматгадовай няволяй, жывуць таксама на старонках яго вядомых на сёння пяці альбомаў нататнікаў «штамбухаў» для малюнкаў, эскізаў і запісаў. «Я малюю цяпер Украіну, піша Шаўчэнка 29 чэрвеня 1844 года Восіпу Бадзянскаму. Намалюю краявіды, што ёсць ва Украіне, ці то гісторыяй, ці прыгажосцю адметныя; у другі раз як сённяшні народ жыве, у трэці як ён калісьці жыў і што вырабляў».
Пакінуць Пецярбург Шаўчэнка змог толькі ў траўні 1843 года, хоць мара ўбачыць Украіну ўзбуджвала яго творчае ўяўленне і нецярпліва зазывала ўзнавіць вобраз роднага краю ў серыі афортаў «Живописна Україна».
Ён просіць грашавітых людзей, тых, хто мае «і сілу і славу» і любіць «тую краіну, што я цяпер узяўся маляваць», дапамагаць яму. Шаўчэнка верыць, што калі «добрыя людзі скінуцца і дапамогуць, тады ажыве наша краіна хоць на паперы».
Планы мастака Шаўчэнкі велічныя і патрыятычныя: «Калі б мне Бог дапамог закончыць тое, што я цяпер пачаў, ужо тады склаў бы рукі і ў труну. Было б з мяне: не забыла б Украіна мяне мізэрнага», піша ён у лісце да Міколы Цэртэлева 23 верасня 1844 года.
Ён спадзяецца наведаць роднае сяло Кірылаўку, бліжэй пазнаёміцца з культурнымі людзьмі Украіны, пабываць у сяброў нашчадкаў казацкай старшыны Чарнігаўскай і Палтаўскай губерняў, убачыць новаствораны ўніверсітэт у Кіеве.
На Чарнігаўшчыне паэта-мастака чакаў Г. Тарноўскі гаспадар знакамітай Качанаўкі, дзе была сабраная вельмі каштоўная бібліятэка і вялікая карцінная галерэя.
Прайшло пятнаццаць гадоў з таго часу, як ён пакінуў Украіну. Вярнуўся вольным чалавекам, знакамітым паэтам і жывапісцам. Канец вясны, усё лета і ўсю восень 1843 года Шаўчэнка правёў ва Украіне.
На Палтаўшчыне Шаўчэнка пабываў у прыяцеля і сябра па Пецярбургу Я. Грэбінкі уладальніка хутара Убежышча, які прывёз маладога мастака і паэта на імянінны баль памешчыцы Т. Валхоўскай, які яна давала штогод у сваім маёнтку ў вёсцы Мойсеўка. Там, на гэтай штопаўгадавой сустрэчы-свяце тагачаснай эліты Украіны, Шаўчэнку сустракалі з захапленнем як нацыянальнага паэта. Там Шаўчэнка пазнаёміўся з такімі дзеячамі ўкраінскай літаратуры, навукі і мастацтва, як А. Афанасьеў-Чужбінскі, А. Капніст, М. Маркевіч, Я. дэ Бальмен, М. Башылаў, В. Закрэўскі, П. Лукашэвіч. У Мосеўцы ён сустрэў Ганну Закрэўскую можа, найбольшае каханне ў яго жыцці.